Сейчас загружается

Навучэнцам сельскагаспадарчага коледжа расказалі аб ахвярах Халакосту

Сёння Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту. Адзначаецца 27 студзеня, у дзень вызвалення савецкімі войскамі нацысцкага канцэнтрацыйнага лагера «Асвенцым». Памятны дзень быў устаноўлены Генеральнай Асамблеей ААН 1 лістапада 2005 года. Ініцыятарамі прыняцця дакумента выступілі Ізраіль, Канада, Аўстралія, Расія, Украіна, ЗША, а іх суаўтарамі – яшчэ больш за 90 дзяржаў. У Асвенцыме былі закатаваны больш за мільён зняволеных. За 1941-1945 гады ахвярамі злачынстваў нацыстаў і іх саўдзельнікаў сталі каля шасці мільёнаў яўрэяў, паводле ацэнак сучасных даследчыкаў, каля васьмі сотняў тысяч з іх былі знішчаны на тэрыторыі акупаванай Беларусі.

З гэтай нагоды супрацоўнікі музея сустрэліся з навучэнцамі сярэдняй школы №1 і сельскагаспадарчага коледжа, пазнаёмілі іх з гісторыяй габрэйскай супольнасці Клецка і гісторыяй трагічнага знішчэння габрэйскага насельніцтва ў годы Вялікай Айчыннай вайны.

Гісторыя Клецка на працягу 500 гадоў была звязана з габрэйскай супольнасцю, якая складала 70% усяго насельніцтва горада.

Першая згадка пра габрэйскую супольнасць г.Клецка знаходзіцца ў законе Вялікага Княства Літоўскага ад 1539 года, які наклаў на габрэйскія супольнасці дзяржавы адмысловыя падаткі. Згадвалася там таксама і габрэйская супольнасць горада Клецка.

У 1683г. габрэі складалі амаль траціну гарадскога насельніцтва. Гэты рост можна растлумачыць запрашэннем яўрэйскіх купцоў і рамеснікаў у апусцелыя пасля вайны паселішчы, што было характэрна для ўсёй Беларусі. Сваёй працай і капіталам яны меліся ажывіць паўмёртвыя гарады. На новых месцах габрэі праявілі ўласцівы ім спрыт, асабліва ў гандлёвай сферы.  Пазней колькасць іудзеяў няспынна ўзрастала, з часам яны склалі абсалютную большасць гараджан.

Сярод клецкіх купцоў усё больш пераважалі габрэі, якія паступова апанавалі ўвесь гандаль. Пасля Паўночнай вайны (1700-1721) іх колькасць вырасла і да 1740г. складала больш за палову насельніцтва горада. Гэты лік пастаянна павялічваўся як шляхам натуральнага прыросту, так і за кошт міграцыі з іншых гарадоў.

У ХІХ ст. габрэяў па царскаму ўказу высялялі з сельскай мясцовасці і застаўлялі перасяляцца ў гарады і мястэчкі. Праз некалькі гадоў у Клецку сустракаюцца такія прозвішчы: Бабічоўскі Гадэль, Ліскаўскі Мойша, Лактышоўскі Еля, Колкаўскі Гірш. Прозвішчы, верагодна, азначаюць вёскі, адкуль продкі гэтых людзей былі сселены у мястэчка.

У Клецку ў 1819г. на Рыначнай плошчы размяшчалася 77 драўляных крамаў. Амаль усе яны належылі габрэйскім купцам. У апісанні згадваецца толькі адзін крамнік-беларус. Многія з габрэяў-гандляроў былі вельмі багатыя, уплывовыя і вядомыя далёка за межамі Клеччыны. У іх можна было заказаць практычна любы тавар ці тканіну нават з Лондана або Парыжу, і заказаная рэч у хуткі час дастаўлялася ў Клецк.

У канцы ХІХ ст. у горадзе дзейнічала фабрыка па вырабу касцяных грабянёў, якая належыла габрэям. Таксама працавала шмат дробных рамесніцкіх майстэрань.

Пасярод рынку знаходзіліся гандлёвыя рады (лабазы). Кожны панядзелак, у так званы рыначны дзень, у Клецк з’яжджаліся жыхары навакольных вёсак, прадавалі свае сельскагаспадарчыя тавары і куплялі ў габрэяў усё неабходнае для сябе.

Акрамя гандлю габрэі займаліся рознымі рамёствамі. Сярод іх сустракаліся найлепшыя спецыялісты і майстры, вядомыя па-за межамі Клеччыны: ювеліры, кушнеры, шаўцы, шапашнікі, краўцы, цырульнікі. Яны маглі выконваць вельмі кваліфікавана будаўніцтва млыноў, спіртзаводаў і бровараў, вытворчасць алею і г.д. З вакольных сядзіб да габрэйскіх майстроў прывозілі розную сельскагаспадарчую тэхніку на рамонт.

Напачатку ХХ ст. дзейнічала 2 фотаатэлье, друкарня і адзіная аптэка, уладальнікамі якіх з’яўляліся габрэі. Было 5 ветраных млыноў, куды сяляне прывозілі малоць зерне, круглы год працавалі 4 паравых млына.

Клецк славіўся сырамі, якія выраблялі габрэі. Гэтых майстроў называлі “пактэрамі”. Яны скуплялі малоко і выраблялі так званы “літоўскі сыр” (літвіш кез), які адрозніваўся ад іншых найвыдатнейшым смакам. Клецкі сыр ведалі ва ўсёй Польшчы, яго адпраўлялі ў Варшаву, Лодзь і іншыя гарады.

Некаторыя габрэі займаліся сушкай яблыкаў, якія потым адпраўляліся ў Гданьск, дзе быў цэнтр гандлю сухафруктамі. Акрамя таго, былі 2 невялічкія фабрыкі ліманада, маленькая фабрыка па вытворчасці мыла, невялікая друкарня і электрастанцыя.

Калі рынак быў эканамічным цэнтрам горада, то ўнутраны двор сінагогі быў духоўным цэнтрам габрэйскай супольнасці. У гэтай частцы горада знаходзіліся ўсе мясцовыя ўстановы, пункты медыцынскай дапамогі, лазня, сінагогі.

Дзейнічала мужчынскае габрэйскае вучылішча з жаночай зменай, 3 сінагогі, іешыва.

За мяжой чалавечнасці

26 ліпеня 1941г. Клецк быў акупіраваны нямецкімі войскамі.

Адной з самай жудасных праяў акупацыйнага рэжыму быў генацыд у дачыненні да габрэйскага насельніцтва. У Клецкім раёне за гады акупацыі было знішчана звыш 6000 габрэяў.

Расстрэлы габрэйскага насельніцтва пачаліся з першых дзён акупацыі. Ужо ў жніўні 1941г. у в.Заастравечча і Сіняўка пачалося масавае знішчэнне мясцовых габрэяў.

  30 кастрычніка 1941 года каля Пакроўскай царквы г.Клецка было расстраляна больш за 4000 габрэяў, пераважна жанчыны, дзеці, старыя, прадстаўнікі інтэлігенцыі.

У рове каля сялянскіх могілак выяўлена сем брацкіх магіл… У шостым пахаванні, размешчаным асобна, былі знойдзены целы 48 дзяцей ва ўзросце ад 2-х месяцаў да 15 гадоў, якіх, па сведчаннях сведак, закапалі жывымі…”

Астатнія, каля 1 500 найбольш працаздольных чалавек, былі заключаны ў гета, якое ахоплівала Слабадскую, Сіняўскую, Заранаўскую, Нясвіжскую і Слонімскую вуліцы. Вязняў выкарыстоўваліся на самых цяжкіх працах.

22 ліпеня 1942г. гета было знішчана. Амаль усе яго вязні загінулі ад кулі або згарэлі ў агні, толькі некаторым з іх удалося ўцячы ў лясы да партызан. Ва ўрочышчы Старына былі растраляныя бежанцы, туды звозілі целы загінуўшых падчас знішчэння гета.

Пасля 1945г. у Клецку жыло толькі некалькі габрэяў.

4 ліпеня 1944г. горад Клецк быў вызвалены.

Больш за 5000 габрэяў Клецка спачывае ў двух агульных магілах. Адна з іх знаходзіцца непадалёку ад старых могілак, другая – на ўскрайку леса Старына.

 Вось так трагічна скончылася шматвекавая гісторыя габрэяў Клецка, закатаваных нацыстамі.

ДУ “Музей гісторыі Клеччыны”.

Отправить комментарий

Возможно, пропустили