Сейчас загружается

Яе лялькі-абярэгі

Кіраўнік гуртка «Рукадзельніца» Лазавіцкага СДК Тамара Касач шмат гадоў стварае лялькі-абярэгі, захоўваючы традыцыі беларускага народа, які тысячагоддзямі ўвасабляў славянскую культуру ў вобразах абярэгавых і гульнёвых цацак. Сёння работы нашай зямлячкі вядомы па-за межамі Клеччыны, яны кожны год адзначаюцца дыпломамі на абласных і рэспубліканскіх выставах і конкурсах.

Усё пачалося з дзяцінства

Упершыню маленькая Тамара пазнаёмілася з народнай лялькай у далёкім дзяцінстве. Дзяўчынка любіла гасціць у бабулі Зосі, якая жыла ў мястэчку Сіняўка. У свабодныя хвіліны ад сялянскай працы сталая жанчына майстравала самаробныя цацкі. Брала некалькі смалякоў (смаловыя драўляныя чуркі, якімі распальвалі дровы ў печы), намотвала латкі з тканіны, змацоўваючы вобраз будучай прыгажуні ніткамі з ільну. Малая цэлымі днямі бавіла свой вольны час разам з іншымі ўнукамі бабулі.

Тамара Іванаўна прызнаецца, што ў 60-я гады ХХ стагоддзя ў крамах можна было купіць завадскую ляльку, але тавар каштаваў вельмі дорага, не ўсе сем’і мелі магчымасць дазволіць сабе такую раскошу.

 – У маленстве я не нагулялася з лялькамі, – смяецца суразмоўца,– таму, напэўна, і ўзнікла такая патрэба запоўніць недастаючую прастору дзіцячага свету. За працай я адпачываю сэрцам і душой, магу гадзінамі любавацца створанымі работамі. З любоўю сваё захапленне перадаю маладому пакаленню лазавічан, якія з ахвотай і цікавасцю наведваюць мой гурток пры сельскім Доме культуры. Лічу, што гэта важны аспект знаёмства дзяцей з беларускім фальклорам і старадаўнімі звычаямі нашага народа. Любы занятак па вырабе лялькі-абярэга ператвараецца ў гутарку аб мінулым, аб культуры і быце нашых продкаў.

Ад першых крокаў да майстэрства

З гісторыяй славянскіх лялек і тэхнікай выканання Т.Касач пазнаё­мілася ў інтэрнэт-прасторы, не прамінала анлайн-уро­кі з карыснымі парадамі рускіх, украінскіх і беларускіх майстроў народнай творчасці. Прытрымліваючыся тэхнікі стварэння лялькі, жанчына дабаўляе ў касцюм сваіх «падапечных» асабістыя штрыхі, каб кожны выраб меў індывідуальнасць, адрозніваўся знешне, пры тым не парушаў сімволіку і прыналежнасць лялькі-абярэга да пэўнага абраду.

Па словах майстрыхі, работы ствараюцца толькі з прыродных матэрыялаў. Яна працуе і з ільном, які зараз вельмі цяжка прыдбаць, і з натуральнай тканінай. Уласцівасць ільну ўнікальная. Лялька, змотаная з яго, з цягам часу робіцца святлей. Спачатку яна шэрая і толькі праз шмат гадоў набывае колер срэбра. Рукадзельніца аддае перавагу такім тканінам, як паркаль і сацін. У асноўным Тамара Іванаўна працуе з «паношаным» матэрыялам. Для лялек-абярэгаў пад заказ бярэ толькі новую тканіну і вельмі адказна ставіцца да вырабу. Адзін з апошніх заказаў – лялька на ўдалае замужжа. На кожны намотаны варатнічок нявеста загадала жаданне, якім хоча бачыць шлюб са сваім каханым. Ніткі для лялек выкарыстоўваюцца таксама натуральныя, яны павінны «аддаваць» цяплом, каб не халадзілі руку.

Як стала зразумела пры размове, лялькі-матанкі не шыюць, іх намотваюць ніткамі. Таму працэс стварэння вырабу зацягваецца. Кожны абрэзак неабходна прыматаць вялікім слоем нітак. Пры наяўнасці ўсіх матэрыялаў і ідэй у галаве на працу затрачваецца 2-3 гадзіны.

– Бывае, работа новая, загарэлася ідэяй, і я ўжо не лягу спаць, пакуль яе не скончу. Шмат часу ідзе на пошук неабходных лапікаў для афармлення, – гаворыць жыхарка Лазавіч. – Існуе яшчэ адзін павер, чаму нельга пакідаць выраб лялькі назаўтра. Гэта звязана са злымі духамі, якія могуць нашкодзіць «ляльцы-немаўляці».

З даўніх часоў самаробная лялька не мела вачэй, носа, рота. Як тлумачыць наша зямлячка, людзі здаўна баяліся, каб праз гэтыя часткі твару ў выраб не засялілася нечысць. Работа павінна прыносіць чалавеку карысць і служыць яму на добрыя справы. Таму, калі Т.Касач до­рыць свае вырабы знаёмым і блізкім, разумова дасылае пажаданні на шчаслівую долю і здароўе. Жанчына мае двух сыноў, нявестак, унучку і ўнука, таму матуліны і бабуліны абярэгі ў дзяцей таксама ёсць.

Звычайна лялькі носяць імёны сімвалаў, якія нешта абазнача­юць. Напрыклад, у калекцыі Тамары Іванаўны ёсць такія работы: «Дабрана» – гэта лялька на дабро, «Жаданніца» – для спаўнення жаданняў. «Неразлучнікаў» дарылі маладой пары, якая ўступала ў шлюб, на доўгае і шчаслівае жыццё. «Берагіня» (першая работа гераіні матэрыялу) – лялька-ахоўніца дома, яе вешалі над дзвярыма, яна трымала ў руках мяшочкі з соллю, каб людзі, якія прыходзілі з дрэннымі навінамі ці жадалі гаспадарам чагосьці нядобрага, не змаглі ажыццявіць сваю чорную справу. «Манілку» рабілі, калі ў сям’і  былі дзяўчаты на выданні, яе ставілі на акно, і сваты бачылі, у якой хаце трэба шукаць нявесту. Тады яны прыходзілі са сваёй лялькай – «Плясунняй» – моўчкі садзіліся перад бацькам маладзіцы і адстуквалі ёй крокі наперад у напрамку гаспадара дома. Калі ён забіраў ляльку, гэта значыла, што зго­дзен аддаць дачку за хлопца, якога сватаюць, а калі не – сваты забіралі ляльку з сабой. Асаблівую павагу сярод прыхільнікаў творчасці знайшлі такія абярэгі, як «На здароўе» (выконваецца лялька толькі з ільну). Яе клалі ў пасцель чалавеку, які моцна хварэў, а потым спальвалі, каб ён хутчэй  папраўляўся. «Кубышка-траўніца» – абярэг, які адказвае за здароўе ўсіх членаў сям’і. Ён набіваецца рознымі зёлкамі ці ватай. Гэтыя і іншыя абярэгі ўвайшлі ў калекцыі «Каляндарныя народныя лялькі»  (размеркаваны па порах года), «Кола жаночага лёсу», «Лялькі-абярэгі», «Гульнёвыя лялькі».

Тамара Іванаўна, на маю думку, можа смела ствараць у сценах СДК свой міні-музей, таму што мае звыш шасцідзесяці работ. Жанчына шчодра дзеліцца сваімі цацкамі ў сацыяльных сетках  ТikTok, Instagram, «Одноклассники».

Усе сакрэты нараджэння чароўных фігурак аўтар не раскрывае, але прызнаецца, што ніколі не садзіцца за работу ў дрэнным настроі.

– Калі гэта датычыцца лялек, то я ўпэўнена – у іх ёсць частачка душы стваральніка. З якімі думкамі ён над ёю працаваў, так лялька і пойдзе ў жыццё. Ды і наогул лічу, што кожную справу патрэбна выконваць з любоўю, тады яна прынясе станоўчы вынік.

У скарбонцы Тамары Іванаўны Касач шмат узнагарод. Яна – пераможца патрыятычнай акцыі «Дарогамі Перамогі», рэгіянальнага фестывалю народнай песні «Вянок сяброў» у намінацыі «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва» ў складзе майстроў Клецкага раённага цэнтра культуры. Наша зямлячка – дыпламант конкурсу работ дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Мір на маёй зямлі», а зусім нядаўна яе ўзнагародзілі на абласным свяце народных мастацкіх рамёстваў «Слуцкія паясы». Лазавічанка атрымала Дыплом ІІІ ступені ў конкурсе «Беларуская лялька» ў намінацыі «Лепшая тэкстыльная лялька».

КАМЕНТАРЫЙ

Анастасія Сярпінская, удзельніца гуртка «Рукадзельніца»:

– Я з задавальненнем два разы на тыдзень наведваю заняткі таленавітага кіраўніка гуртка Тамары Іванаўны Касач. Кожная сустрэча з ёю – гэта сапраўдны цуд, бо тут пазнаю свет народнай творчасці. Я нічога не ведала пра гісторыю славянскай лялькі і тое, што яна прыйшла да нас з часоў язычніцтва. Тамара Іванаўна перад тым, як навучыць нас вырабу новай лялькі, цікава апавядае, які пасыл яна нясе ў свет людзей.

Вікторыя Бадытчык,  юная рукадзельніца:

– Сустрэча з кіраўніком на занятках гуртка – сапраўднае для мяне свята. Дзякуючы Тамары Іванаўне, я авалодала не толькі сакрэтамі стварэння лялек-абярэгаў, але настаўнік вучыць нас вышываць, вязаць спіцамі, рабіць прыгожыя рэчы з прыроднага матэрыялу. Хочацца пажадаць майму кіраўніку творчасці, каб свой талент і надалей перадавала нам, нашчадкам культурнай спадчыны беларускага народа.

Алена КАРАЖАН.

Фота Паліны ДЗЕГЦЯРОВАЙ.

Отправить комментарий

Возможно, пропустили