З клопатам да справы, з адказнасцю да жыцця

Ледзь толькі празвінеў школьны званок, які абвясціў аб пачатку новага навучальнага года, толькі рабяты селі за парты пасля працяглага адпачынку і настроіліся спасцігаць новыя веды,  як сельгаскааператывы выклікалі малады рабочы дэсант на дапамогу. Вядома ж, восень – непрадказальная пара года: то яна ласкава пестуе сваім пакуль яшчэ цёплым сонейкам, то шчодра адорвае праліўнымі дажджамі. Таму і імкнуцца сельскія гаспадарнікі максімальна эфектыўна выкарыстаць кожную пагодлівую хвіліну. І без рабочых  рук, безумоўна, тут не абысціся. Падшэфныя, як і заўсёды, не адмовілі, бо разумеюць:  убраць своечасова другі хлеб –  справа агульная. У аўторак бульбяныя палеткі Клеччыны ажывіліся гоманам дзятвы.

Работа ў сельгаскааператывах рабят асабліва не абцяжарвае, тым больш, па-праўдзе кажучы, для іх гэта яшчэ адна магчымасць адцягнуць напружаныя школьныя будні як мага надалей. А вось для настаўнікаў сельгасработы – вялікі галаўны боль. Акрамя таго, што прыйдзецца ў спешцы наганяць упушчанае па праграме, дык і адказнасць за дзяцей на гэты перыяд узмацняецца ў разы. Суправаджэнне вучняў на транспарце, работы ў палявых умовах і, зноў жа, побач з сельгастэхнікай. Як зрабіць так, каб вымушаны “водпуск” нішто не азмрочыла, аб чым неабходна ведаць усім: і настаўнікам, і вучням, і вадзіцелям, якія задзейнічаны ў сельгасработах? На якія моманты трэба звярнуць асаблівую ўвагу, каб пазбегнуць непрыемнасцей? Аб гэтым мы  павялі гаворку з галоўным спецыялістам аддзела механізацыі, будаўніцтва і кант­ролю ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Андрэем Мікалаевічам Мікулічам:

– І сапраўды, без дапамогі школьнікаў на сяле цяпер не абысціся. Для ўборкі бульбы і другой сельгаспрадукцыі ў раёне сёлета будзе задзейнічана каля 900 навучэнцаў з агульнаадукацыйных устаноў раёна і СПЛ. Для перавозкі дзяцей прыцягнута 23 адзінкі тэхнікі: аўтобусы як з саміх сельскіх гаспадарак, так і аўтабазы райспажыўтаварыства і некаторых школ. Таму хочацца нагадаць, што вадзіцелям падчас дастаўкі дзяцей да месца работ і назад неабходна строга пры­трымлівацца патрабаванняў Правіл дарожнага руху, зацверджаных пастановай Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь.

– Андрэй Мікалаевіч, хто павінен праводзіць з дзецьмі інструктажы па ахове працы?

– Адказнасць за захаванне жыцця дзяцей нясуць усе, а таму не лішнім будзе нагадаць аб элементарных правілах паводзін у транспарце і на саміх палетках як бацькам, так і настаўнікам. Не дарэмна ж у народзе кажуць: “Сцеражонага і Бог беражэ”. Аднак найперш за гэта адказваюць інжынеры па ахове працы гаспадарак ці спецыялісты, на якіх накладаюцца гэтыя абавязкі. Яны і праводзяць уводны інструктаж па ахове працы з абавязковай рэгістрацыяй у журнале інструктажоў. Пярвічны – непасрэдна на рабочым месцы з дэманстрацыяй небяспечных метадаў працы – праводзіцца таксама адказным спецыяліс­там (брыгадзірам) і дакладна па праграме, якая ўлічвае асаблівасці выканання работ і патрабаванні прававых актаў па ахове працы.

– Якія дзейнічаюць забароны для дзяцей у час выканання імі сельгасработ?

– Забараняецца прыцягваць вучняў да работы больш адведзенага часу. Яе працягласць  для непаўналетніх ва ўзросце ад 14 да 16 год павінна складаць не больш за 4 гадзіны 30 хвілін, ва ўзросце ад 16 да 18 год – не больш за 7 гадзін. Акрамя таго, не дапускаецца падняцце грузаў уручную, якія перавышаюць нормы максімальна дапушчальных (дзяўчатам ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў 3-7 кг, хлопцам такога ўзросту –  6-16 кг,  дзяўчатам 17-гадовага ўзросту – 8 кг, хлопцам – не больш за 18 пры чаргаванні розных відаў работ). Таксама забараняецца загружаць транспарт у час яго руху. Пры пераездзе транспартнага сродка з аднаго месца ў другое нельга знаходзіцца ў яго кузаве ці на сцэпцы платформаў.

– Дзякуй за гутарку, Андрэй Мікалаевіч. Ну а я яшчэ раз хачу нагадаць, што толькі захаванне ўсіх правіл бяспекі з’яўляецца залогам жыцця і здароўя дзяцей.

Святлана Орпель.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *