Паэт, настаўнік і проста чалавек з дзіўным лёсам Вольга Паўлаўна Лабажэвіч адзначыла 75-гадовы юбілей. З гэтай нагоды ў малой зале раённай бібліятэкі правялі творчы вечар з сімвалічнай назвай “Ад шчырага сэрца”. Ён сабраў аднадумцаў нашай таленавітай зямлячкі.
Гераіня вечара пражыла доўгае, насычанае жыццё, якое знайшло адлюстраванне не толькі ў яе біяграфіі, але і ў кожным радку напісаных ёю твораў. Яе працоўны шлях дзівіць сваёй разнастайнасцю: ад строгага, але справядлівага школьнага настаўніка да захавальніка гісторыі ў сценах раённага музея, ад карпатлівай працы карэктара ў рэдакцыі мясцовай газеты “Да новых перамог” да ранішніх вуліц з венікам дворніка. У гэтай змене прафесій няма супярэчнасці – ёсць толькі велізарная працавітасць, прага жыцця і ўменне бачыць паэзію там, дзе іншыя бачаць толькі руціну.

Павіншаваць юбілярку прыйшлі самыя дарагія людзі: тры дачкі, унучкі, шматлікія сябры, калегі па пяры і чытачы, для якіх яе вершы даўно сталі роднымі. Зала патанала ў разнаколерных кветках, якія струменілі тонкі водар позняга лета.
Праграма мерапрыемства была выбудаваная з глыбокай павагай да творчасці імянінніцы. Вядучыя вечарыны Святлана Гарбуз і Наталля Хаванская прадставілі кожны з васьмі выдадзеных зборнікаў паэткі. А ў іх – і вершы, і гумарэскі, і прыпеўкі, і загадкі, і творы для дзяцей. Гэта быў не сухі бібліяграфічны агляд, а жывы аповед пра этапы жыццёвага шляху.
Зборнік “Загадкі з бабровай хаткі” – першая кніжка аўтара, якая атрымала заслужаную ўвагу ў выхавацеляў дзіцячых садкоў, настаўнікаў і іх падапечных. А ўпэўніцца ў тым, што загадкі Вольгі Паўлаўны змястоўныя і цікавыя, гледачы змаглі, дзякуючы прапанове вядучых паразгадваць іх тут жа, у зале.

“Ад шчырага сэрца” – зборнік, да якога Вольга Лабажэвіч ішла 6 гадоў. Гэтая кніга паэзіі – прага шчырай споведзі перад самой сабой.

“Красуй, зямля” – паэтычны водгук сэрца, у якім услаўляецца жывая душа малой радзімы. На старонках кнігі родны Клецк – у сваёй цішыні і прыгажосці: кожная сцежка памятае лёгкасць кроку аўтара, кожны куток дыхае святлом. Са старонак кнігі “Святло Перамогі” паўстаюць падзеі Вялікай Айчыннай вайны.
Уражаннямі пра дзіцячыя зборнікі “Жывы будзільнік” і “Каляровая планета” падзяліліся даўнія сяброўкі Вольгі Паўлаўны – ветэран педагагічнай працы Соф’я Міхайлаўна Кудаярава і вядомы педагог-ветэран Яўгенія Мікалаеўна Анікей, якія сваімі выступленнямі закранулі струны душы не толькі юбіляркі, але і ўсіх прысутных.
Нікому болю
Гэтулькі не прыносім,
Як сваім бацькам.
Гэта радкі зпаэтычнага зборніка “Запозненая падзяка”, які Вольга Паўлаўна прысвяціла самым родным, блізкім і дарагім людзям у жыцці – бацькам. Кніга вельмі кранальная і змястоўная.
Сама віноўніца імпрэзы стала галоўным апавядальнікам цікавага падарожжа ў часе. З неверагоднай сціпласцю і ціхай усмешкай яна ўспамінала, як пісалася кожная кніга. У шчырых аповедах раскрыліся цікавыя чалавечыя лёсы, старонкі жыцця яе родных, яе дзяцей і ўнукаў. Вольга Паўлаўна з асаблівай цеплынёй казала пра тых, хто дапамагаў ёй за кулісамі творчасці: адважыцца ступіць на паэтычную сцежку, выпраўляць недахопы, набіраць тэксты, афармляць вокладкі, друкаваць кніжкі. Успаміны зрабілі сухія факты выданняў жывымі гісторыямі.
Асаблівую ноту пранізлівасці ўнесла маладое пакаленне – удзельнікі тэатральнага аддзялення Клецкай школы мастацтваў Яна Каталосава і Анастасія Пляшэвіч, якія цудоўна прадэкламавалі вершы Вольгі Лабажэвіч. Кранулі імянінніцу і цёплыя словы ад дарослых унучак, якія не прысутнічалі на свяце, але падрыхтавалі віншаванне для любімай бабулі з экрана.
Музычным упрыгажэннем вечара сталі аўтарскія песні ў выкананні вядомых клецкіх бардаў Вольгі Вячаславаўны Герасімовіч, Аляксея Паўлавіча Лапаты, юнай спявачкі Міланы Рагаўцовай, жаночай вакальнай групы “З песняй па жыцці”. Спараўдны сюрпрыз падрыхтаваў для імянінніцы Мікалай Яўгенавіч Закрута, які напісаў і выканаў песню на верш Вольгі Паўлаўны пра родны горад Клецк. Пацешылі гледачоў выкананнем прыпевак Аляксандр Лявонавіч Бобка і Тамара Афанасьеўна Матвейчук. Мелодыі перапляталіся з вершамі, ствараючы адзінае лірычнае палатно.
Шмат шчырых і прыгожых слоў прагучала ў гэты дзень у адрас імянінніцы.
Тры гадзіны жывых зносін завяршыліся традыцыйным чаяваннем. Гэты творчы вечар стаў сапраўдным святам душы. Ён паказаў, што паэзія нараджаецца не ў цішы недаступных кабінетаў, а ў самай гушчы народнага жыцця – паміж школьным званком, газетнай паласой і шолахам восеньскай лістоты на сцяжынках. Шлях да друкарскай фарбы васьмі зборнікаў пройдзены аўтарам з годнасцю. Кожны яе жыццёвы этап узбагаціў творчасць новымі фарбамі, зрабіўшы голас паэтэсы вядомым і блізкім для землякоў.
Таццяна ЖНІВЕНЬСКАЯ.
Фота з архіва аўтара і ДНП.




Отправить комментарий