Сэрца навучальнай установы – музей. Там мінулае і сучаснасць сплятаюцца ў адзінае цэлае. У Грыцэвіцкай СШ такі музей, «Гісторыя вёскі Грыцэвічы», ужо шмат гадоў з’яўляецца цэнтрам краязнаўства і выхавання падрастаючага пакалення. Яго кіраўнік Ніла Цэхан правяла для карэспандэнтаў «Да новых перамог» займальную экскурсію, расказала, як тут захоўваецца гісторыя роднай зямлі, і пазнаёміла з галоўнымі артэфактамі гэтай скарбніцы памяці.
Музей – жывы помнік краю
Галоўная каштоўнасць школьнага музея – яго блізкасць да лёсу канкрэтнага чалавека. Тут ажывае гісторыя роднай вёскі, школы, землякоў і продкаў, якая адлюстравана ў пажаўцелых ад часу паперах, фотаздымках, пацёртых узнагародах і даўнейшых прадметах побыту.







Музей функцыянуе з 1984 года, а ў 2016-м атрымаў ганаровае званне народнага. Сёння тут налічваецца больш за тысячу экспанатаў, размешчаных у шасці экспазіцыях: «Б.І.Тузін – наш зямляк», «Ніхто не забыты, нішто не забыта», «Мінулае і сучаснае вёскі Грыцэвічы», «Хата нашай памяці», «З гісторыі калгаса» і «З гісторыі школы».
Імя ў гісторыі
– Асаблівае месца займае экспазіцыя, прысвечаная нашаму земляку Барысу Ільічу Тузіну, – пачала аповед Ніла Сяргееўна. – Ён нарадзіўся ў 1893 годзе ў вёсцы Малая Балвань (сёння Загорнае Клецкага раёна) у шматдзетнай сям’і. У гады Першай сусветнай вайны служыў у Задонску, затым пераехаў у Ашхабад, дзе далучыўся да рэвалюцыянераў Закаспія і ўвайшоў у склад Савета Народных Камісараў Туркестана. У жніўні 1918 года Краснаводск быў захоплены англійскімі войскамі. Тузіна арыштавалі, адвезлі на далёкі востраў у Каспійскім моры, а ў пачатку лістапада разам з дзевяццю ашхабадскімі камісарамі расстралялі.

Яго нястомнай дзейнасці прысвечаны шматлікія кнігі, выдадзеныя ў Туркменістане. Адна з іх – «Не абрываецца зямная сувязь» – захоўваецца ў музеі. Тут сабраны копіі архіўных дакументаў, успаміны аднавяскоўцаў і пляменніка Барыса Тузіна, марскога афіцэра Пятра Кандыбіна, а таксама альбом, прысвечаны жыццю і рэвалюцыйнай дзейнасці. У гэтай жа экспазіцыі захоўваюцца дакументы яшчэ аднаго выдатнага ўдзельніка падзей у Закаспіі – Дзяніса Фёдаравіча Івашкі, легендарнага камісара, ураджэнца вёскі Светлая.
Падзеі, якія жывуць у сэрцах
Калі пераходзіш да экспазіцыі «Ніхто не забыты, нішто не забыта», сэрца міжволі пачынае біцца яшчэ мацней. Тут можна ўбачыць прадметы, што служылі людзям у час ліхалецця: арыгінальныя фотаздымкі, франтавыя пісьмы, ваенную зброю, гільзы, снарады, узнагароды ветэранаў вайны. Аформлены таксама альбом «Гавораць удзельнікі Вялікай Айчыннай».
– Чырвонымі следапытамі Грыцэвіцкай СШ былі ўстаноўлены прозвішчы пяці невядомых воінаў, пахаваных у брацкай магіле на тэрыторыі школы: Мікалая Харчанкі, Інакенція Хрыбтова, Франца Ванелава, Генадзя Віткоўскага, Уладзіміра Антановіча. З іх роднымі была наладжана перапіска, – паведаміла Ніла Сяргееўна.

Асаблівую цікавасць выклікае рэтра-чамадан «Дарогамі Перамогі. Асабістыя рэчы салдат», дзе захоўваюцца пісьмы-трохкутнікі, пахаванкі, узнагароды, падзякі за баявыя дзеянні, а таксама асабістыя рэчы воінаў: лыжкі, каска, біклажка, кацялок, партсігар.
Летапіс працы і школы
Наступны раздзел «З гісторыі калгаса» прысвечаны ўтварэнню і развіццю калектыўнай гаспадаркі грыцэвіцкай мясцовасці. У зашклёнай вітрыне – звесткі аб кіраўніках, арыгінальныя фотаздымкі працоўных будняў, узнагароды калгаса, дакументальны фільм аб Грыцэвічах і пераходныя Чырвоныя сцягі, альбом «З гісторыі калгаса».
Аб гісторыі самой школы можна даведацца ў аднайменнай экспазіцыі.
– Яна вядзе свой пачатак з 1869 года, – расказвае Ніла Цэхан. – Па ўспамінах людзей старэйшага ўзросту нам вядома, што перад Першай сусветнай вайной у Грыцэвіцкай школе навучалася каля 30 вучняў. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі навучанне вялося на польскай мове. А калі адбылося ўз’яднанне Усходняй і Заходняй Беларусі, яна была пераўтворана ў сямігадовую. У 1945 годзе пры ўстанове адукацыі адкрылі філіял Клецкай вячэрняй сярэдняй школы, які затым ператвораны ў адукацыйную Грыцэвіцкую сярэднюю школу. Першым дырэктарам стаў Віктар Васільевіч Сячко, а першай выпускніцай – Марыя Мікалаеўна Ханцэвіч.

У гэтым раздзеле захоўваецца каля 30 кніг асноўнага фонду, у тым ліку рэдкія выданні 1911 і 1912 гадоў. Тут прадстаўлена бібліятэка твораў былога настаўніка матэматыкі Анатолія Ільіча Глямбоўскага, а таксама падручнікі 40-х гадоў. Аформлены альбом «Узнагароды школы», а з 1948-га вядзецца летапіс Грыцэвіцкай СШ. Экспануюцца школьныя прыналежнасці, падзякі і віншавальныя тэлеграмы з нагоды юбілеяў установы адукацыі.
Багацці нашай памяці
Далей Ніла Сяргееўна запрасіла пазнаёміцца з экспазіцыяй «Мінулае і сучаснае вёскі Грыцэвічы». Тут можна ўбачыць прылады працы і прадметы побыту нашых продкаў: пральны станок, пранікі, збаны, самавары, ночвы, кашы, маслабойку, ступу, рубанак, касу, рэзгіны і многае іншае.
У музеі аформлены асобны куток у выглядзе зруба – «Хата нашай памяці», дзе можна даведацца, як жылі простыя вясковыя людзі.




Значнае месца займае этнаграфічная калекцыя амаль з 70 ручнікамі: тканыя і вышываныя, паркалёвыя, якія дасталіся ад нашых бабуль і прабабуль. Кожны выраб мае сваю гісторыю і прызначэнне. Самыя даўнія датуюцца 80-90-мі гадамі XIX стагоддзя. Ёсць ручнікі штодзённага ўжытку, вясельныя, тыя, што выкарыстоўваліся пры нараджэнні дзіцяці, і ручнікі-набожнікі для абразоў.
Прыцягвае ўвагу і музычная зона, дзе размешчаны труба духавога аркестра, прайгравальнік, радыёпрыёмнікі, гармонік. Сярод старых пласцінак нават захаваўся запіс Гімна СССР.
Актыўная адукацыйная пляцоўка
Ніла Сяргееўна падкрэсліла, што музей не проста захоўвае рэліквіі, але і актыўна выкарыстоўвае розныя формы культурна-масавай работы: выставы, урокі мужнасці, урокі-рэквіемы, прагляд ваенных фільмаў, гульнёвыя і святочныя праграмы, фотавыставы. Музейныя фонды служаць базай для правядзення ўрокаў настаўнікамі-прадметнікамі.

– Нашу ўстанову наведваюць вучні з іншых школ Клеччыны, – адзначае суразмоўца. – Таксама мы праводзім экскурсіі для прадстаўнікоў раённых і школьных метадычных аб’яднанняў настаўнікаў.
Поспех экскурсаводаў
На працягу навучальнага года вучні школы прымалі ўдзел у раённых і абласных конкурсах, праектах, навукова-практычных канферэнцыях, акцыях. Асаблівым гонарам стала перамога на Рэспубліканскім конкурсе юных экскурсаводаў музеяў устаноў адукацыі, дзе вучаніца 9 класа Наталля Кулікоўская разам з настаўнікам гісторыі Інай Мікалаеўнай Траян атрымалі Дыплом ІІІ ступені.

– Наташа правяла экскурсію ад імя найцікавейшай жанчыны нашай мясцовасці, якая стаяла ля вытокаў стварэння музея, – Марыі Іванаўны Макаранка, – паведаміла Н.Цэхан. – Яе гераіня перанесла членаў журы з адной эпохі ў другую і ў цікавай форме пазнаёміла з музейнымі прадметамі з незвычайнай гісторыяй.
Грыцэвіцкі школьны музей – жывы арганізм, які вучыць дзяцей шанаваць мінулае, берагчы мір, паважаць працу продкаў, ганарыцца сваімі землякамі і быць годнымі грамадзянамі сваёй Радзімы.
У тэму:
Музей Грыцэвіцкай школы поўніцца экспанатамі, знойдзенымі падчас пошукавай дзейнасці настаўнікаў, а таксама дзякуючы вучням, іх бацькам і мясцовым жыхарам. У гэтым годзе экспазіцыі дапоўнілі каштоўныя музейныя прадметы з былой Лазавіцкай СШ.
Ірына ЖДАНКО.
Фота Кацярыны МЯДЗВЕДЗЕВАЙ і архіва Грыцэвіцкай школы.




Отправить комментарий