На мінулым тыдні на адрас рэдакцыі прыйшло пісьмо – водгук жыхаркі в.Чырвоная Зорка Яніны Додзь – на аб’яўленае намі запрашэнне прыняць удзел у праекце «Нить времени». Яніна Уладзіміраўна даслала кранаючы ліст і расказала асабістую гісторыю пра бацьку, які загінуў у Вялікай Айчыннай вайне. Працягам гэтага пісьма стала наша сустрэча з жанчынай.

–Я нарадзілася 28 мая 1944 года. Толькі мяне пахрысцілі, бацьку адразу ж у чэрвені забралі на вайну – прызвалі разам з аднавяскоўцамі, – пачала гутарку субяседніца. – Яму было 30 гадоў. Пазней бацькаў сябра з Грыцэвічаў нам расказваў, што яны дайшлі фронтам да Чэхаславакіі і пад вёскай Бочкава 11 снежня 1944 года яго напаткала варожая куля. Там жа яго пахаваў аднакашнік і ўстанавіў таблічку з надпісам прозвішча загінуўшага – Уладзімір Васільевіч Шкуцька.
Калі ў 1982 годзе не стала і маці, жанчына ўсё часцей і часцей пачала задумвацца пра бацьку, які загінуў на вайне. Так узнікла ідэя пошукаў яго магілы.

– Раней пры савецкай уладзе выходзіла газета «Известия». Я напісала ў рэдакцыю выдання з просьбай дапамагчы звярнуцца ў Чырвоны Крыж, каб пачаць пошукі, – узгадвае Яніна Уладзіміраўна.
Неўзабаве яна атрымала адказ с каардынатамі арганізацыі. Завязалася перапіска. І праз годы сям’я загінуўшага атрымала пацвярджэнне і дазвол на наведванне брацкай магілы.
– Мы з мужам і сынам адразу паехалі ў Чэхаславакію. Пашчасціла выпадкова сустрэцца з былым работнікам райсабеса, які дапамог даведацца, дзе знаходзіцца гэты комплекс, – расказвае жанчына. – Брацкая магіла ўяўляла сабою звычайны, адгароджаны бардзюрамі невялікі надзел у полі. Ніякага спіска прозвішчаў там не было. І помніка агульнага таксама. Толькі асобныя невялічкія: відаць, пазней людзі самі іх устанавілі. Што там цяпер – невядома. Можа, зусім усё пазносілі: Еўропа ж выступае супраць нас.
Тым не менш сэрца Яніны Уладзіміраўны крыху супакоілася. Яна адчувала, што на гэтым месцы захаваны яе бацька. А калі вярталіся дадому, атрымала пацвярджаючы знак:
– Селі мы на поезд. Ноч, пазасыналі. І я бачу такі сон: адчыняюцца дзверы, уваходзіць мужчына і пытае: «Хто прыязджаў на бацькаву магілу?» «Я», – адказваю. «Не сумнявайцеся, вы сапраўды пабывалі на магіле». Гэты сон мне запомніўся на ўсё жыццё… І з лёгкаю душою я вярнулася на Радзіму.
Яніна Уладзіміраўна Додзь ніколі не бачыла свайго бацьку. Яна нават не ўяўляе, які ён быў. Вобраз стварыўся толькі дзякуючы фотаздымкам. Аднак, размаўляючы з жанчынай, мы адчувалі, наколькі яе сэрца напоўнена любоўю і падзякаю продку, наколькі для яе было важна дакрануцца да магілы, дзе ён пахаваны. Гэта пацвярджэнне таму, што «нити родства», як і «нити памяти» разарваць немагчыма.

Ірына ШАГ.
Фота Паліны ДЗЕГЦЯРОВАЙ і з сямейнага альбома Я.У.Додзь.
#80летвеликойпобеды #деньпобеды
#Беларусьпомнит_Минщинагордится
Отправить комментарий