Не згасне святло кніг

Вось ужо 9 год наша краіна 15 верасня святкуе Дзень бібліятэк. Бібліятэка – старэйшы інстытут пісьменнасці, асветы, культуры, гэта самая дэмакратычная сацыяльна-культурная ўстанова, якая дае доступ насельніцтву да ведаў, інфармацыі, культуры і адукацыі, садзейнічае развіццю ўсіх галін навукі і вытворчасці. Мяняецца час, але не змяншаецца сацыяльная значнасць і запатрабаванасць кнігі, а з ёй – і бібліятэкі.

Клецкая ЦБС аб’ядноўвае 41 бібліятэку, якія штогод наведваюць звыш 21 тысячы чытачоў. Установы нашай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы прапаноўваюць сваім карыстальнікам  кніжныя фонды, якія налічваюць больш за 300 тысяч экзэмпляраў выданняў – кнігі, перыёдыка, электронныя дакументы. Цэнтральная раённая бібліятэка з’яўляецца каардынуючым і арганізацыйным цэнтрам для ўсіх бібліятэк раёна, сама яна абслугоўвае каля 3300 чытачоў. Да іх паслуг – чытальная зала, абанемент, публічны цэнтр прававой інфармацыі, камерцыйны фонд і фонд электронных дакументаў, ёсць таксама фонд літаратуры для слабабачачых карыс­тальнікаў на аўдыакасетах. Калектыў бібліятэкі працуе над стварэннем камфортных умоў для сваіх наведвальнікаў і імкнецца стаць інфармацыйнай установай для жыхароў горада і раёна. Да іх паслуг – фонды звыш 36 тысяч экзэмпляраў выданняў, сярод якіх 45 найменняў часопісаў і 19 назваў газет. Апошнім часам жыццё імкліва мяняецца, пашыраюцца функцыі бібліятэк, актыўна ідзе працэс камп’ютарызацыі. Цэнтральная бібліятэка мае сучасны сканар, ксеракс, пяць камп’ютараў, забяспечана выхадам у інтэрнэт, падключана электронная пошта. З пачатку гэтага года функцыянуе ўласны сайт. Да таго ж, бібліятэка прапануе 10 дадатковых платных паслуг.

Цікавыя здабыткі і творчыя задумкі маюць клубы па інтарэсах, якія працуюць пры ЦБ. Прыхільнікаў здаровага ладу жыцця на свае пасяджэнні збірае культурна-аздараўленчы клуб “АІР”, творча працуе літаратурна-музычная гасцёўня “Субяседнік”, кіраўніком якіх з’яўляецца бібліятэкар аддзела  абслугоўвання і інфармацыі Алена Ляшкевіч. Сваіх прыхільнікаў мае шахматна-шашачны клуб “Дэбют”, ня­зменным кіраўніком якога з’яўляецца загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Уладзімір Раманаў, сам вялікі аматар гэтай гульні. Юнацкі клуб “Равеснік” пад кіраўніцтвам бібліятэкара Алены Войцік збірае старшакласнікаў школ горада.

Калектыў гэтай установы знаходзіцца ў пастаянным творчым пошуку, штогод удзельнічае ў прафесійных конкурсах і мае неблагія вынікі. Не выключэнне і сёлетні год. Цэнтральная бібліятэка стала пераможцай у абласным аглядзе-конкурсе  на лепшы інфармацыйны стэнд сярод устаноў культуры і ўзнагароджана Ганаровай граматай Мінскага абласнога выканаўчага камітэта.

Сваеасаблівай візітнай карт­кай бібліятэчнай сістэмы раёна з’яўляецца аддзел бібліятэчнай рэкламы і маркетынгу. Намаганні яго супрацоўнікаў накіраваны на павышэнне прафесійнага ўзроўню бібліятэкараў раёна, выхаванне творчых адносін да працы, на якасную рэкламу фондаў і паслуг, стварэнне іміджу ўстаноў праз сродкі масавай інфармацыі. У арсенале мерапрыемстваў па павышэнні кваліфікацыі атрымалі распаўсюджванне се­мінары, нарады, практыкумы, круглыя сталы, дзелавыя гульні. Для пачынаючых супрацоўнікаў працуе “Школа маладога бібліятэкара”. Аддзел – ініцыятар і творца цікавых бібліятэчных спраў, рэгенератар новых ідэй, стваральнік прафесійных праграм і праектаў.

Аддзел камплектавання і  апрацоўкі кніжных фондаў асаблівую ўвагу надае яго якаснаму папаўненню. З 2000 года вядзе апрацоўку дакументаў у аўтаматызаваным рэжыме. Сфарміраваны электронныя базы дадзеных “Аналітыка”, “Рэтраспекцыя”, “Новыя паступленні”.

Развіццю творчага патэнцыяла, духоўнасці насельніцтва рэгіёна, павышэнню яго культуры, адукацыі і інфармаванасці па разнастайных пытаннях жыццядзейнасці садзейнічаюць сельскія бібліятэкі раёна. Згодна з ”Праграмай  адраджэння і развіцця вёскі на 2005-2010 гады” ў аграгарадках працуюць 13 бібліятэк, якія абслугоўваюць у 31 населеным пункце 70% сельскіх жыхароў. Камплектаванне гэтых устаноў вядзецца  мэтанакіравана і вызначаецца аграрным профілем. У асноўным гэтыя бібліятэкі забяспечаны камп’ютарным абсталяваннем, ёсць выхад у інтэрнэт, функцыянуе электронная пошта, яны тэлефанізаваны. Карацкая СБК, Лазавіцкая, Кухчыцкая, Морацкая СБ аснашчаны сучаснымі МФУ. Для аператыўнага забеспячэння дакументамі прававой тэматыкі ў Заастравецкай і Янавіц­кай сельскіх бібліятэках створаны Публічныя цэнтры прававой інфармацыі, абнаўленне базы якіх здзяйсняецца штоквартальна. Павышэнню інфармацыйнага патэнцыялу чытачоў бібліятэк аграгарадкоў садзейнічаюць перыядычныя выданні. Кожная ўстанова атрымлівае па 23 часопісы і 11 газет.

Краязнаўчая работа бібліятэк раёна мае мясцовыя арыенціры. Бібліятэчнымі ўстановамі сабраны багаты краязнаўча-этнаграфічны матэрыял, сфарміраваны фонды, створаны куткі, напісаны летапісы вёсак, гаспадарак, бібліятэк. Багаты этна­графічны матэрыял сканцэнтраваны ў Логнавіцкай, Узножскай СБК, Сіняўскай, Галавацкай, Зубкаўскай СБ, дзе створаны куткі побыту старадаўніх часоў. Актыўна працягваецца фальклорна-этнаграфічная тэматыка ў рабоце шэрагу клубаў па інтарэсах і аматарскіх аб’яднанняў: “Родны край” (Янавіцкая СБ), “Спадчына” (Тучанская, Сіняў­ская СБ), “Нашчадкі” (Галынкаўская СБ), “Бацькаўшчына” (Логнавіцкая СБК). З мэтай выхавання патрыятызму і гонару за родны край распрацавана края­знаўчая праграма “Зямля бацькоў – майго жыцця крыніца”.

Традыцыйна ў летнія месяцы сумесна з СДК, сельвыканкамамі, адміністрацыяй і ідэалагіч­ным актывам гаспадарак праводзяцца святы вуліц і вёсак. Падтрымліваюцца цесныя сувязі з Музеем гісторыі Клеччыны, края­знаўцамі і старажыламі краю, актыўна прапагандуецца спадчына пісьменнікаў-землякоў.

На лепшых прыкладах айчыннай літаратуры і жывой памяці народа будуецца работа бібліятэк па героіка-патрыятычным выхаванні. Тэма гераізму і подзвігу асабліва актуальна ў год святкавання 65-годдзя нашай славутай Перамогі. Ва ўсіх установах раёна аформлены кніжныя выставы, тэматычныя паліцы, праведзены прэзентацыі кніг, урокі мужнасці. Асаблівую увагу супрацоўнікі надаюць ветэранам Вялікай Айчыннай вайны: наведваюць дома, дапамагаюць, запрашаюць на мерапрыемствы.

Аб узроўні культуры ў грамадстве можна меркаваць па адносінах да людзей сталага ўзросту. Кожны чацвер здзяйсняецца індывідуальнае абслугоўванне дома тых жыхароў, хто мае ў гэтым патрэбу. Месцам цікавых сустрэч сталі клубы “Залаты ўзрост” (Мервінская СБК), “Чулае сэрца” (Узногская СБК), “Міласэрнасць” (Масцілавіцкая СБ). Найбольш цесна супрацоўнічаюць з Тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Масцілавіцкая і Межнаслабадская СБ.

З 2010 года пачала работу перасоўная бібліятэка-бібліобус. Графік руху складае 6 маршрутаў і абслугоўвае жыхароў аддаленых вёсак. Здзяйсняюцца два выязды ў месяц. Рыхтуюцца мерапрыемствы комплекснага тыпу: невялічкая канцэртная праграма, абмен кніг і часопісаў, жыхары атрымліваюць адказы на цікавячыя іх пытанні.

Змястоўная і цікавая работа вя­дзецца ў экалагічным накірунку. Па мэтавай праграме “Экалогія пачынаецца з душы” працуе Заастравецкая СБ, дзе экалагічнае выхаванне пачынаецца з інтэр’ера ўстановы. Бібліятэка – неаднаразовы ўдзельнік конкурсаў па экалагічнай адукацыі і інфармаванні насельніцт­ва. А вынік удзелу – прызавыя месцы, дыпломы, грашовыя прэміі. Добрыя здабыткі ў эколага-асветніц­кай рабоце маюць Зубкаўская, Кухчыцкая, Шчэпіцкая, Сіняўская, Рассветаўская СБ, Кунцаўская СБК.

Бібліятэчныя ўстановы раёна імкнуцца садзейнічаць агульнаадукацыйнаму, культурнаму развіццю чытача, таму працуюць у добрым творчым кантакце са школамі, ладзяць сумесныя мерапрыемствы. Стала ўжо добрай традыцыяй святкаванне Дня беларускага  пісьменства, Дня ведаў. Актыўна працуюць у гэтым накірунку Цэнтральная дзіцячая, Галавацкая, Даматканавіцкая, Грыцэвіцкая, Сякерыцкая, Чырвоназоркаўская бібліятэкі.

Работа бібліятэк сістэмы з дзіцячым чытачом прадугледжвае далучэнне іх да сусветных кніжных скарбаў, дапамогу ў педагагічным працэссе, арганізацыю змястоўнага вольнага часу. Супрацоўнікі  дзіцячай бібліятэкі ставяць сваёй мэтай развіццё творчых здольнасцей асобы, выяўленне таленавітых дзяцей. Бібліятэка абслугоўвае  чытачоў трох гарадскіх школ. Цікавай і запатрабавальнай формай за­стаецца работа клубаў па інтарэсах: літаратурна-музычны “Імяніннік” для самых маленькіх, для сярэдняга ўзросту – літаратурна-пазнавальны  клуб “Чабарок”, для юных мастакоў, паэтаў, музыкаў – літаратурна-музычная гасцёўня “Натхненне”. У сельскіх бібліятэках раёна склалася пэўная сістэма далучэння да кнігі і чытання дзіцячага насельніцт­ва: арганізацыя экскурсій, дзён бібліятэк, свят дзяцінства, конкурсаў летняга чытання, работа клубаў і гурткоў па інтарэсах. Кожная бібліятэчная ўстанова мае дзіцячы куток.  Асабліва ярка акрэслілася тэндэнцыя стварэння аднайменных пакояў. Найбольш цікавыя – з прымяненнем вырабаў з прыроднага матэрыялу, фігурак казачных персанажаў, элементаў дэкаратыўна-пры­кладнога мастацтва – аформлены ў Янавіцкай, Галавацкай, Рассветаўскай СБ. Дзеці любяць тут бавіць вольны час, яны нібы трапляюць у казачны цікавы свет.

Кожны супрацоўнік бібліятэкі імкнецца зрабіць сваю ўстанову прыгожай і прывабнай для наведвальнікаў. Шмат для гэтага яны ствараюць уласнымі рукамі. У сапраўдныя кветкавыя аранжарэі пераўтвораны Заастравецкая, Янавіцкая, Кухчыцкая, Зубкаўская, Шчэпіцкая СБ. Яшчэ  хочацца адзначыць прафе­сійнае майстэрства і добры эстэтычны густ мастака-афарміцеля  Міхаіла Аляксейчыка, які робіць нашы ўстановы прыгожымі і непаўторнымі.

Паважаныя калегі! Шаноўныя чытачы! Ветэраны бібліятэчнай справы нашага раёна! Са святам вас – Днём бібліятэк! З душэўнай цеплынёй і сардэчнай прыязнасцю дазвольце выказаць шчырыя словы падзякі за ваш высокі прафесіяналізм і талент, руплівую, плённую працу, за вашу вы­трымку і мудрасць, за тое, што вы­бралі такую цудоўную і паважаную прафесію. Добрага вам здароўя, любові вашых блізкіх і сяброў, спакою і дабрабыту ў сем’ях, павагі чытачоў, цікавых і прыемных сустрэч з сапраўднымі знаўцамі кніг. Дарыце людзям радасць, дабро і любоў.

Людміла Цімавец,

дырэктар Клецкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы.

Фота Яўгеніі Семянчук.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *