Сейчас загружается

Генеральскі фотаальбом

Трошкі больш за месяц засталося да святкавання 80-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Для беларусаў гэта асаблівае свята, даніна памяці і  глыбокай падзякі ўсім тым, хто неверагоднымі намаганнямі набліжаў перамогу ў самай страшэннай і кровапралітнай вайне, якая доўжылася доўгіх 1418 дзён і начэй.

Трагедыя вайны закранула кожную сям’ю і сэрца кожнага беларуса, таму мы павінны  памятаць і перадаваць нашчадкам гісторыю Вялікай Айчыннай вайны, расказваць пра подзвігі  яе герояў, пра супраціўленне, мужнасць і сама­ахвярнасць мірных жыхароў у цяжкія ваенныя гады.

Тысячы нашых землякоў таксама ўнеслі важкі ўклад у разгром нямецкіх захопнікаў і дасягненне Вялікай Перамогі. Пра цяжкія гады вайны, пра гераізм народа нам могуць расказаць шматлікія экспанаты, звязаныя з Вялікай Айчыннай вайной. Як напамін у музеі захоўваюцца кулямётныя стужкі, гільзы ад снарадаў і патронаў, каскі салдат, акупацыйныя грошы і дакументы, хатнія рэчы з тэрыторыі спаленага гета, фотаздымкі і ўзнагароды нашых землякоў…

Сярод экспанатаў у фондах музея гісторыі Клеччыны ёсць цэлы комплекс, звязаны з іменем Мікалая Мацвеевіча Макаўчука: генеральская форма, узнагароды і ганаровыя граматы, дакументы, фотаздымкі, успаміны.

З рэчаў М.М.Макаўчука больш за ўсё прыцягвае ўвагу невялічкі самаробны фотаальбом «Отечественная война 1943-1944» – падарунак яго былых саслужбоўцаў. Фотаальбом памерам усяго 13х18 сантыметраў складаецца з 29 старонак, на якіх наклеены маленькія фатаграфіі, трошкі большыя за кадр фотаплёнкі. Амаль на кожнай старонцы маюцца тэматычныя ілюстрацыі,  выкананыя ад  рукі каляровымі алоўкамі і ручкамі. Першы аркуш мастацка аформлены: у прамавугольнай рамцы ў верхніх вуглах знаходзяцца малюнкі гвардзейскага знака і ордэна Кутузава, унізе па вуглах – даты і малюнак чырвоных сцягоў.  На астатніх старонках наклеены фатаграфіі з гісторыі 34-га гвардзейскага стралковага корпуса 3-й гвардзейскай арміі, якім камандаваў з мая 1943 г. па люты 1944 г. генерал-маёр Мікалай Мацвеевіч Макаўчук.

34-й гвардзейскі стралковы корпус прымаў удзел у ходзе Ізюм-Барвенкоўскай  наступальнай аперацыі, бітве за Дняпро, у Нікопальска-Крыварожскай, Беразнегавата-Снегіроўскай, Адэскай і Львоўска-Сандамірскай наступальных аперацыях. Яго баявы шлях  адлюстраваны ў фотаальбоме.

Да фотаздымкаў няма подпісаў, але яны згрупаваныя па падзеях і тэмах. Кожная старонка, як фотахроніка тых далёкіх дзён: фота каманднага складу на пазіцыях, праца сувязістаў у штабе, перамяшчэнне войск і тэхнікі, фарсіраванне Дняпра, жыхары вызваленых вёсак, палонныя немцы, вуліцы  Адэсы і шмат іншых фота­здымкаў…

Мікалай Мацвеевіч быў стваральнікам і першым камандзірам 48-й гвардзейскай Чырвонасцяжнай, Крыварожскай ордэнаў Суворава і Кутузава стралковай дывізіі. Яна была сфарміравана ў той час, як на подступах да Масквы ішлі жорсткія баі.

У верасні 1944 г. генерал-маёр Макаўчук быў  залічаны ў распараджэнне Ваеннага савета 1-га Украінскага фронту, са студзеня 1945 г. займаў пасаду намесніка камандзіра 39-га гвардзейскага стралковага корпуса,  які прымаў удзел у ходзе Венскай і Пражскай наступальных аперацый, у вызваленні гарадоў Зірэз, Кёсег, Папа, Вінер-Нойштат, Вена і Карнейбург.

Пасля заканчэння вайны наш зямляк быў назначаны начальнікам 4-га аддзела Упраўлення баявой падрыхтоўкі Сухапутных войскаў. У снежні 1958 года выйшаў у запас.

Мікалай Мацвеевіч узнагаро­джаны ордэнам Леніна, трыма ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнам Суворава ІІ ступені, ордэнам Айчыннай вайны І ступені, медалямі.

Мінула больш за паўстагоддзя са дня смерці Мікалая Мацвеевіча, але нашчадкі зберагаюць памяць і ганарацца ім. У 1968 годзе яго імя было занесена ў Кнігу народнай славы Клецкага раёна. У 1980-м у сувязі з 35-годдзем дня Перамогі вуліца Сіняўская была перайменавана ў гонар нашага знакамітага земляка.

Маральны абавязак сучаснага і будучых пакаленняў – з павагай да паўшых і з гонарам несці сцяг Вялікай Перамогі і захоўваць памяць пра Вялікую Айчынную вайну.

Вольга Яфрэмава, навуковы супрацоўнік ДУ «Музей гісторыі Клеччыны».

Гістарычная спраўка

Макаўчук Мікалай Мацвеевіч (27.09.1898-25.01.1969)

Савецкі ваеначальнік, генерал-маёр (1942), удзельнік Грамадзянскай і Вялікай Айчыннай вайны.

Нарадзіўся ў вёсцы Бабаевічы ў сям’і сялян. У Чырвонай Арміі з 1919 года. Удзельнік Першай сусветнай вайны. У гады Грамадзянскай вайны змагаўся на Усходнім, Паўднёвым франтах. Скончыў курсы чырвоных камандзіраў, Адэскую пяхотную школу, курсы «Выстрел», Ваенную акадэмію імя М.В.Фрунзэ. З 1931 года – начальнік 1-га аддзела штаба Кіеўскага ўмацаванага раёна, памочнік камандзіра, камандзір палка, з 1937 г. – начальнік штаба дывізіі, корпуса. З чэрвеня 1941 г. на Паўночна-Заходнім, Заходнім, Варонежскім, Паўднёва-Заходнім, 4-м Украінскім франтах – начальнік штаба корпуса, камандзір дывізіі, брыгады, корпуса. М.М.Макаўчук удзельнічаў у вызваленні ад нямецкіх захопнікаў правабярэжняй Украіны, Адэсы, Вены. Пасля вайны быў начальнікам аддзела Упраўлення баявой падрыхтоўкі Сухапутных войскаў. З 1947 г. выкладаў у Ваеннай акадэміі імя М.В.Фрунзэ. У 1955-1958 гг. з’яўляўся памочнікам  камандуючага Прыволжскай ваеннай акругі.

Вольга Яфрэмава, навуковы супрацоўнік ДУ «Музей гісторыі Клеччыны»

#Беларусьпомнит_Минщинагордится #80летвеликойпобеды   #деньпобеды

Отправить комментарий

Возможно, пропустили