Яркая, шумная, шматнацыянальная, крэатыўная, традыцыйная… Эпітэтаў, якія характарызуюць сёлетнюю XXXIII Мінскую міжнародную кніжную выставу-кірмаш можна падабраць яшчэ з добры дзясятак. Яна стала сапраўдным святам для аматараў чытання і творчых натур. Гэта падзея аб’яднала тысячы чытачоў, пісьменнікаў, выдаўцоў і ўсіх, каму неабыякавы свет літаратуры.
Асабіста я наведваю кніжны кірмаш ужо восьмы год запар і кожны раз ён здзіўляе нечым новым і цікавым. Ужо на прыступках, што вядуць да выставачнага цэнтра, узнімаецца настрой: сонейка надзвычай шчодрае, на вуліцы іграе музыка, са сцэны ліюцца прыгожыя беларускія песні. Сёлета я трапіла на ўрачыстае адкрыццё выставы-кірмашу. Колькі знаёмых твараў! Усе ў чаканні! І вось – гэты момант настаў! На сцэне, акрамя беларускіх прадстаўнікоў, шмат гасцей з іншых краін. Прыемна было бачыць і слухаць усіх выступоўцаў. Так першы намеснік міністра інфармацыі Андрэй Кунцэвіч адзначыў, што “Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш стала значнай дыялогавай пляцоўкай не толькі для кнігавыдаўцоў і пісьменнікаў, але і ўсіх, хто імкнецца да духоўнасці, пазнання працэсаў, якія адбываюцца ў сучасным свеце…” А намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Пярцоў выказаў ўпэўненасць, што “…літаратура – частка культуры, якая не знікне, як многія відэаролікі ў папулярных сацсетках. Нашы нашчадкі, дзякуючы кнігам, у тым ліку прадстаўленым у рамках выставы, будуць судзіць пра наш час.” Мяне асабліва кранулі словы старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктара выдавецтва“Беларусь” Алеся Карлюкевіча, бо я таксама прытрымліваюся такой думкі: “Самае галоўнае ў кнізе – жыццёвасць!” Вельмі прываблівае тое, што друкаваная кніга не знікае, а набірае папулярнасць і застаецца сімвалам ведаў і духоўнасці.






Цэнтральныя тэмы кніжнага кірмашу сёлета – 35-годдзе Садружнасці Незалежных Дзяржаў і Год беларускай жанчыны. Пасля адкрыцця пачынаю знаёмства з кніжным светам. Каб толькі абысці ўсю залу выставачнага цэнтра спатрэбіцца нямала часу, а хочацца ж разгледзець кожную экспазіцыю. На выставе прадстаўлена каля 500 экспанентаў з 23 краін, сярод якіх Расія, Казахстан, Іран, Турцыя, Бразілія, В’етнам, Венесуэла, Малдова, ААЭ і іншыя. Самае прывабнае тое, што прадстаўнікі кожнай краіны апрануты ў нацыянальныя касцюмы, стараюцца ўдзяліць увагу кожнаму з наведвальніку, разам з перакладчыкамі цікава расказваюць пра кнігі сваіх краін.
Сапраўдны кірмаш ідэй і эмоцый.Выстава ўразіла сваім маштабам і разнастайнасцю прадстаўленых выданняў. Кожны стэнд прыцягваў увагу яркімі вокладкамі, інтрыгуючымі анатацыямі і арыгінальнымі прэзентацыямі.Тут прадстаўлены кнігі ўсіх жанраў: мастацкая літаратура, навукова-папулярныя выданні, медыцына, дзіцячыя кнігі і многае іншае.
Для мяне адной з галоўных падзей выставы сталі сустрэчы і аўтограф-сесіі з вядомымі пісьменнікамі. Па-сяброўску сустрэліся і падзяліліся ўражаннямі з Ірынай Карнаухавай і Рагнедам Малахоўскім з Мінскага абласнога аддзялення СПБ, Валянцінай Драбышэўскай і Елізаветай Палеес з Мінска, Людмілай Кебіч, старшынёй Гродзенскага абласнога СПБ, і гродзенскімі паэткамі Кацярынай Каламійцавай і Вольгай Алізар, на добрую памяць прыдбала кнігі з аўтографамі сваіх калег Іны Фраловай і Тамары Кавальчук – паэтак з Мінскага гарадскога аддзялення СПБ, Кацярыны Хадасевіч–Лісавой з Мінскага абласнога аддзялення СПБ, Аляксандра Марозава і Святланы Глембоцкай з Гродна. І па традыцыі накупіла розных кніг класікаў і сучаснікаў, а таксама кніг-падарункаў для ўнука.
Несумненна, увагу наведвальнікаў прыцягвалі спецыяльныя тэматычныя стэнды, прысвечаныя Году беларускай жанчыны. Тут былі прадстаўлены творы, якія адлюстроўваюць уклад жанчын Беларусі ў развіццё культуры, навукі і мастацтва, падкрэсліваючы шматграннасць талентаў і значнасць жаночага ўкладу ў грамадскае жыццё краіны.

Мне пашчасціла быць сведкай выступлення таленавітых жанчын-пісьменніц, якія прэзентавалі свае кнігі на пляцоўцы Беларускага саюза жанчын. Гэта тэлевядучая тэлеканала “АНТ” Кацярына Цішкевіч, якая цікава расказала пра сваю кнігу “50 оттенков голоса: как обрести силу, харизму и уверенность в каждом сказанном слове”, а таксама Наталля Голубева, мая калега па пісьменніцкаму абласному Саюзу, вядомая ў краіне празаік і сцэнарыст, якая выступіла з прэзентацыяй “Жаночыя вобразы ў беларускай літаратуры”. Пісьменніца рассказала пра гісторыю напісання сваіх кніг “Надежда Грекова. Михаил Малинин. Время помнить”, “Камея “Салидат”, “Кукольник”.
Не пакінула мяне раўнадушнай і прэзентацыя на галоўнай сцэне кірмашу кнігі выдавецтва “Беларусь”, створанай пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі, “Разам! Вялікая Перамога!”, якая напісана на трох мовах: рускай, беларускай і англійскай. Выданне прымеркавана да 85‐годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны.
Адметная экспазіцыя кніжнага кірмашу (а для мяне вельмі прыцягальная) – пляцоўка Мінскай вобласці, дзе былі прадстаўлены кнігі сучасных пісьменнікаў Міншчыны, сярод якіх – і мае выданні, а таксама асобныя новыя выданні Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Адно з іх – “Чарнобыльскія саракавіны”, гэта калектыўны паэтычны зборнік пісьменнікаў Міншчыны, прымеркаваны да 40-годдзя Чарнобыльскай трагедыі, сааўтарам якой пашчасціла быць і мне.
Асаблівае месца займае на выставе діцячая літаратура. Проста велізарны выбар займальных выданняў розных жанраў цешыць юных чытачоў і іх бацькоў. Сярод прадстаўленых кніг былі казкі, прыгодніцкія раманы, пазнавальныя выданні і коміксы, здольныя зацікавіць дзяцей любога ўзросту. Асобная зона была адведзена ваеннай літаратуры, асабліва тэматыцы Вялікай Айчыннай вайны. Наведвальнікі маглі азнаёміцца з гістарычнымі раманамі, мемуарамі ўдзельнікаў баявых дзеянняў, дакументальнай прозай і зборнікамі ўспамінаў відавочцаў тых трагічных падзей. Гэтыя публікацыі дазваляюць захаваць памяць аб гераізме і мужнасці савецкага народа, забяспечваючы пераемнасць пакаленняў і выхоўваючы патрыятызм сярод моладзі.
Дзень, праведзены на выставе атрымаўся вельмі насычаным і поўным ўражанняў. Кніжная выстава-кірмаш – гэта, несумненна, значная падзея для культурнага жыцця нашай краіны. Яна дэманструе багацце літаратур розных краін, падкрэслівае важнасць чытання і творчага самавыяўлення. Гэта цудоўнае месца сустрэчы пісьменнікаў, выдаўцоў і чытачоў, якое аб’яднаўвае інтарэсы шырокай аўдыторыі і дэманструе багацце сучаснага літаратурнага жыцця. У гэты акіян літаратуры і творчасці хочацца вяртацца зноў і зноў!
Таццяна ЦВІРКО, паэт, пісьменнік, член Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Фота БЕЛТА и з архіва Таццяны Цвірко.




Отправить комментарий