У Клецкім раёне прайшоў абрад, які прызнаны нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі. Сёння аграгарадок Лазавічы стаў цэнтрам народнага святкавання: тут прайшло абрадавае свята «Шчадрэц».

Госці мерапрыемства мелі магчымасць не толькі палюбавацца на вырабы народных майстроў Клеччыны, але і набыць розныя ўнікальныя сувеніры сабе на памяць.
Праграма была цiкавая i насычаная. Прысутным паказалі фільм пра абрад «Каляды».
Пасля запрасілі ўсіх на дэгустацыю страў беларускай нацыянальнай кухні.

Кульмінацыяй стала традыцыйнае шчадраванне з Жарэбнай Кабылай. Мужчыны, захаваўшы старажытны звычай, абышлі вясковыя двары з віншаваннямі гаспадароў з нараджэннем Хрыста і наступленнем Новага года.

У гэты час астатнім удзельнікам свята дарылі настрой артысты народнага клуба «Асалода», якія дэманстравалі майстар-клас па побытавых танцах.

ДАВЕДКА:
Гэты ўнікальны абрад «Традыцыя шчадравання з Жарэбнай Кабылай у аграгарадку Лазавічы Клецкага раёна Мінскай вобласці» мае афіцыйны статус: ён прызнаны нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі і ўключаны ў Дзяржаўны спіс аб’ектаў нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці. Адпаведнае рашэнне было прынята ў 2025 годзе Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай радай па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь.
Уключэнне ў Дзяржаўны спіс гарантуе абраду дзяржаўную ахову і спрыяе яго захаванню для будучых пакаленняў. Гэта важная падзея для ўсяго нашага раёна.
Самабытны абрад уяўляе сабой зімовы вячэрні абыход двароў, які адбываецца з 13 на 14 студзеня, прычым удзел у ім, паводле даўняга звычаю, бяруць выключна мужчыны.
ІРЫНА ЖДАНКО.
Фота з архіва РЦК.













Отправить комментарий