У Заастравеччы адсвяткавалі Дзень Перамогі

 

Свята Перамогі ў Заастравеччы пачалося , як і звычайна , патрыятычнай акцыяй “Беларусь памятае”, ініцыятарам і арганізатарам якой з’яўляецца загадчык Заастравецкай бібліятэкі Чыркун Н.І.

Жыхары аграгарадка, у сем’ях якіх беражна захоўваецца памяць аб тым, як змагаліся і пакутавалі іх продкі, з гонарам пранеслі партрэты сваіх родных і блізкіх па галоўнай вуліцы аграгарадка. На імправізаванай ваеннай машыне пачэснае месца занялі самыя маленькія жыхары Заастравечча, дзеля мірнага жыцця якіх і змагаліся нашы дзяды і прадзеды. Да ўрачыстай калоны далучыліся таксама і прадстаўнікі ўсіх дзеючых на тэрыторыі сельсавета ўстаноў і арганізацый.

Завяршылася шэсце ля брацкай магілы, дзе адбыўся мітынг-рэквіем памяці загінуўшых у гады вайны.

Памяць пра вайну - гэта, перш за ўсё, памяць пра людзей. Пройдуць гады, дзесяцігоддзі, нямала яскравых і важных падзей адбудзецца ў жыцці народа, але легендарны подзвіг - Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне - назаўсёды застанецца ў нашай памяці. Гэта наша гісторыя, гісторыя сям’і, гісторыя нашай краіны. І калі 9 мая кожны ў сваёй сям’і не ўспомніць подзвігі продкаў, грош нам цана.

Наталля Чыркун.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *