Хозяйка библиотеки

На сваім рабочым месцы А.І.Кішко, якая працуе бібліятэкарам Клецкай ДАСШ, адчувае сябе сапраўднай гаспадыняй. Да яе заўсёды прыемна зайсці. І хоць памяшканне невялікае, але ўсё тут прыгожа, на сваім месцы. Нягледзячы на тое, што сюды амаль ніколі не заглядвае сонца, а за вокнамі раскінулі свае шаты разгалістыя бярозы, у пакоі растуць і квітнеюць вазоны. Усё – дзякуючы руплівасці і працавітасці Алены Іванаўны. Яна клапоціцца, каб навідавоку размясціць навінкі літаратуры і перыёдыку, з густам і змястоўна аформіць тэматычныя выставы, зрабіць для вучняў даступнымі стэлажы з кнігамі. З наведвальнікамі, і асабліва дзецьмі, Алена Іванаўна заўсёды ветлівая і ўсмешлівая. І таму сюды ахвотна заходзяць як старшакласнікі і вучні малодшых класаў, так і настаўнікі. Бібліятэкар нікога не пакідае без увагі. Адчуваецца, што А.І.Кішко на сваім месцы. Да таго ж, яна – цудоўная, клапатлівая дачка, жонка і маці траіх дзяцей – сыноў Максіма і Дзмітрыя і дачкі Анюты.
Алена Іванаўна не прывыкла сядзець без справы: з вясны да глыбокай восені ўся сям’я, як тыя мурашы, шчыруе на зямлі – у агародзе, палісадніку, у садзе на дачы. Зямля, сады і хаты засталіся ў спадчыну ад дзядоў і бабуль, якія жылі ў вёсцы Светлае. Гэта яны разам з бацькамі прыцягнулі Алену да працы: навучылі вырошчваць расаду, даглядаць уласную гаспадарку. Спачатку з сястрой і братам яна дапамагала сваім бацькам, дзядулі з бабуляй, а цяпер заўзята працуюць з мужам Уладзімірам Міхайлавічам і сваімі дзецьмі.
– Мае бацькі жылі вельмі дружна паміж сабой, – гаворыць Алена Іванаўна. – І колькі іх памятаю, заўсёды былі ў працы.
А.І.Кішко нарадзілася ў вёсцы Сабачкі (цяпер Светлае) нашага раёна. Была малодшай у сям’і. Старэйшая сястра Ірына працуе настаўніцай у Грыцэвіцкай ДАСШ. Брат Іван жыве ў Мінскім раёне. Маці Алена Дзмітрыеўна Мурашка была загадчыцай сельскага магазіна, а бацька шчыраваў у калгасе, не цураўся і хатняй работы. Быў чалавекам фізічна моцным і настойлівым (у свой час аб’ездзіў замест каня быка і на ім выконваў усю земляробчую працу), а яшчэ меў залатыя рукі: мог пашыць буркі, штаны-галіфэ, бравэрку… Ад заказчыкаў не было адбою. Так шчыра працуючы самі, бацькі вельмі хацелі даць вышэйшую адукацыю сваім дзецям. І іх мара ажыццявілася. Дочкі закончылі Мінскі дзяржаўны педінстытут імя Горкага, дзе набылі прафесію настаўніка. Сын стаў будаўніком.
Яшчэ будучы студэнткай трэцяга курса, Алена выйшла замуж за свайго аднавяскоўца Уладзіміра. Калі ён пайшоў у армію, яна была школьніцай. Пасябравалі пасля таго, як хлопец вярнуўся дадому. Але ў вёсцы ён затрымаўся ненадоўга: паступіў у Юрацішскае медвучылішча на фельчарскае аддзяленне, пасля заканчэння якога маладыя пажаніліся. Спачатку жылі па месцы размеркавання мужа – у вёсцы, а затым перабраліся ў горад. Алена Іванаўна да таго часу ўжо ўладкавалася на працу ў дзіцячы сад №2 г.Клецка: спачатку – выхавальнікам, а затым – метадыстам. Сям’я атрымала невялікую кватэру, у якой з’явіўся на свет іх старэйшы сын Максім, а пасля – Дзіма і Анюта.
За працай у садку непрыкметна праляцелі 12 гадоў. Дзеці падраслі, ужо вучыліся ў школе. Алене Іванаўне захацелася быць бліжэй да іх. Свабоднага месца філолага ні ў адной з гарадскіх школ не аказалася, і ёй прапанавалі пасаду бібліятэкара ў СШ №2. З таго часу пайшоў 14-ты год. Аб тым, што некалі, па волі абставін, памяняла прафесію, А.І.Кішко ніколі не пашкадавала. На яе думку, калі працаваць з душой, то ўсюды цікава. Тым больш, што ў школе заўжды ёсць магчымасць не забыць навыкі філолага, бо пры неабходнасці даводзіцца замяшчаць настаўнікаў.
Хутка праімчаўся час. Сям’я Кішко цяпер жыве ў асабістым доме. Муж, хоць і выйшаў на заслужаны адпачынак, працягвае працаваць фельчарам у Нясвіжскім доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў, што знаходзіцца ў Асмолаве. Яго там цэняць і паважаюць гэтак жа, як і Алену Іванаўну ў школе.
Ганарацца бацькі сваімі дзецьмі, якія, магчыма, хутка, як птушкі, разляцяцца з гнязда. Максім пасля заканчэння Мінскага міжнароднага гуманітарна-эканамічнага інстытута працуе эканамістам у Клецкім аддзяленні Белаграпрамбанка. Дзіма атрымаў дыплом Маскоўскага пагранічнага інстытута ФСБ Расіі і нясе службу на пасадзе намесніка начальніка 16-й пагранзаставы г.Брэста. Меншая, Анечка, у Мінскім каледжы харчовай прамысловасці набывае прафесію эканаміста-маркетолага. У планах дзяўчыны – паступіць ва ўніверсітэт.
Вочы маёй субяседніцы свяціліся радасцю. На развітанне я пацікавілася, аб чым марыць шчаслівая маці?
– Мары, як і ва ўсіх маці, – усміхнулася Алена Іванаўна, – каб дзеці былі шчаслівымі, каб удала склалася ў іх жыццё. Вельмі хачу, каб Анютка набыла вышэйшую адукацыю. А мы, бацькі, прыкладзем для гэтага ўсе намаганні.
Хай жа збудуцца Вашы мары, паважаная Алена Іванаўна.

Вольга Лабажэвіч.
Фота Яўгеніі Семянчук.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *