Волька, Волечка, Вольга Паўлаўна…

Люблю дзяцей. Люблю сваіх і чужых вучняў, суседскіх сыночкаў і дачушак. Люблю назіраць за тым, як яны падрастаюць, дужэюць, сталеюць, выбіраюць свой жыццёвы шлях. Радуюся іх поспехам, любуюся імі, шчыра ганаруся іх удачамі і дасягненнямі. Захапляюся іх душэўнай вышынёй.
…Ведаю гэту дзяўчынку яшчэ з дашкольнага ўзросту, гэтак жа, як хлопчыка, які праз гады стаў яе мужам – яны абодва аднагодкі маёй дачкі. Маленькая Волечка была дзівосна прыгожай і вясёлай. Вочкі, банцікі, радасная ўсмешка – усё стварала агульны вобраз нейкага рухомага сонечнага зайчыка.
Калі я гляджу на яе сённяшнюю – высокую і падцягнутую, строгую дарослую інтэлектуалку – здзіўляюся, наколькі яна змянілася. Да непазнавальнасці. А найбольшая радасць для мяне тое, кім і чым яна стала.
Узорным ансамблем народнай песні “Дзянніца” Клецкай дзіцячай школы мастацтваў Вольга Нупрэйчык займаецца з 2002 года. Яна ж сама яго і стварыла. Шчыра ўлюблёная ў народную песню, педагог здолела зацікавіць ёю падлеткаў, зрабіць заняткі ў ансамблі не толькі прыцягальнымі, але і прэстыжнымі (і гэта ў час павальнага захаплення моладзі сучаснай поп-культурай!). У яе выхаванцаў гараць вочы і, здаецца, працуе кожны мускул. У нашым сяле некалі сказалі б: “Ну, здаецца, зараз са шкуры вылужацца!”.
Першым сур’ёзным выпрабаваннем і першай вялікай радасцю стаў для “Дзянніцы” 2007 год – адкрыты музычны конкурс у Брэсце. Дыплом I ступені. Потым былі Дыпломы I ступені на конкурсах у Стоўбцах і Ляхавічах (2009 г.), III ступені – у 2008 і 2011 гг. (Барысаў і Мінск адпаведна).
Бывала здараецца, што творчы чалавек ці калектыў з цягам часу крышку запавольвае рух і жыве былымі заслугамі. Ну, гэта не пра “Дзянніцу”! Яна толькі “набірае абароты” і раскручваецца. 2012 – Гран-пры на XII дзіцячым фестывалі “Альбуцкая крынічка”; 2011 – Дыплом III ступені на адкрытым конкурсе дзіцячай і юнацкай творчасці “Новое движение”; 2012 – Дыплом I ступені на конкурсе “Новое движение”.
Агульная колькасць узнагарод “Дзянніца” як быццам і не падлічвала скурпулёзна, але, як кажуць дзеці – да шасцідзесяці. (Сцяна над фартэпіяна ўся ў рамках!)
Рэпертуар ансамбля – багаты і разнастайны. Народныя песні і беларускіх кампазітараў набываюць у выкананні “Дзянніцы” непаўторны каларыт, дзякуючы арыгінальным апрацоўкам і аранжыроўкам. Мясцовы фальклор, абрадавыя песні, кампазіцыі з выкарыстаннем этнаінструментаў і харэаграфіі, акапэльныя спевы – чаго там толькі не створана! Кіраўнік “Дзянніцы” – выдатны педагог па вакалу. Многія яе вучні – лаўрэаты і дыпламанты рэспубліканскіх і абласных конкурсаў, студэнты сярэдніх і вышэйшых навучальных устаноў культуры.
Калі я глядзела ў запісе выступленне “Дзянніцы” на X фестывалі народнай творчасці Мінскай вобласці ў Мар’інай Горцы 6 кастрычніка 2012 года, мне здавалася, што я і сама зараз “са шкуры вылужуся”. Песня “У яры” ўтрымлівала ў сабе спалучэнне як быццам бы неспалучальных элементаў: вакал, сцэнічны рух, харэаграфія з выкарыстаннем пластыкавых бутэлек, брэйк-данса (Ягор Шалік і Андрэй Тупальскі). Гэта было непаўторна! Гран-пры фестывалю і “Газэль” у падарунак – абсалютна заслужаная ўзнагарода выступлення “Дзянніцы”.
Можа падацца, што ўсё жыццё Вольгі – яскравае свята. І толькі яна ведае, колькі цяжкай працы, а часам і нечалавечых намаганняў каштаваў ёй сённяшні поспех. Бо пачынала практычна з нуля, з маленькіх крупінак ведаў і вопыту, якія атрымала падчас навучання ў БДПУ імя М.Танка ад выкладчыка па народных спевах Івана Іванавіча Кірчука (кіраўніка гурта “Троіца”), пасля – ад самаадукацыі дзякуючы інтэрнэту і ўласнай “мёртвай хватцы”. Апошняе, чаго не хапала ў вакальнай пастаноўцы (і асабліва ў рабоце з хлопчыкамі), ёй даў выкладчык Мінскага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Васіль Яфімавіч Брайм. Яна і сёння падтрымлівае з ім цесную сувязь – гэтак жа, як і з выкладчыкам Баранавіцкага дзяржаўнага музычнага каледжа Таццянай Рыгораўнай Вялікай.
…Гляджу на яе тонкія, далікатныя пальчыкі, якія ўсё лета рвуць траву для цэлай плоймы трусоў, выхоўваюць сабаку, кормяць чужых катоў… “Не люблю, – кажа, – катоў, але самі ліпнуць…” Дзіўлюся, як можа сумяшчаць усё гэта ў сабе кволая жанчына, якім жалезным характарам яна валодае…
Вольга Паўлаўна ласкава ўсміхаецца, гледзячы на сваіх выхаванцаў: “Люблю сваіх дзяўчынак – адчайна проста. І не толькі за іх працавітасць і адданасць народнай песні. Люблю як дачок – можа, таму, што сваіх не маю. Мая сям’я – муж і сыны”.
Яе сям’я – яе падтрымка і апора. Муж Васіль Васільевіч – салідны чалавек, дырэктар ПМК-191, – шчыра радуецца дасягненням жонкі. У яе цудоўныя хлопчыкі – Улад (16 гадоў) нацэлены на “мед”, Андрэй (10 гадоў) актыўна займаецца ў трэнажорнай зале. У іх прасторным доме пануе ўзаемная павага і гармонія, яны ўсе – па праўдзе блізкія людзі. Малодшы сын, яшчэ не з’явіўшыся на свет, разам з мамай вучыўся ў інстытуце: 11 жніўня яна ўбачыла сябе ў інстытуцкіх спісках, а 21 жніўня таго ж 2001 года, даведалася, што цяжарная. Два гады жылі ў Брэсце – так трэба было ў свой час, бо там вучыўся ў інстытуце бацька – заканчваў 4-ты і 5-ты курсы.
Чым яна даражыць больш – работай ці сям’ёй? Цяжка адказаць на такое пытанне. Нават ёй самой. Бо толькі ўзаемная сувязь аднаго з другім і робіць яе паважанай і любімай – Волькай, Волечкай, Вольгай Паўлаўнай…

Лілія Мялешка.
Фота Яўгеніі Семянчук.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *