Аляксандр Турчын павіншаваў жыхароў Мінскай вобласці з 75-годдзем Вялікай Перамогі

Паважаныя жыхары Міншчыны!

Ад усёй душы віншую вас з 75-годдзем Вялікай Перамогі!

У гісторыі нашага народа 9 мая 1945 года стала самай светлай і незабыўнай датай, сапраўды святам са слязьмі на вачах.

Перамога над самым крывавым агрэсарам усіх часоў была здабыта ахвярным гераізмам нашых воінаў у вогнішчы бітваў, непамернай працай у тылу, дзе стваралася ўсё неабходнае для фронту.

Самыя цяжкія выпрабаванні наваліліся на зямлю Беларусі, чые гарады і сёлы былі ператвораны ў руіны і папялішчы.

Зверствы акупантаў не зламалі дух народа. На свяшчэнную барацьбу ўзняліся і стары, і малы. Беларускія патрыёты змагаліся на ўсіх франтах, у партызанскіх атрадах, падполлі.

Велізарны ўклад у разгром ворага ўнесла і наша родная Міншчына. За доблесць і мужнасць, праяўленыя ў бітвах Вялікай Айчыннай, больш за 80 яе ўраджэнцаў і жыхароў удастоены звання Героя Савецкага Саюза, тысячы ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі.

На жаль, час не даваў літасці нікому. Сёння ўсё менш і менш з намі жывых сведкаў і аўтараў Вялікага Подзвігу савецкага народа. Нізкі паклон вам, дарагія ветэраны!

Назаўсёды ў нашай памяці засталіся тыя, хто змог прайсці праз ваеннае ліхалецце, перад кім мы ў неаплатным даўгу. Вечная слава ўсім, хто аддаў жыццё за нашу свабоду, за шчасце будучых пакаленняў!

Наш абавязак – быць дастойнымі сваіх бацькоў, дзедаў і прадзедаў. Няхай іх подзвіг заўсёды будзе для нас крыніцай гонару і натхняе на яркія здзяйсненні.

Са светлым святам вас, дарагія землякі! З Днём Перамогі!

Аляксандр Турчын, старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *