Сейчас загружается

Сэрцам я пішу. Вольга Лабажэвіч адзначыла 75-гадовы юбілей

Імя таленавітай паэткі Вольгі Лабажэвіч добра знаёма жыхарам Клеччыны. Яе творчы саюз з раённай газетай доўжыцца ўжо мноства гадоў.

Менавіта на старонках «Да новых перамог» у 2008 годзе пабачыў свет яе першы «дарослы» верш, хоць паэтычны дар праявіўся яшчэ ў школьныя часы.

Вершы Вольгі Лабажэвіч рэгулярна публікуюцца ў раёнцы. Яе творы друкаваліся ў такіх вядомых выданнях, як «Звязда», «Народная газета», «7 дней», часопіс «Вожык».

У творчым багажы паэткі – сем аўтарскіх зборнікаў, сярод якіх «Загадкі з бабровай хаткі», «Ад шчырага сэрца», «Красуй зямля!», «Святло перамогі», «Каляровая планета», «Жывы будзільнік», «Запозненая падзяка». Шматлікія вершы, байкі, гумарэскі, прыпеўкі і загадкі пакуль чакаюць свайго часу ў рукапісах.

Вольга Паўлаўна – чалавек нястомнай энергіі. Яна – часты госць на Днях пісьменства, творчых вечарынах, школьных сустрэчах.

У сваіх творах аўтар закранае розную тэматыку: духоўную, ваенную, філасофскую, пейзажную, гумарыстычную і іншыя. Асаблівай пяшчотай прасякнуты радкі, прысвечаныя маці і прыгажосці роднай прыроды. Асобнае месца ў творчасці займаюць мілагучныя творы для дзяцей, якія дапамагаюць малым палюбіць беларускае слова. Яе лірыку дапаўняюць віншаванні са святамі і прысвячэнні родным, калегам і знаёмым людзям.

В.Лабажэвіч таксама плённа займаецца перакладамі вершаў на родную мову. 23 красавіка Вольга Паўлаўна адзначыла свой 75-гадовы юбілей.

Калектыў рэдакцыі і члены літаратурнага аб’яднання «Голас» пры раённай газеце «Да новых перамог» ад шчырага сэрца віншуюць Вас!

Жадаем моцнага здароўя, нязгаснай бадзёрасці і светлага настрою. Няхай кожны дзень дорыць натхненне для новых творчых поспехаў, а жыццё поўніцца толькі добрымі эмоцыямі. Жадаем, каб побач заўсёды крочылі самыя дарагія і блізкія людзі. Няхай здзяйсняюцца ўсе Вашы мары і самыя запаветныя жаданні!

Жыцця майго калыска!
Мой родны Клецк –
Жыцця майго калыска
З табой мая душа,
Далёка я ці блізка…
Я прысвяціла зборнік вершаў
Табе, любімы горад мой.
Дзясятак год жыву не першы –
Мы парадніліся з табой.
Жыцця свайго я не ўяўляю,
Каб без цябе прыйшлося жыць.
Кляччанка – назаўсёды, знаю.
І званнем буду даражыць.
Вайна не раз цябе знішчала…
І ад пажару ты гарэў.
Дзевяць стагоддзяў мінавала –
Мой гарадок не пастарэў.
Ляцяць гады ў нябыт імгненна…
Ты ж прыгажэеш кожны год.
Квітнець ты будзеш, несумненна,
Як і краіна, і народ.
Жыві, красуй, мой горад мілы!
Хай людзям шчасціць у жыцці!
Любоў к табе, пакуль ёсць сілы,
У сэрцы буду я нясці.

Акравершы

Беларусі

Б – Былінны край – любімая старонка!
Е – Елак, ліпаў водар не забыць.
Л – Ліюцца песні весела і звонка.
А – Абшар палёў калоссем тут шуміць.
Р – Рапсодыяй гучыць спеў салаўіны.
У – Ультрамарынам нас чаруе лён.
С – Сурвэтамі квітнеюць лугавіны.
І –  І нескароны тут народ жыве здавён.

Клецку

К – Красуй, гарадок мой, радзіма малая!
Л – Лепшай мясціны для сэрца не маю.
Е – Ездіць па свеце хоць можна бясконца,
Ц – Цябе ўсё ж люблю: для мяне ты – як сонца.
К – Кудысьці паеду – спяшаю дамоў:
У – У сэрцы не меркне да Клецка любоў…

Отправить комментарий