В работу Синявской СБ Клецкого района молодой специалист вдохнула новую жизнь

У Сіняўскую сельскую бібліятэку Марына Каржак прыйшла маладым спецыялістам летась. Школьніцай любіла чытаць, асабліва – Івана Шамякіна. Калі надышоў час рабіць выбар будучай прафесіі, меркаванне менавіта аб гэтым кроку было і для самой нечаканым. Хутка праляцелі гады вучобы ў БДУ культуры і мастацтва, і вось першае рабочае месца ў родным раёне, у бібліятэцы аграгарадка Сіняўка. Як заўважыла загадчык установы А.І.Войцік, са з’яўленнем маладой і ініцыятыўнай дзяўчыны бібліятэчнае жыццё набыло іншы накірунак.
– Работа ў бібліятэцы не абмежавана толькі кнігамі, – каменціравала Марына Генадзьеўна, – тут столькі каталогаў, перыёдыкі і ўсяго іншага! Добры кніжны фонд. Праўда, калі папрацавала, заўважыла: ёсць шмат і дарослых, і дзяцей, якія літаральна ўсё перачыталі ў вясковай бібліятэцы, а таму навінкі разыходзяцца адразу ж, і на іх, нават, чарга ўстанаўліваецца…
Сельская бібліятэка падзяляецца на дзве часткі: у адной палове вядзецца выдача кніг і перыядычных выданняў, а ў другой…
– Тут мы займаемся з гурткоўцамі, што наведваюць бібліятэку практычна штодзень – расказвала, паказваючы вырабы з паперы, бісеру і іншага простага і даступнага ўсім матэрыялу М.Г.Каржак. – Яшчэ ні было такога дня, каб ўвогуле ніхто да нас не прыйшоў. У першай палове дня наведвальнікаў менш (дзеці ў школе, дарослыя на працы), а ўжо пасля абедзенага перапынку заўсёды шматлюдна.
Шчыра скажу, да гэтага часу бібліятэчная справа здавалася мне крыху сумнай і вельмі ціхай. Аднак гадзіна, праведзеная з работнікамі Сіняўскай СБ ў акружэнні чытачоў і юных гурткоўцаў, ліквідавала застарэлае меркаванне. Ужо з першага кроку, як толькі адчыняеш дзверы, уздымаецца настрой, убачыўшы такое прывітанне, як на фотаздымках 1, 2. Вакол шмат кветак, тэматычных куткоў, цэлае багацце птушак і звяркоў, зробленых рукамі бібліятэкараў і дзяцей. Вось, напрыклад, сямікласніца Сіняўскай школы Даша Багуцкая пад назіраннем свайго кіраўніка М.Г.Каржак (фото 3) робіць кракадзільчыка, які прама на вачах атрымліваецца прыгожай і яркай рэптыліяй…
На пытанне аб задумках на бліжэйшы час Марына Генадзьеўна сціпла адказала:
– Набліжаюцца лютаўскія і сакавіцкія святы, а таму нашы наступныя вырабы будуць прысвечаны і закаханым, і татам, і матулям, ды і ўвогуле ўсім, хто наведае нас.
…На фоне бялюткага снегу і такога ж светлага цаглянага будынка вялікія чырвоныя кветкі са звычайных пластыкавых бутэлек, ярка размаляваныя, глядзяцца па-асабліваму. Яны не толькі прыцягваюць позірк, але быццам запрашаюць зайсці, каб пераканацца: такой незвычайнай прыгажосці, зробленай рукамі дарослых і дзяцей, у бібліятэцы шмат! І кожная работа – непаўторная, таму што выраблялася з любоўю і пяшчотай. А больш за ўсё мяне здзівіла, што ўсяму гэтаму М.Г.Каржак спецыяльна не вучылася! Проста задалася мэтаю авалодаць усім сама, а потым – дзетак заахвоціла, і сёння гурток “Домовичок” наведваюць амаль 30 школьнікаў.
Так і хочацца, зыходзячы з усяго гэтага, сказаць: кніга адкрывае свет пазнання і ўзыходжання да адвечных жыватворных крыніц. Кнігі падахвочваюць да творчага пошуку, выдатных знаходак і самых разнастайных. Ва ўсе часы людзі славілі кнігу. Як яе толькі не называлі: і крыніцай мудрасці, і лекаркай душы, і сонечным ззяннем. Кніга і сёння – важная крыніца ведаў. І няхай так будзе заўжды! А калі шлях да яе робяць непаўторным і цікавым такія апантаныя людзі як малады спецыяліст Марына Каржак – то і наведвальнікаў будзе шмат, і месца суму не будзе, ды і сама невялікая сельская бібліятэка па праву можа называцца культурным цэнтрам аграгарадка.

Валянціна Сянкевіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *