Сейчас загружается

Ветэраны працы Клеччыны спаборнічалі ў каманднай эстафеце

Класік беларускай літаратуры Якуб Колас у сваім вершы “На рэчцы зімою” пісаў: “Не сядзіцца ў хаце хлопчыку малому…” Ветэранам працы Клецкай раённай арганізацыі таксама не сядзіцца на месцы. Зусім нядаўна праходзілі спаборніцтвы па лыжных гонках, а сёння, 10 сакавіка, ветэраны зноў надзелі спартыўную форму і падрыхтаваліся да наступнага этапу спартыўнай барацьбы пад дэвізам “Нам года не беда!”.

У аўторак прайшлі спаборніцтвы ў каманднай эстафеце і плаванне. Хочацца дадаць, што ўсяго ўдзельнічалі 7 пярвічных ветэранскіх арганізацый па 5 чалавек у камандзе: ААТ “Клецкі мехзавод”, “Клецкі ТЦСАН”, “Клецкі райвыканкам”, КУП “Клецкая ЖКГ”, “Клецкі лясгас”, УП “Клецкі ВХЗ”, Клецкі філіял ААТ “Слуцкі сыраробчы камбінат”. Камандная эстафета прадугледжвала некалькі этапаў: дартс, хакей, боўлінг, збор ураджаю, накід кола, перадача мяча. Пасля гэтага – плаванне па 2 прадстаўнікі ад каманды – жанчына і мужчына.

З прывітальнымі словамі да ўсіх удзельнікаў звярнуліся старшыня савета Клецкай раённай арганізацыі ветэранаў Л.Ул.Іванейчык і загадчык аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі і абілітацыі інвалідаў Клецкага ТЦСАН Н.Ул. Вераб’ёва. Яны гаварылі аб тым, што галоўнае ў сённяшніх спаборніцтвах не перамога, а ўдзел, зносіны з калегамі, магчымасць адчуць свае сілы, праявіць здольнасці, набрацца пазітыву і задору, паказаць песімістам, што жыццё на пенсіі не заканчваецца, а расцвечвае новымі фарбамі.

Любыя спаборніцты – гэта захапляльнае відовішча. Усе ўдзельнікі, не звяртаючы ўвагу на ўзрост, на праблемы ў стане здароўя, стараліся з ўсіх сіл, падтрымліваючы нават сваіх праціўнікаў з другіх каманд.Вялікую зацікаўленасць вызвалі ў удзельнікаў накід кола, боўлінг і хакей. Голасна віталі каманды і балельшчыкі плаўцоў. Па выніках усіх конкурсаў (лыжня, плаванне, камандная эстафета) месцы размеркаваліся наступным чынам: 3 месца ў каманды Клецкага філіяла “Слуцкі сыраробчы камбінат”, 2 –у каманды ветэранаў Клецкага райвыканкама, пераможцамі сталі ўдзельнікі каманды КУП “Клецкая ЖКГ”.

Усе удзельнікі атрымалі падарункі ад савета Клецкай раённай арганізацыі ветэранаў і спонсараў спаборніцтваў, а таксама сувеніры ад савета старэйшын Клецкага райвыканкама і салодкія падарункі ад сваіх арганізацый. А самае галоўнае – вялікі зарад бадзёрасці і пазітыву. Вялікая ўдзячнасць кіраўніцтву і работнікам Клецкага ФАЦ за падрыхтоўку конкурсаў, іх правяденне, за арганізаванасць і добрыя адносіны да ветэранаў.

Старшыня савета Клецкай раённай
арганізацыі БГА ветэранаў, Людміла Іванейчык.

Отправить комментарий

Возможно, пропустили