Якое значэнне надаюць нашы землякі сваёй роднай мове. «ДНП» высвятляла гэта на вуліцах Клецка

 

Нельга сёння аспрэчваць той факт, што беларуская мова, хоць і з’яўляецца дзяржаўнай, але карыстаецца ёю ў паўсядзённым жыцці меншая частка насельніцтва. Часцей ужываюць змешаную, як кажуць, «трасянку». Аднак ёсць людзі, якія штодня размаўляюць па-беларуску. У іх ліку кляччанка Галіна Іосіфаўна Нупрэйчык, даўняя падпісчыца раёнкі, мясцовая паэтэса.

Беларуская мова для меня родная, на ёй гаварыла мая матуля, яе бацькі, дзяды і я – таксама, прычым і дома, і на рабоце. Люблю чытаць кнігі беларускіх пісьменнікаў. Сама пішу па-беларуску і нясу роднае слова падчас розных мерапрыемстваў, у якіх бяру ўдзел як аўтар – хачу, каб яна гучала вечна, – падкрэсліла Галіна Нупрэйчык.

* * *

Слова кляччанам

Якое значэнне надаюць нашы землякі сваёй роднай мове, «ДНП» высвятляла, звярнуўшыся да прахожых на вуліцах г.Клецка.

Наталля Салата, агр.Даматканавічы:

– Я лічу, што родную мову трэба шанаваць, вывучаць і захоўваць. Моладзі неабходна ведаць яе. Калі разумець і размаўляць на ёй – значыць, ведаць і свае карані. Наш народ павінен ганарыцца роднай мовай.

Леанід, агр.Сіняўка:

– Абавязкова патрэбна захоўваць родную мову, бо гэта галоўны скарб нашых продкаў, дзядоў, бацькоў. Вельмі прыемна слухаць тых людзей, якія размаўляюць чыста па-беларуску – гэта гучыць прыгожа, мілагучна. Сам я ўжываю ў жыцці ў асноўным рускую мову, але беларускую таксама люблю. Сваім унучкам чытаю беларускія народныя казкі. Трэба, каб нашы нашчадкі не забывалі сваю мову, бо яна родная, і гэтым усё сказана.

Анастасія, г.Клецк, студэнтка першага курса Мінскага дзяржаўнага механіка-тэхналагічнага каледжа:

– Наша мова вельмі прыгожая і самая мілагучная. На жаль, ведаю яе не вельмі добра, але часам ужываю, калі гэтага патрабуюць абставіны. Люблю паслухаць беларускіх выканаўцаў, напрыклад, мне падабаюцца песні ансамбля «Сябры». Мае бацькі размаўляюць пераважна на рускай мове, а бабуля і дзядуля па-беларуску. Лічу, што родную мову абавязкова патрэбна захоўваць. Не будзе мовы – не будзе беларусаў як нацыі.

Святлана Цвік, г.Клецк:

– Моладзь у аснаўным размаўляе на рускай мове. На маю думку, патрэбна, каб як мага больш людзей карысталіся беларускай. Бо вельмі важна ведаць родную мову і свае карані. Дома ў нашай сям’і мы ўжываем і беларускую, і рускую – змешаную. Але люблю чуць чыстую беларускую гаворку. Упэўнена, што было б добра, каб народныя і дзяржаўныя святы, такія як Масленіца, Купалле, Дзень Незалежнасці, Дзень беларускага пісьменства, Дзень роднай мовы і іншыя праводзіліся толькі на сваёй мове.

Галіна Іванаўна, в.Межная Слабада:

– Канешне, беларуская мова нам патрэбна, бо мы - беларусы, мы нарадзіліся на беларускай зямлі, на ёй размаўлялі дзяды, прадзеды, бацькі, нашыя дзеці вучылі ў школе родную мову і ўнукі таксама павінны яе вывучаць. Калі страцім мову, то згубім свой нацыянальны код, не стане нас, беларусаў. Сама я добра ведаю родную мову, размаўляю на ёй – усё жыццё працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Унукам не толькі чытаем казкі па-беларуску, але і знаёмім іх з нашай культурнай спадчынай, паказваем ручнікі, якія вышывала бабуля, водзім на мясціны, звязаныя з Вялікай Айчыннай вайной, расказваем гісторыю роднай вёскі і пра партызанскі рух нашай мясцовасці.

Апытанне правяла Ірына ЖДАНКО.

Фота Іны ФЕДАРЧУК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *