Жанна Гардзіевіч: Давайце будзем размаўляць!

143Для тых, хто не разумее, з якой нагоды загаловак гэтага артыкула гучыць як заклік, адразу патлумачу: сёння Міжнародны дзень роднай мовы. А таму ва ўсіх нас ёсць нагода прысвяціць яго нашай – беларускай. Дома, у сямейнай абстаноўцы, паспрабуйце хаця б адзін гэты дзень, між іншым, выхадны, у сваіх стасунках з роднымі прытрымлівацца такога простага правіла – размаўляць на роднай мове. У вас не будзе ні крытыкаў, ні зацікаўленых назіральнікаў за тым, як адбываецца гэты працэс, але затое з’явіцца дакладнае адчуванне, наколькі добра вы валодаеце мовай, якая адрознівае нас ад іншых.
У мяне не на пустым месцы з’явілася гэта ідэя. А падштурхнуў да яе ўласны эксперымент. У канцы мінулага года на трэцім нацыянальным тэлеканале пачала выходзіць новая перадача “Размаўляем па-беларуску”. Адразу некалькі публічных асоб пасля запісу ў ёй прызналіся, што адчувалі сябе ў студыі даволі няёмка ад таго, што не на ўсе пытанні маглі адказаць з упэўненасцю, якую ў сабе насілі да пачатку тэлевіктарыны. Знаходжу перадачу, націскам пульта на патрэбны радок у меню ўключаю і гукаю да сябе малодшых дзяцей, маўляў, праверым веды. І калі з перакладам слоў, словазлучэнняў і прапанаваных сказаў яшчэ куды ні ішло, то растлумачыць сэнс беларускіх слоў, якія рэдка ўжываюцца, атрымлівалася не заўсёды. Брыдка! Нават з’явілася жаданне адзін дзень у тыдзень зрабіць цалкам беларускамоўным (ну быў жа ў савецкі час рыбны дзень ва ўсіх кропках грамадскага харчавання, чаму б не ўстанавіць, напрыклад, пятніцу, днём беларускай мовы ў асобна ўзятай кватэры?) Але, па праўдзе кажучы, па сёння мы так і не прыступілі да практычных заняткаў. Таму і заклікаю вас у нашу кампанію. Паверце, як толькі вы справіцеся з першым этапам на ўзроўні “дывана”, “шкарпэтак”, “патэльні”, “шклянкі”, “падручніка” і “сшытка” і станеце шукаць патрэбныя беларускія словы да звычных рускіх “употреблять”, “устройство”, “стоимость”, “изначально”, “обстоятельно”, “целенаправленно”, а потым спытаеце ў блізкіх, што, напрыклад, значыць “квапіцца”, “рахункавод”, “каўнер”, “стрыжань”, “вонкавы”, то па колькасці мінут, затрачаных на аднаўленне ў памяці школьнай праграмы, зробіце вывад – можаце падтрымліваць дома гаворку на беларускай мове ці не. А ўжо пасля гэтага задумацца. Кожны над сваёй высновай.
Размова вакол “мовы” не першы раз заходзіць на прэс-канферэнцыі з Кіраўніком дзяржавы, калі б яны ні праводзіліся для беларускіх журналістаў, аб гэтым імкнуцца запытаць. Нехта надае гэтаму інтарэсу палітычнае значэнне, іншыя перакананы, што толькі такі высокі ўзровень абмеркавання праблемы дапаможа яе вырашыць. А ў чым, давайце ўзважым, праблема? Хто каму забараняе размаўляць на беларускай мове? «Пытанне «мовы» вырашана раз і назаўсёды на рэферэндуме беларускага народа. У нас ёсць дзве родныя дзяржаўныя мовы – беларуская і руская. Гэта пытанне закрыта, пакуль я служу народу ў якасці Прэзідэнта», – сказаў Аляксандр Лукашэнка. Разам з тым Прэзідэнт падкрэсліў, што падтрымлівае беларускую мову: «Наяўнасць сваёй мовы – гэта прыкмета нацыі. Мы ні ў якім разе не павінны загубіць беларускую мову. Мы павінны ведаць яе, як і рускую. Яна будзе найвялікшым здабыткам любога беларуса. Я не хачу, каб ён быў страчаны. Гэта даражэй за любыя крэдыты і мільярды. У мяне расце малыш, і я хачу, каб ён ведаў беларускую мову гэтак жа, як і рускую».
Нядаўна мне расказвалі пра пяцігадовую дзяўчынку, якая жыве з рускімі бацькамі ў Канадзе. Дома яна размаўляе на рускай, французскай і англійскай мовах. Бо менавіта іх чуе ад бацькоў, выхавальнікаў дзіцячага садка, равеснікаў, з якімі ладзіць зносіны, дарослых, што прыходзяць у госці. Можна не сумнявацца, што ў пятнаццаць яна на ўсіх трох мовах будзе пісаць, а, верагодна, засвоіць і яшчэ адну-дзве.
Магчымасць ужываць як мінімум абедзве мовы ў паўсядзённым побытавым жыцці маюць і нашы дзеці – у тым выпадку, калі мы ствараем адпаведныя ўмовы. Задавальняюцца нашы жаданні, каб дзеці вучыліся ў рускамоўных класах, каб у дзіцячых садках таксама гучала руская мова, каб матэрыялы спецыялістаў у газеце і рэклама былі па-руску. Гэта права выбару, дадзенае нам пасля рэферэндуму. І калі чуеш прапанову на той жа прэс-канферэнцыі адкрыць дзіцячы беларускамоўны канал, узнікаюць супярэчлівыя пачуцці. Між іншым, у нас ёсць цудоўны тэлеканал “Беларусь 3”. Вы часта глядзіце па ім фільмы і тэлеперадачы, якія трансліруюцца на беларускай мове? А дзіцячыя кніжкі і часопісы на ёй часта купляеце і чытаеце сваім малым? То, магчыма, руска-беларускія слоўнікі – ваша настольная кніга? Якой папулярызацыі мовы “зверху” мы чакаем, калі нават тое, што “ляжыць на паверхні”, малазапатрабавана?!
Ніхто нікому не перашкаджае размаўляць, пісаць, ствараць уласныя літаратурныя работы па-беларуску. Дзяржаўныя органы даюць адказ на ваш запыт на той мове, на якой вы туды звяртаецеся. Пытайце па-беларуску – адкажуць па-беларуску. Больш з’явілася беларускамоўнай рэкламы на тэлебачанні і на аўтадарогах. Рэагуйце, далучайцеся! Хочаце ведаць – вучыце. Усё залежыць ад нас саміх.
Мне здаецца, што ў сучасных адносінах грамадства да беларускай мовы надышоў пэўны зрух – усе мы апамяталіся, што яшчэ крышку і дабяромся да “кропкі невяртання” (ёсць такое паняцце ў людзей пэўных прафесій). Але шлях да матчынай мовы кожны пракладае сам. У залежнасці ад уласнай патрэбы і ўнутранай зацікаўленасці заставацца беларусам. Магчыма, сёння вы зробіце свой першы крок па ім.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *