Названы імёны лепшых артыстаў

Справаздачныя мерапрыемствы сельскіх Дамоў культуры, што пачаліся са студзеня бягучага года на сённяшні дзень падышлі да фінішнай прамой. Кляччане пабывалі на 16 выступленнях самадзейных артыстаў. На сцэне РЦК свае канцэртныя праграмы (а сёлета справаздачы культработнікі праходзілі менавіта ў гэтай форме) на суд гледачоў і журы прапанавалі ўсе культработнікі раёна. За асноўную мэту ўзялі паказ работы ўсіх гурткоў і калектываў, якія дзейні­чаюць на базе сельскіх Дамоў культуры.

Праграма ў заастравечан была надзвычай насычанай, рознажанравай і  багатай. Глядачы атрымалі асалоду ад выступленняў салістаў, дуэтаў, квартэтаў. На высокім узроўні былі харэаграфічныя пастаноўкі.

Морацкая зямля заўсёды славілася сваімі таленавітымі выканаўцамі, дзіцячага ўзросту – у тым ліку, і на сёлетняй справаздачы гэта было па­цверджана яшчэ раз. Адметным у іх выступленні можна назваць яшчэ і выхад адзінага ў раёне (але вядомага далёка за яго межамі – аўт.) гурта “Спадчына” – пад кіраўніцтвам   Я.Н.Піліпені, – які займаецца выкананнем песень аўтэнтычнага (мясцовага) фальклору.

У канцэртнай праграме “Наполним музыкой сердца” Янавіц­кага СДК асабліва патрэбна адзначыць рэпертуар народнага ансамбля народнай песні “Весялуха” і мужчынскага ансамбля “Янавіцкія песняры”. Як заўсёды, прысутнічала цікавая апрацоўка беларускіх народных песень. Прафесіяналізм прадэманстравалі ансамбль народных інструментаў, вакальны ансамбль “Камертон”, які займаецца акапэльным выкананнем музычных твораў. У той жа дзень можна было наведаць і выставу выпечкі клуба юных кулінараў “Сладкоежка” – таксама Янавіцкі СДК.

Праяўляюць стабільнасць у выкананні, знаходзяць цікавыя пастаноўкі ўдзельнікі аматарскай творчасці Чырваназоркаўскага сельскага дома культуры. Сёлета, напрыклад, прысутнічала шмат дуэтаў. Гледачы віталі апладысментамі вакальную групу “Крынічанька”, мужчынскую вакальную групу, асобных выканаўцаў, сярод якіх асабліва запомніліся выступленні В.Акулёнка і С.Чыркуна. Да таго, ж артысты прапанавалі прысутным пазнаёміцца з выставай твораў выяўленчага мастацтва В.Фалітар.

Добры ўзровень у гэтым годзе паказалі амаль усе сельскія дамы культуры,  – тлумачыць пры сустрэчы метадыст па аматарскай творчасці раённага Цэнтра культуры Т.В.Папок,  – але лепшымі журы вызначыла артыстаў з Заастравецкага, Морацкага, Янавіцкага і Чырваназоркаўскага СДК. Зрабіць выбар сёлета было вельмі складана – усе рыхтаваліся, хваляваліся, але ацэнка была дадзена аб’ектыўная.

Лепшыя нумары канцэртных праграм кляччане змогуць яшчэ раз убачыць на святочным канцэрце, што адбудзецца 1 Мая  на сцэне амфітэатра ў гарадскім парку.

Падрыхтаваў Яўген Кішко.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *