Сейчас загружается

“Пацерка ў віне”. Да дня роднай мовы

Танклявая рука з бездакорным манікюрам асцярожна трымала танкасценны вытанчаны бакал. Глыбокія адсутныя вочы ўжо з хвіліну назіралі за густым рубінавым віном, якое паслухмяна круцілася ўнутры шкла.

Мала што можа быць больш зачаравальным, чым назіранне за тым, як умела робіць кругавы рух ярка-чырвоная вадкасць, якая ледзь улоўна выдзяляла ноты вішнёвага джэму змешанага з чорным перцам.

Так падолося Аліне. Яна толькі дакранулася вуснамі да бакала, нават не набрала ў рот прыемнае пітво, проста панюхала і, не выпускаючы з рук прыгожы келіх, пакручвала ім, уяўляючы, што над налітым віном плавае-круціцца маленькая адзінокая пацерка.

Згубленая некім з ніткі караляў. Пакінутая. Чамусьці Аліне ўявілася, што яна падобна на гэтую выдуманую ёй пацерку, бо яна адчувала сябе… І пакінутай, і адзінокай.

Яна сядзела ў дарагім рэстаране за багата накрытым сталом, вакол было няшмат людзей, гучала ціхая мелодыя. Насупраць стаяў такі ж прыгажун-бакал да паловы наліты віном. Віктараў.

Малады мужчына адпіў з яго пару глыткоў і, папрасіўшы прабачэння ў Аліны, сышоў на некалькі хвілін па справах. Якія там у яго справы раптам з’явіліся, Аліну не цікавіла. Чалавек пры пасадзе, галоўны інжынер прадпрыемства па вытворчасці будаўнічых матэрыялаў, магчыма трэба ўладкаваць нейкія рабочыя моманты. Ды і што тут хвалявацца. Яны знаёмыя ўжо больш за два гады.

Лёс звёў маладых людзей на вяселлі сяброў – Аліна была дружкай у сяброўкі, а Віця – ша́ферам у сябра. І новы знаёмы адразу пачаў заляцацца. Але неяк не глянуўся ён Аліне. Адгулялі шумнае вяселле, разбегліся ў вялікім горадзе, абмяняўшыся нумарамі тэлефонаў.

Віктар не згубіўся. Ён не прамінаў ніводнай нагоды, каб патэлефанаваць дзяўчыне, віншаваў з рознымі святамі, зваў у кіно, купіў білеты на канцэрт… Схадзілі. Патузаліся на танцполе. Пагаварылі, пасмяяліся, абмеркавалі прачытаныя кнігі і неспакойныя падзеі на планеце… На гэтым і ўсё. А ў хуткім часе ў Аліны з’явіўся новы паклоннік, і Віктар на нейкі час застаўся за бортам. Але ён чамусьці не спяшаўся шукаць нявесту і пільна сачыў у сацыяльных сетках за буднямі і святамі Аліны, якая калісь з першага погляду разбіла яго сэрца.

Нічога не змянілася ў Алініным настроі: ці сядзеў чалавек побач, ці сышоў некуды па неабходнасці, яна ўсё роўна адчувала сябе адзінокай пацеркай, плаваючай у віне. Хоць на самай справе дзяўчына была, як цяпер модна гаварыць, «пры поўным фаршы»: свая, хай сабе невялікая, кватэра-студыя ў найлепшым мікрараёне горада, рухавенькі «пежоцік» пад вокнамі, няпыльная праца ў адным з надзейных банкаў з прыемным акладам…

Аліна кранула рукой валасы, якія былі акуратна сабраны ў «конскі хвост», некалькі пасмачкаў выбіліся з прычоскі, апраўляючы далікатны твар.

«Пацерка ў віне. Смешна!» – падумала дзяўчына і іранічная ўсмешка кранула яе натуральныя пульхныя вусны. Пачуццё адзіноты не пакідала яе ўжо амаль тры месяцы. Яно прымушала Аліну капацца ў думках аб перажытых днях, шчаслівых хвілінах, якія сышлі ў небыццё разам з Маркам – бязмерна каханым чалавекам. І… здраднікам!

Ён збег, нібы сабака з падціснутым хвастом, у тую ж раніцу, калі Аліна з прамяністымі вачыма і ўсмешкай на ўвесь твар у расхрыстаным жоўтым халаціку выйшла з ванны з тэстам на вагітнасць у руках. Яна не магла стрымаць шчаслівага воклічу: «Марк! Глядзі! Дзве выразныя, яркія палоскі!..» і нечакана ўбачыла, як гэта навіна проста абезрухоміла хлопца.

Той ранак абарваў мары, надзеі, планы… «Усё змяшалася ў доме…» Шчасце з няшчасцем, усмешка з плачам, пяшчота з падманам…

Зазбіраўшыся на працу, спалоханы Марк холадна пацалаваў Аліну ў шчаку, кінуўшы на развітанне: «Я рады. Усё ў цябе будзе добра!» І ціхенька прычыніў за сабою дзверы. І ў той дзень, і назаўтра, і праз тры дні тэлефон каханага абвяшчаў адно і тое ж: «Абанент недаступны або знаходзіцца па-за зонай дзеяння сеткі!» Аліна адчула бяду адразу, пачуўшы яго «Усё ў цябе будзе добра!» Не ў нас! А ў цябе… Нават рэчы свае не прыехаў забраць.

Баязлівец! Хлус! Кан’юнктуршчык…

А яна! Дурніца! Не васямнаццаць жа за плячыма. Так памыліцца ў чалавеку. А здавалася, што ён такі надзейны… Шукаць не стала. І дзіця не стала вытраўляць. Ад каханага ж! Ды і ўзрост не той, што можна прымаць рызыкоўныя і бязглуздыя рашэнні. У 27 гадоў пара станавіцца маці…

Віктар падышоў неўпрыкмет. Прысеў у крэсла. Яго бурштынавыя вочы прыемна блішчалі і замілавана глядзелі на дзяўчыну. Аліна паставіла бакал з віном на стол. Падняла доўгія вейкі на хлопца. Адзначыла, які ён сёння асаблівы. Увесь «з іголачкі», пры гальштуку, нават валасы пастрыжаны неяк па-новаму, модна. Лёгкі халадок прабег па худзенькіх дзявочых плячах. Аліна заўважыла непадробны бляск у вачах свайго візаві, яго хваляванне, і раптам спалохалася ад здагадкі…

Мабыць, Віктар запрасіў яе сёння не проста так у гэты шыкоўны рэстаран. Яна дапусціла, куды ён адлучаўся на некалькі хвілін. І не памылілася.

Усё было, нібы ў тумане. Афіцыянт у беласнежнай кашулі, запаленыя свечкі з ванільным водарам, ад якога адразу закружылася галава, агромністы букет ружаў, пярсцёнак у прыгожым аксаміце, напэўна, немалога кошту; укленчыўшы на адно калена расчырванелы Віктар, яго працягнутая рука…

– Будзь маёй жонкай!

«Божа! Што ён кажа! – спалохана біла ў галаве. – Што ж ён такі гарачы… – Аліна нават не ўстала з крэсла. У яе быццам адняліся ногі. – Ён жа не ведае, што я… Ды і не было ў нас нічога такога яшчэ… Каб адважыцца на прапанову…»

Расхваляваная Аліна моўчкі глядзела на бліскучае вочка пярсцёнка.

Яна, як аблудная авечка, не магла зарыентавацца ў тым, што адбывалася, але разумела ўсю важнасць і адказнасць дзейства. У вачах заказыталі набягаючыя слёзы. Дзяўчына адчула дзіўны ўнутраны боль, быццам кроіла сваю душу вострым лязо, раптам стала так шкада і сябе, і Віктара.

Яе вусны маўчалі. Думкі выспявалі. Сэрца шукала рашэння…

Таццяна ЦВІРКО.

Отправить комментарий

Возможно, пропустили