Выступленнем рабят гарадскіх устаноў адукацыі завяршыўся раённы конкурс тэатральных калектываў, які на Клеччыне збірае прыхільнікаў Мельпамены традыцыйна раз у два гады. Сёлета ён праходзіў пад назвай “У тон адзін з зямлёю я пяю”.
Нядзіўна, што кожны творчы калектыў аднолькава зразумеў конкурсную тэматыку. А па-іншаму яе адчуць проста нельга было. Бо тое, што адбываецца ў наш век у Свеце, не можа пакінуць раўнадушным ніводнага жыхара планеты – ні старога, ні дзіця.
Жудасныя малюнкі вайны, напісаныя крывёю чалавека, без слоў разумеюць людзі ўсіх нацыянальнасцей. Тут трэба чытаць з правільнай інтанацыяй на слове ЛЮДЗІ. Менавіта пра гэта і вялі гаворку ў сваіх літаратурных пастаноўках сучаснікі.
Кожны творчы калектыў для выступлення на сцэне абраў адзін з твораў класікаў беларускай ці рускай літаратуры.
Аднак ідэяй усіх чатырох нумароў былі адвечныя пытанні, што тычацца чалавечай годнасці і выбару. “Дзеля чаго мы жывём?” “ Каго патрэбна любіць больш: сябе ці тых, хто побач?” “ Ці мог я паступіць па-іншаму?” “ Чаму чалавек здраджвае свайму сумленню?” “ Чаму менавіта я павінен быць у адказе за што-небудзь або каго-небудзь?” “ Чаму я абраны пазнаць вайну і чаму не нарадзіўся ў той час, калі над галавою плыве мірнае блакітнае неба?” “З якой нагоды мы не ўсе роўныя перад вечнасцю?” “ Хто застаецца ў памяці назаўсёды, а хто трапляе ў чорны спіс?” “Хто мае права перад смерцю сказаць: “Я ні аб чым не шкадую?” Думкамі сваіх герояў і ўласнымі сэрцамі школьнікі адказалі на тыя пытанні, якія рана ці позна паўстаюць перад чалавекам.
Словы юных акцёраў, жэсты, міміка, слёзы – усё было прасякнута сапраўднымі натуральнымі пачуццямі, (не пабаюся гучных слоў) майстэрскім выкананнем, ад чаго моцна трапятала сэрца і беглі мурашы па скуры. Рабяты і іх педагогі, кіраўнікі тэатральных калектываў, проста малайцы! Усё, што адбывалася на сцэне, выклікала сапраўдны гонар за нашу таленавітую, яркую, моладзь, разумных, шчырых, любячых сваю радзіму і паважаючых культурнае і гістарычнае мінулае дзяцей.
А ім ёсць, на каго раўняцца. Пакуль будуць сярод нас сапраўдныя настаўнікі-патрыёты, за маладую змену можна не хвалявацца. А яны, дзяку Богу, ёсць! Сённяшняе свята – таксама доказ таму.
Трэба адзначыць, што пастаноўка, якую дэманстравалі вучні першай гарадской школы, падрыхтавана па матывах п’есы “За што?”, аўтарам якой з’яўляецца педагог гэтай жа ўстановы адукацыі, настаўнік фізікі Cяргей Іванавіч Белаш.
Не “за што?”, а “для чаго?” – так раяць ставіць пытанне хрысціяне. Так яго патрэбна сфармуляваць тым, хто і сёння вядзе незразумелую барацьбу за права валодання Светам. Мацнейшых у ёй не будзе. Будуць толькі мудрэйшыя і пакутлівыя. Колькасць ахвяр будзе вынікам таго самага выбару, які паўстае сёння. Нам трэба памятаць, што жыццё – гэта імгненне, след ад зоркі, якая запальваецца пры нараджэнні чалавека. Якім ён будзе, залежыць ад нас.
Няхай будуць пачуты голасы сённяшніх артыстаў, галасы дзяцей, якія сёння пакутуюць і моляць аб міры!
Шчыры дзякуй і нізкі паклон вам, рабяты. Вы дастойныя выхаду на раённую сцэну! Нездарама, першы раз за ўсю гісторыю конкурсу журы вызначыла пераможцамі ўсіх вас. Вы – лепшыя!
Святлана ОРПЕЛЬ.
Фота Інны ФЕДАРЧУК.
Отправить комментарий