Сейчас загружается

Клецкая дзіцячая школа мастацтваў правяла справаздачны канцэрт

У раённым цэнтры культуры прайшоў справаздачны канцэрт Клецкай дзіцячай школы мастацтваў «Крыніца натхнення».

У гэтым годзе мерапрыемства прысвечана важнай падзеі – 80-годдзю  Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Праграма ўразіла сваёю насычанасцю, разнастайнасцю і непаўторнасцю.

Выхаванцы прадэманстравалі свае таленты ў розных напрамках: музычным, харэаграфічным, тэатральным, выяўленчым.

У адным тандэме з вучнямі выступілі і настаўнікі.

Яркія нумары змяняліся адзін за адным. Адкрылі канцэрт марш «ўзорнага» духавога аркестра і дэфіле мажарэтак. За імі на сцэну выйшлі салісты Таццяна Захарава і Аляксей Майсейчык з цудоўнай песняй «Міншчына любая». Далей дарылі настрой «ўзорны» ансамбль танца «Каларыт», ансамбль баяністаў «Дорэмікс», ансамбль народнай песні «Дзянніца», «ўзорны» ансамбль скрыпачоў «Канцэрціна», ансамбль гітарыстаў «Vencedor», хор «Звонкія галасы», «народны» аркестр «Гармонія».

Сваю долю пазітыва, бадзёрасці і аптымізму прынеслі навучэнцы: Анатоль Лейбук, Сафія Буката і Сабрына Дзямідчык, Валерыя Додзь і Віялета Сурмачэўская, Сафія Дзецкая і Ульяна Шэйка, Марыя Жукоўская і Вікторыя Сокал, Віялета Сядлецкая, Вікторыя Бадытчык.

Энергічна станцавалі харэаграфічную пастаноўку падапечныя Яраслаўны Зуйкевіч.

Гучна віталі гледачы ансамбль цымбалістаў – сямейнае трыа  Хмялеўскіх: Надзеі, Ніны і Кіры, у якой адбылося дэбютнае выступленне.

Нікога не аставіў раўнадушным «Успамін пра вайну», які вельмы эмацыянальна прачытала Яна Каталосава.

Завяршальным акордам канцэрта стала песня «Сінявокая», якую выканала Сафія Кажамякіна.

У кожным нумары адчуваліся старанні саміх дзяцей і карпатлівая праца настаўнікаў, кіраўнікаў калектываў, якія раскрылі, развілі ў дзецях творчыя здольнасці і ператварылі іх дар у майстэрства. Дзякуючы ім выступленні рабят глядзеліся шыкоўна і на адным дыханні. У гэтым заслуга Аляксандра Леановіча, Таццянны Ганчар, Наталлі Ключановіч, Ксеніі Дубіны, Алы Аўсюкевіч, Крысціны Рамашка, Маргарыты Паўлоўскай, Вольгі Пальчынскай, Таццяны Даўгаполавай, Таццяны Папок, Аксаны Дудук, Сяргея Даўгаполава, Веранікі Кавальчук, Яраслаўны Зуйкевіч, Галіны Вінэль, Наталлі Зуйкевіч. Акампанавалі ім канцэртмайстары Вольга Няфёдава і Святлана Казак.

Усе нумары былі цікавыми, душэўнымі, пранікнёнымі. Цёплае свята кранула душы ўсіх прысутных у зале і падарыла масу пазітыву, энергіі і ўсмешак.

Публіка дзякавала ўсім удзельнікам бурнымі апладысментамі. Бацькі, бабулі, дзядулі, якія прыйшлі падтрымаць сваіх дзяцей і ўнукаў, акунуліся ў дзіўны свет музыкі і мастацтва, а таксама адчулі гонар за сваіх зорачак.

Удзельнікі і госці мерапрыемства мелі магчымасць пазнаёміцца з творчасцю навучэнцаў мастацкага аддзялення ДШМ, кіраўніком якога з’яўляецца Таццяна Матусевіч. У фае РЦК дзейнічала выстава іх лепшых работ.

Традыцыйны справаздачны канцэрт Клецкай дзіцячай школы мастацтваў у чарговы раз пацвердзіў прафесіяналізм настаўнікаў і таленавітасць іх вучняў.

Ірына ЖДАНКО.

Фото Паліны ДЗЕГТЯРОВАЙ.

Отправить комментарий

Возможно, пропустили