Не спазніцеся жыць
З вялікай цікавасцю і хваляваннем прачытала новы, шосты па ліку зборнік сваёй зямлячкі Таццяны Цвірко «Не спазніся…», які аўтар уласнаручна ўручыла мне з прыгожым і цёплым аўтографам.
Вокладка і назва кнігі міжволі нагадалі філасофскія радкі з верлібра вядомага паэта Алеся Каско «Пясочны гадзіннік»:
Дзве долі адзінства;
перасыпаецца час
з адной у адну…
Паўтараецца ў нас,
паўтараецца ў кімсьці.
Так доўга жывём
і ўсе гэтак жа прагнем
разумення і міру.
У век электронікі –
той жа гадзіннік:
час не старэе.
Прыемна ўразілі і аб’ём зборніка (у ім 216 старонак), і яго знешні выгляд. Будзільнік і пясочны гадзіннік на вокладцы папярэджваюць нас аб хуткаплыннасці нашага жыцця, заклікаюць чытача цаніць кожнае жыццёвае імгненне, старацца пражыць адведзены лёсам і Богам каштоўны час сумленна і з карысцю.
У кнігу ўвайшлі 7 эсэ і 19 апавяданняў. З нецярпеннем прыступіла да знаёмства з творамі і ўжо пасля першага эсэ «Светлавокая мая, светласэрцая» зразумела, што чытаць кнігу неабходна павольна, няспешна, удумліва, смакуючы і асэнсоўваючы кожнае слова, напісанае аўтарам шчыра, праўдзіва, адкрыта, з вялікай пяшчотай і захапленнем. Радок за радком пісьменніца дзеліцца з чытачом самым дарагім і сакраментальным, што перапаўняе яе сэрца і душу. Незвычайная любоў адчуваецца ва ўсім, пра што б яна ні пісала: пра Радзіму, матулю, бацьку, горад свайго юнацтва (Нясвіж), веру ў Бога, малітву, шматлікіх герояў і іх лёсы…
Усе эсэ напісаны вельмі эмацыянальна, узнёсла, кранальна і пранікнёна, з вялікай адкрытасцю і даверам да чытачоў. Творы хвалююць, расчульваюць, выклікаюць роздум, не могуць пакінуць нікога раўнадушным ці абыякавым.
У сваіх апавяданнях аўтар праявіла сябе як таленавіты празаік. Таццяна Цвірко – сапраўдны майстар разгортвання сюжэта. Падзеі ў творах адбываюцца інтрыгуюча, жыццёва, праўдападобна, забіраюць у палон адразу і не адпускаюць увагу да апошняга радка. Здзіўляе арыгінальны пачатак кожнага апавядання. Заварожвае прыгожая, сакавітая мова. У большасці твораў – светлы і аптымістычны фінал. Прыклад таму апавяданне «Белая галубка», у якім гэта выражана не толькі падзеямі, але і пэўнымі сімваламі: «Галубы, якія лётаюць над вашым домам, якія сядзяць каля акна або на даху, прадказваюць атрыманне светлых вестак ад блізкіх людзей… Адна белая птушка – радасныя навіны для чалавека, які мае без вестак зніклага сваяка».
Героі апавяданняў – людзі самага рознага ўзросту, статусу, сацыяльнага становішча і прафесій: бацькі і дзеці, мужы і жонкі, бабулі, дзядулі, настаўнікі і вучні, пенсіянеры і студэнты, вадзіцелі, інжынеры, педагогі.
Сваім героям пісьменніца надае выразныя і дакладныя партрэтныя і моўныя характарыстыкі, а таксама расказвае пра іх праз роздумы, развагі, дзеянні, учынкі, хваляванні і перажыванні. Часта выкарыстоўвае для гэтага і тонкія мастацкія дэталі, якія выклікаюць шчымлівы боль у душы. Менавіта так ужыты мастацкі прыём у пачатку апавядання «Белая галубка»: «Агеньчык у грубцы скакаў жвава, гуляўся з падкінутымі паленцамі…» І гэты агеньчык, як мы даведваемся, выклікаў шчымлівы боль у душы галоўнай гераіні Дамінікі, маладой дзяўчыны. Успомнілася ёй, як добра, цёпла, спакойна і ўтульна жылося ў гэтай хаце, пакуль была жывая маці. Цяпер яна апошнюю ноч начуе ў сваім гняздзечку дзяцінства, а заўтра вымушана прадаць яго і развітацца назаўжды, каб не трапіла хаціна пад бульдозер, з дапамогай якога сціраюць з твару зямлі пустуючыя хаты ў выміраючых вёсках. Увесь боль і трагедыю гэтага пачуцця можа зразумець толькі той, хто сам перажыў такую падзею ці нешта падобнае. Мне вельмі блізкія пачуцці Дамінікі, бо хату і садок маіх бацькоў напаткаў такі ж лёс… І я ўпэўнена, што далёка не толькі мне адгукнуўся гэты твор! Таццяна Цвірко душэўна прапануе «зірнуць на жыццё вачыма герояў, чые звычкі і паводзіны вельмі блізкія кожнаму з нас. Праз прызму паўсядзённых сітуацый і асабістых перажыванняў чытач акунецца ў свет, поўны знаёмых эмоцый і абставін».
Нельга не заўважыць, што кніга мае вельмі разнастайную тэматыку і праблематыку. У творах закранаюцца вострыя, сацыяльна значныя грамадскія тэмы і праблемы: кахання, вернасці і здрады, мацярынства і бацькоўства, адказнасці, веры, сяброўства, сямейных каштоўнасцей, наркаманіі, брыдкаслоўя, даравання, прымірэння…
Мудрая кніга разлічана на ўважлівага, удумлівага і нераўнадушнага чытача, таго, хто здольны прааналізаваць прачытанае і зрабіць адпаведныя высновы, хто неабыякавы да таго, што адбываецца ў жыцці і ў грамадстве. І гэта могуць быць чытачы любога ўзросту (кніга пазначана 16+), гендарнай і статуснай прыналежнасці. Я ўпэўнена, што самы строгі і патрабавальны чытач зможа знайсці для сябе штосьці цікавае і карыснае, бо аўтар умела ставіць сваіх герояў перад складаным маральным выбарам, перад вырашэннем унутраных канфліктаў і жыццёвых урокаў. Усе творы, незалежна ад іх аб’ёму, поўныя шчырасці пачуццяў і глыбіні думак, вымушаюць нас пра многае задумацца і зрабіць высновы, што наша жыццё складаецца з імгненняў, кожнае з якіх можа стаць вырашальным! Важна толькі не спазніцца, пра што і папярэджвае ў сваёй кнізе Таццяна Цвірко.
Хочацца закончыць водгук на кнігу «Не спазніся…» сваімі роздумамі, што ў некаторай ступені дапаўняюць асноўную думку зборніка вядомай зямлячкі, якія ў мяне склаліся ў вершыхоку:
Мільярды гадоў
Зямлі лічыць навука.
Імгненні – ніхто.
***
Наш час – каштоўнасць.
Транжырым безаглядна.
Назад не вярнуць.
***
Цаніце жыццё –
Каштоўнейшы Божы дар.
Не спазніцеся!..
Вольга Лабажэвіч, г.Клецк.



Отправить комментарий