Сёння Клецкая раённая бібліятэка запрасіла аматараў літаратуры і майстроў слова на свята беларускага пісьменства. Тут сабралася шмат людзей, неабыякавых да сваёй гісторыі, культуры і роднага слова. Пазнаёміцца з творчасцю землякоў прылі вучні Клецкай гімназіі і другой гарадской школы.

Член Саюза пісьменнікаў Беларусі Галіна Нупрэйчык распачала свята шчырымі віншаваннямі і падкрэсліла важнасць сённяшняга свята.

Жадаю нашым паэтам, музыкам шмат новых твораў, усім жадаю міру, дабра, цяпла.
Перадаю віншаванні ад Ліліі Віктараўны Мялешка, якая заўсёды была душой гэтага свята, а зараз, душой, прысутнічае тут.

У ходзе мерапрыемства ўдзельнікі мелі магчымасць паслухаць вершы нашых землякоў, якія адлюстроўваюць значэнне паэзіі і роднай мовы ў жыцці ўсіх беларусаў. Свае творы, прысвечаныя роднаму Клецку, Беларусі, Вялікай Перамозе, пранікнёна чыталі майстры слова: Галіна Нупрэйчык, Юрый Эверт, Іван Бобка, Вольга Лабажэвіч, Ларыса Гадун і Сяргей Лескавец.
Старэйшы навуковы супрацоўнік музея «Гісторыі Клеччыны» Ганна Байрашэўская расказала пра земляка, Уладзіміра Максімавіча Дамашэвіча, які ўнёс неацэнны ўклад у беларускую літаратуру. Менавіта ён, быў рэдактарам твораў Васіля Быкава і Уладзіміра Караткевіча, якія не раз выказвалі падзяку Уладзіміру Максімавічу.

З біяграфіяй і зборнікамі твораў Уладзіміра Дамашэвіча можна пазнаёміцца ў Клецкай раённай бібліятэцы.

Максім Шалкуноў, экскурсавод «Музея гісторыі Клеччыны», выступіў з экскурсам па гістарычных старонках Клецка, падзяліўся з прысутнымі інфармацыяй пра першае ўпамінанне горада ў летапісе, археалагічня раскопі на месцы гарадзішча і напісаным менавіта ў Клецку «Катэхізісам» Сымона Буднага.
Не абышлося і без презентацый. Вольга Лабажэвіч падзялілася вынікам плённай працы за гэты год – новым зборнікам вершаў.

Вядучыя перадалі віншаванні і паэтычныя радкі ад нашай творчай зямлячкі Таццяны Цвірко.

Жаночы вакальны калектыў «З песняй па жыцці» пад акампанемент Юрыя Эверта і паэт-песеннік Аляксей Лапата стварылі святочную атмасферу і выдатны настрой.



Са словамі ўдзячнасці звярнуліся вядучыя да гасцей і ўдзельнікаў мерапрыемства:
Дзякуем вам за імгненні радасці і асалоды, якія вы дарылі нам, за вашу любоў да паэзіі, за талент і творчасць. Яшчэ раз мы віншуем усіх вас са святам беларускага пісьменства!
Хай родная мова гучыць у вашых дамах і вашых сэрцах. Няхай вашы вершы заўсёды радуюць чытача, перадаюцца з пакалення ў пакаленне песні, якія спявалі нашы дзяды і бабулі. Хай ніколі не астынуць вашы душы, а, наадварот, будзяць у людзей любоў і павагу да народнай творчасці і паэзіі, любоў да роднага беларускага слова.

Сімвалічна, што ў гэты святочны дзень пастаянныя наведвальнікі бібліятэкі прыйшлі за новымі ведамі, а супрацоўнікі ахвотна дапамаглі знайсці патрэбную літаратуру.


Іна ФЕДАРЧУК.
Фота аўтара.
Отправить комментарий