Сейчас загружается

РЭХА «крывавай дарожкі»

Ірына Шаг, галоўны рэдактар ДУ “Рэдакцыя газеты “Да новых перамог”.

Пасля экскурсіі па музейнай экспазіцыі аб канцлагеры Бяроза-Картузская Дзень народнага адзінства цяпер для мяне гучыць па-іншаму – не як урачысты штамп, а як сведчанне, што адзінства – гэта, калі народ не забывае, праз што прайшоў. І ў Бярозе гэтая памяць вельмі адчувальная. Яна – у сценах «чырвоных казармаў», дзе цяпер знаходзіцца краязнаўчы музей, а дзевяноста гадоў назад быў канцлагер; у зробленай рукамі вязняў шасціграннай плітцы, якая захавалася і да сённяшняга дня.

Ішла па экспазіцыі, і мне не хапала паветра. Газавых камер і крэматорыя тут не было – польскія ўлады ставілі іншую задачу: не знішчыць фізічна, а зламаць дух. «Залатыя правілы» лагера – усё бягом, усё моўчкі. За шавяленне губамі – пакаранне. «Крывавая дарожка» з бітай чырвонай цэглы, па якой вязень поўз на каленях з паднятымі рукамі, – здзек, даведзены да сістэмы. «Дом смерці» – карцар, дзе чалавек губляў пачуццё часу і амаль што страчваў розум. Адзін з камендантаў нават так і казаў: з лагера ёсць два выхады – на пахаванне або ў дом збожнелых. У Бярозу звозілі тых, хто не баяўся выказваць услых, што ён беларус або ўкраінец, а не дадатак чужой дзяржавы. Гэтая машына этнацыду мэтанакіравана знішчала народ, штодзённа сцірала чалавечую годнасць, імкнулася прымусіць людзей адмовіцца ад сваіх поглядаў, ад сваёй ідэнтычнасці. Падпісвалі «дэкларацыю лаяльнасці» не многія, для іх зноў рыхтавалі кругі пекла.

Асабліва цяжка ўсведамляць, што ў жніўні-верасні трыццаць дзявятага, у апошнія тыдні перад вызваленнем, у лагеры павялічыўся паток людзей і быў найбольш масавым. Называюць лічбу ў 7 000 чалавек! Сем тысяч… гэта больш чым паў-Клецка… Вязняў ужо не рэгістравалі па прозвішчах, а прымалі спіскам, ішла безыменная статыстыка. І мы, хутчэй за ўсё, ніколі ўжо і не даведаемся, колькі жыццяў там абарвалася.

Але музей у Бярозе і тыя мерапрыемствы, якія сёння там праводзяцца, – вялікая справа: яны вяртаюць імёны і твары. Экспазіцыя, што пабудавана на ўспамінах народу, не дазваляе ўспрымаць гісторыю, як трагедыю са старонак школьнага падручніка. Тут прыходзіць усведамленне таго, якая далікатная мяжа паміж чалавечнасцю і зверствам, паміж правам людзей быць сабою і намаганнямі сцерці яго з твару зямлі.

Калі мы гаворым пра народнае адзінства, то павінны памятаць і пра тое, як лёгка грамадства можа стаць машынай падаўлення і як цяжка потым сабраць з асколкаў страчаную годнасць. І дзякуй Богу, што мы, беларусы, умеем рабіць вывады з мінулых урокаў. Дзякуючы цвёрдасці, непахіснасці, рашучасці нашага Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, які стаў на абарону свайго народа шэсць гадоў таму, мы сёння, і глыбока спадзяюся, назаўсёды застанемся самадастатковай і моцнай нацыяй, якая памятае мінулае, шануе сваіх герояў і не дазволіць нікому зноў павярнуць беларусаў на «крывавую дарожку».

Адзінства – гэта абяцанне, якое мы даём тым, хто праходзіў праз мукі Бярозы, хто цярпеў у карцарах за права быць сабою, хто не падпісаў «дэкларацыю лаяльнасці» і застаўся чалавекам. І гэтае абяцанне мы абавязаны трымаць не толькі 17 верасня, а кожны дзень.

Отправить комментарий

Возможно, пропустили