Апошнія месяцы лета заўсёды былі напоўнены для аграрыяў асаблівым пачуццём: чаканнем вынікаў збору вырашчанага ўраджаю хлеба. Хваляваліся ўсе: кіраўнікі гаспадарак, галоўныя аграномы, пад пільным наглядам якіх закладвалася аснова будучага каравая, а таксама механізатары і ўсе, хто быў задзейнічаны на жніве, дапрацоўцы збожжа. А кожны сезон традыцыйна завяршаўся словамі шчырай падзякі аграрыям.
«Да новых перамог» напярэдадні «Дажынак 2025» задалася мэтаю зазірнуць у мінулае і прасачыць, як раней ладзіліся ўрачыстасці, звязаныя з завяршэннем жніва. Для гэтага журналісты пагарталі архіўныя нумары раёнкі.
Адразу прыцягнула ўвагу газета за 13 ліпеня 1967 года з матэрыялам «Рабочы план уборкі ўраджаю бягучага года ў сельгасарцелі «Іскра». З тэксту зразумела, што калгаснікам патрэбна ўбраць 142 га льну, 640 га азімых і 360 га яравых збожжавых. Ні ў якае параўнанне з сённяшняй тэхнікай не ідзе тая, на якой самааддана працавалі аграрыі 60х: камбайны СК3 і СК4, аўтамашыны ГАЗ51, МТЗ са стагакідальнікамі, Т74 з валакушамі. Пагадзіцеся, што зараз інакш як гераічнай працу аграрыяў таго часу назваць нельга.

Усе калгасы і саўгасы вырошчвалі і ўбіралі ўраджай у аднолькавых умовах. Чытаем на старонках назвы гаспадарак: «Памяць Леніна», «імя Жданава», «Савецкая Беларусь», «Кастрычнік», «Сцяг Саветаў», «Іскра», «імя Чкалава», «Запаветы Ільіча», «Авангард», «Прагрэс», «Праца», «Зара камунізму», «Шлях да камунізму», «Чырвоны Сцяг», «імя Ульянава», «Чырвоны партызан», «Камунар» , «Праўда», «Чырвоная зорка», «Туча» і «Зубкі».

З вялікай цікавасцю чытачы раёнкі сачылі за тэмпамі жніва і яго лідарамі. На першай старонцы вялікімі літарамі зверху друкаваліся імёны герояў уборкі ўраджаю. Імі ганарыліся, іх ставілі ў прыклад, за лідарамі цягнулася моладзь.
Газета фактычна заклікала працаваць плённа загалоўкамі накшталт: «Хвілінай кожнай даражы, штурмуй уборкі рубяжы!», «Жніва час гарачы на ўдарную кліча працу!», «Час кароткі ў жніва. Набліжаецца сяўба».
Што тычыцца «Дажынак», то аб іх надрукавана ў газеце за 12 жніўня аб першынстве камбайнераў калгаса «Кастрычнік» – сціпла, хоць і на першай старонцы, але без фотаздымкаў.

Маштабнага хлебаробскага свята, якім мы яго сабе ўяўляем цяпер, у 1967 годе не праводзілася.
Заглянем на 40 гадоў наперад – у нумары раёнкі за 2007 год. Інфармацыя аб ходзе жніва размяшчаецца фактычна ў кожным нумары. Рэпартажы з гаспадарак цікавыя, змястоўныя.

У раёнцы за 17 ліпеня апублікаваны тэкст пра абласныя «Зажынкі» ў Морачы. На першай старонцы рэгулярна друкуецца інфармацыя пад рубрыкай «Раённы флаг працоўнай славы» і «Прэсцэнтр раённага штаба па правядзенні жніва».

З іх мы даведваемся аб сярэдняй ураджайнасці зерневых у раёне: 35,7 ц/га супраць 13,8 ц/га, якімі ганарылася Клеччына ў 1967 годзе. Дарэчы, гаспадарак у раёне ўжо налічвалася 14.
На жніве працавалі ў тым годзе 10 маладзёжных экіпажаў і 17 маладых вадзіцеляў. А лідарамі па намалоту першых 500 тон сталі хлебаробы СВК «Кухчыцы» Віктар Сіцька і Яўген Пілецкі.
Гістарычным рубяжом назвала раёнка 9 жніўня 2007 года намалот у 2000 тонн збожжа камбайнерамі РУСП «Племянны завод «Чырвоная зорка» Іванам Сасіновічам і Генадзем Дзямідчыкам. На фотаздымку разам з механізатарамі бачым Іосіфа Іосіфавіча Плаўскага, Мікалая Міхайлавіча Мацуля і Канстанціна Іосіфавіча Чурылу.

Пра тое, як завяршылася жніво, даведваемся з інтэрв’ю з першым намеснікам старшыні райвыканкама – начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімірам Наумовічам.
Шырока аб раённых «Дажынках» раёнка таксама нічога не друкуе.
Праглядваем падшыўку газеты яшчэ за адзін год – 2015ы.
Трэба адзначыць, што ў гэты перыяд на старонках «Да новых перамог» шырока асвятляюцца як «Зажынкі» (зноў – на марачанскай зямлі, з удзелам старшынь абласнога выканаўчага камітэта і абласнога Савета дэпутатаў), так і «Дажынкі».
У той год тысячу тон збожжа на Клеччыне намалаціў камбайнавы экіпаж ААТ «Кухчыцы» ў складзе Міхаіла і Людмілы Васілеўскіх. Сярод моладзі тады лідзіравалі Дзмітрый Шкуцька і Сяргей Славута з ДП «Племянны завод «Чырвоная зорка».
Дзве старонкі ў газеце за 19 жніўня прысвечаны «Дажынкам 2015». Свята хлебаробаў у скверы на беразе маляўнічага вадаёма тады прымалі Лазавічы.


З таго часу прайшло роўна дзесяць гадоў. Традыцыя ладзіць урачыстасці ў гонар тых, хто шчыра і самааддана працуе на хлебных нівах, перавозіць і дапрацоўвае збожжа, каб захаваць яго ў засеках, прыкладае ўсе намаганні дзеля бесперабойнай работы тэхнікі і забяспечвае камфорт механізатараў у час самай гарачай у сельскай гаспадарцы пары, трывала ўкаранілася ў нашым раёне. З кожным годам святочныя мерапрыемствы праходзяць усё ярчэй і маштабней.
Гэта відаць нават знешне, калі праехаць па аграгарадках, дзе «Дажынкі» адбыліся за апошняе дзесяцігоддзе.
– Гэта вельмі добра, бо паглядзіце, як аднаўляюцца нашы аграгарадкі, якія прымаюць «Дажынкі», – сказала нам два тыдні назад жыхарка аг.Сякерычы, калі журналісты назіралі за падрыхтоўкай да раённага свята. – Сколькі прыгажосці вакол з’явілася, вуліцы заасфальтавалі. Мы раней пра гэта нават марыць не маглі! А сёння жывём, быццам у райцэнтры. Дзякуй за гэта нашым уладам!
Канешне, хацелася б яшчэ больш пагартаць архіўныя нумары раёнкі. Толькі ёсць яшчэ адзін факт, пра які вельмі хочацца нагадаць менавіта цяпер – прыз імя Аляксандра Шлапакова

З году ў год ён перадаецца толькі тым, хто дасягнуў найвялікшых вынікаў на жніве. З Аляксандрам Апанасавічам знаёма асабіста. Некалькі гадоў запар у час уборкі хлеба наведвалася ў «Тучу», каб пагутарыць са Шлапаковым, рабіла з ім інтэрв’ю для раённага радыё. Гэта вельмі сціплы і прыветлівы чалавек. Ён ніколі не ганарыўся сваімі дасягненнямі, хаця пра яго ведаў у свой час увесь Савецкі Саюз.
Так, ён – Аляксандр Апанасавіч Шлапакоў – прызнаны лідар хлебаробскай справы, спецыяліст вышэйшага класа. У 1982 годзе заняў другое месца на ўсесаюзных спаборніцтвах аратых, а ў 1986 годзе ўзяў трэцяе месца на спаборніцтвах механізатараў краін членаў СЭВ.
А.Шлапакоў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, чатырма сярэбранымі медалямі ВДНГ СССР. У 1982 годзе яму было прысвоена ганаровае званне «Заслужаны механізатар СССР».
Таму зусім не дзіўна, што ў гонар нашага знакамітага земляка райвыканкамам у 2004 годзе быў заснаваны імянны пераходны прыз, які ўручаецца экіпажу збожжаўборачнага камбайна, дасягнуўшаму найвышэйшага намалоту. Сёлета ім узнагародзяць Паўла Шуцілу.
Валянціна СЯНКЕВІЧ.
Фота з архіва «Да новых перамог».
Падабралі для вас архіўныя фотаздымкі святкавання раённых “Дажынак” у розныя гады.
2012 год – Янавічы
2013 год – Клецк
2014 год – Морач
2015 год – Лазавічы
2016 год – Янавічы
2017 год
2018 год – Кухчыцы
2019 год – Зубкі
2020 год – Сіняўка
2021 год – Янавічы
2022 год – Морач
2023 год – Грыцэвічы
2024 год – Заастравечча
Отправить комментарий