Сёння нельга ігнараваць той факт, што беларуская мова, хоць і мае статус дзяржаўнай, у паўсядзённым ужытку сустракаецца не так часта, як хацелася б. У побыце мы часцей чуем рускую мову альбо так званую «трасянку». Аднак сярод нас ёсць людзі, для якіх роднае слова – гэта натуральны спосаб самавыяўлення. Прыемна, што жывая беларуская гаворка гучыць не толькі са старонак кніг.
Для Сяргея Іванавіча Машко, дырэктара Лазавіцкага сельскага дома культуры, беларуская мова – не даніна модзе і не пазіцыя, а яго натуральны стан.
– Гэта мова майго дзяцінства, майго роднага дому і маёй вёскі, – з гонарам адзначае Сяргей Іванавіч.
Нарадзіўся наш суразмоўца ў в.Кунцаўшчына Клецкага раёна. Менавіта там, у вясковай школе, дзе навучанне вялося па-беларуску, заклаўся яго духоўны падмурак.
Невялікае выпрабаванне мовай чакала Сяргея пасля школы ў тэхнікуме: рускамоўнае асяроддзе і выкладанне прадметаў на рускай мове стварылі бар’ер. Такая ж сітуацыя склалася і падчас службы ў далёкай Архангельскай вобласці.
– Помню, калі трапіў у шпіталь, адчуў вялікае жаданне пачытаць менавіта беларускіх класікаў. Знайшоў кнігі ў бібліятэцы і пагрузіўся ў іх з такой асалодай, нібыта вярнуўся дадому, – узгадвае ён.
Прафесійны шлях Сяргея Машко заўсёды быў звязаны з родным словам: спачатку працаваў у беларускамоўных школах, пасля – у сельскім доме культуры. Нават цяпер, калі афіцыйная дакументацыя вядзецца пераважна на рускай мове, у Лазавіцкім СДК захоўваюць вернасць традыцыям. Мерапрыемствы тут праводзяцца па-беларуску, а са сцэны гучаць народныя песні.
– Як мы можам захоўваць нашу аўтэнтычную культуру – танцы, песні, звычаі – праз чужую мову? – задаецца пытаннем дырэктар. – Калі мы кажам пра «Купалле» ці «Масленіцу», калі гучаць родныя словы, святы набываюць паўнату і сапраўдную глыбіню.
Сёння Сяргей Іванавіч робіць усё магчымае, каб у СДК па-беларуску размаўлялі не толькі падчас выступленняў, але і за кулісамі.
– Хачу, каб кожны, хто да нас заходзіць, адчуваў: тут жыве наша душа. Мова не павінна быць «вучэбнай», трэба, каб яна пранікала ў творчасць і само жыццё. Толькі тады ў яе будзе будучыня, – адзначыў зямляк.
Лазавічанін любіць перачытваць кнігі беларускіх пісьменнікаў, слухаць беларускіх музыкантаў і аўтарскія песні складае з родных слоў.
С.Машко перакананы: калі ты беларус, то павінен ведаць сваю, матчыну мову і не саромецца яе.
У пацвярджэнне сваіх слоў у Сяргея Іванавіча нарадзіліся паэтычныя радкі, якія ідуць ад самага сэрца:
Я матчыну мову люблю, паважаю,
Я песні на матчынай мове спяваю,
Я матчынай мовай заўжды ганаруся,
Яе, як вады з крыніцы, нап’юся.
Ірына ЖДАНКО.
Фото Паліны ДЗЕГЦЯРОВАЙ.



Отправить комментарий