Каждый человек — храм Божий

За паўсядзённымі клопатамі і турботамі мы і не заўважаем, наколькі хутка ляціць час. Добра, калі ў цяжкую хвіліну ёсць да каго прыхінуцца, падзяліцца набалелым. Толькі іншы раз зусім не хочацца дакучаць сваімі праблемамі, і ў такім выпадку душа задыхаецца і просіць паратунку – духоўнага.
Храм… Царква… Касцёл… Гэта тыя месцы, дзе можна ўздыхнуць на поўныя грудзі, скінуць цяжар з сэрца, дзе цябе заўсёды прымуць і выслухаюць…

У 1996 годзе ў Клецк на службу накіравалі ксяндза Эрвіна Вячорэка. Да яго прыезду людзі групкамі збіраліся па хатах і адгаворвалі ружанец, спявалі касцёльныя песні, спраўлялі рэлігійныя абрады, марылі аб тым, каб была ў горадзе адноўлена святыня і быў свой духоўны настаўнік. І гэта – здзейснілася. З прыездам ксяндза Эрвіна ажыло па-сапраўднаму жыццё парафіі, асабліва – моладзі. Бо калі старэйшае пакаленне прыходзіць у касцёл, свядома і шчыра моліцца, ведаючы, што Бог ёсць і Ён жыве сярод нас, то малодшым гэтую свядомасць патрэбна здабываць з дапамогай духоўніка, а цяпер – ксяндза Эрвіна.
Загадзя дамовіўшыся аб сустрэчы, я накіравалася ў храм Святой Троіцы. Як і заўсёды, ксёндз Эрвін прывітаў мяне, і наша размова пацякла спакойна і размерана.
– З’явіўся на свет у мнагадзетнай сям’і. Нас было чацвёра хлопцаў. Станоўчы прыклад у жыцці я меў менавіта ад бацькоў. Тата звычайна мала бываў дома, бо працаваў вадзіцелем і будаваў сваімі рукамі хату для сям’і. На маму прыходзіліся ўсе клопаты аб нас, дзецях, сям’і, хлебе надзённым. І нават на нашы фокусы яна мела заўсёды адкрытае сэрца. Мудрым дарадцам у справах была таксама бабуля, да якой можна было ў любы час падбегчы, яна заўжды частвала нас і магла штосьці параіць. У дзяцінстве хацеў быць спартсменам, – успамінае з усмешкаю ксёндз Эрвін, – потым, як і тата, – шафёрам. Аднак адчуваў у душы, што ёсць нейкая сіла, якая падказвала, што, магчыма, маё прызванне ў служэнні Богу. Я заўсёды хадзіў на заняткі, дзе ксёндз прапаведваў Закон Божы. І вось нарадзілася думка: мабыць, усё гэта і ёсць – мая дарога. Пасля таго, як атрымаў пасведчанне аб адукацыі, вырашыў пайсці менавіта гэтам шляхам. Ведаў святароў з Ордэна Святой Сям’і, неаднойчы размаўляў з імі, таму і быў перакананы, што прымаю правільнае рашэнне. Сёння я ўжо 27 гадоў служу ў Ордэне і вельмі задаволены. Не ведаю, ці іншыя задаволены мною, але адчуваю, што Бог заўсёды са мною, дапамагае ісці па абраным шляху праз добрых людзей, каб служыць Яму і людзям.
Ціхі голас святара разліваўся па Храме, – мой субяседнік працягваў успаміны аб сваім дзяцінстве і юнацтве. Нарадзіўся Эрвін Вячорэк ва Усходняй Германіі ў вёсцы Врутка Сагэн. Назіраючы за працавітымі бацькамі, Эрвін па магчымасці і сілах стараўся дапамагаць ім, таму што вельмі добра ведаў, што значыла зарабіць кусок хлеба.
Мы прывыклі меркаваць, што большасць прафесій мае нейкія сямейныя карані, асабліва калі тычыцца гэта духоўнікаў. Даволі складана ўявіць, што ў служэнне Богу можа пайсці чалавек, які не мае ў сваім родзе непасрэдна такога прыкладу. У сям’і Э.Вячорэка не было святароў. Бацькі верылі, прывучалі да паслухмянасці і душэўнай шчодрасці сваіх сыноў, аднак мелі звычайныя сялянскія заняткі, вялі гаспадарку, а ў храм хадзілі памаліцца, папрасіць дапамогі і падтрымкі для душы. Назіраючы за тым, як тата з мамаю не проста наведваюць храм у святы, але і прымаюць удзел у справах надзённых і мірскіх, Эрвін пераконваўся, што бацькі зусім не на словах імкнуцца рабіць дабро людзям, але і ажыццяўляюць сказанае. І гэта быў настолькі вялікі прыклад таго, што сіла духоўная не толькі існуе ў думках, але і дзейнічае, што ўжо не было ніякага сумнення наконт далейшага жыццёвага шляху. Ён быў выбраны. Пачаліся доўгія гады вучобы, а потым – накіраванне на службу.
– Пасля сямі гадоў навучання спачатку працаваў як памочнік святара, – расказваў далей ксёндз Эрвін, – а потым ужо быў накіраваны на самастойную працу пробашчам адразу ў Аўстрыю, потым нейкі час быў у Германіі, затым – Польшчы і Расіі. І толькі пасля гэтага атрымаў накіраванне ў Беларусь, на Клеччыну. 15 гадоў я стараюся дапамагаць людзям добрай веры ў гэтым месцы і вельмі задаволены, што такім чынам вырашыўся мой лёс.
На пытанне, якое першапачатковае ўражанне аказаў на яго наш Клецк, святар адказаў не задумваючыся:
– Вельмі шчырыя, адкрытыя і працавітыя людзі тут жывуць. Я сам здзівіўся, што народ, які на самой справе не мае столькі багацця, як, напрыклад, на Захадзе, можа быць настолькі шчырым і чулым! Напрыклад, калі мясцоваю ўладай быў выдзелены будынак для богаслужэння, усе адразу прыйшлі на дапамогу.
І сапраўды. Ад першага дня працы ксяндза кожны дзень штосьці змянялася да лепшага. Каталікам быў выдзелены драўляны будынак на вуліцы Панкратаўскай, дзе намаганнямі і ксяндза Эрвіна, і прыхаджан была зроблена каплічка, побач з якой пачалі будаваць касцёл. З кожнай новай нядзельнай Імшой далучаліся прыхаджане, і за нядоўгі час пачало збірацца шмат народу, асабліва на святы. У каплічцы было ўтульна ўсім. На Імшы заўсёды цікава прысутнічаць і слухаць павучальнае казанне святара. А як займальна праходзілі катэхізісныя заняткі з дзецьмі!
Сёння наш горад упрыгожвае цудоўны храм Святой Троіцы, дзверы якога адчынены для ўсіх, хто мае патрэбу ў духоўным прытулку і ачышчэнні. Я пацікавілася, чаму менавіта такі выгляд мае касцёл. Ды, напэўна, не ўсе нават гараджане ведаюць аб існаванні ніжняга храма, дзе размяшчаюцца класы для заняткаў, абсталяваныя самай сучаснай камп’ютарнай тэхнікай, выстава, з якой можна даведацца пра пэўныя гістарычныя моманты роднага краю, актыўна працуюць музычны і тэатральны гурткі.
– Ведаў некаторых святароў у Мінску, – падзяліўся ксёндз Эрвін сваімі ўспамінамі аб будаўніцтве храма Святой Троіцы ў Клецку, – у тым ліку і ксяндза Крыштафа Быхоўскага, які таксама займаўся будаўніцтвам. Ён і пазнаёміў мяне з архітэктарам Базевічам, які пагадзіўся зрабіць праект гэтага будынка. Безумоўна, была вывучана гісторыя Клецка, касцёла, які раней тут існаваў, і прынята рашэнне ўзводзіць новы, падобны да таго, што стаяў у горадзе некалі.
Храм рос хутка. Асноўныя работы леглі на плечы спецыялістаў будаўнічых арганізацый. Дапамогу штодня аказвалі і самі прыхаджане, якім так хацелася хутчэй мець свой духоўны прытулак. І вось ужо праз чатыры гады ў нашым горадзе пабудаваны прыгожы велічны касцёл, які ўзвышаецца над Клецкам сваёй вежай, з якой кожны дзень меладычна гучыць звон – найдаражэйшая рэліквія, падораная касцёлу Святой Троіцы ў 1706 годзе, ён захаваўся і сёння зноў загучаў, клічучы людзей звяртацца да Бога. Касцёл стаў сапраўды адным з культурных цэнтраў горада.
Кожны з нас мае патрэбу ў той ці іншы час проста выгаварыцца, аблегчыць душу. Да ксяндза Эрвіна часта прыходзяць за парадаю і дапамогаю, і гэта для святара вельмі важна. Літаральна на днях размаўляла з жанчынаю, якая адзначыла:
– Наш ксёндз вельмі чуллівы і гатовы прыйсці на дапамогу чалавеку ў цяжкую хвіліну. У гэты момант здаецца, што ён аддаў бы ўсё, каб дапамагчы. У яго заўсёды знойдзецца добрая парада для супакойвання. Бывае, ідзеш да яго з нейкай сваёй бядою і нават няма ніякага жадання глядзець на свет белы, а выходзіш ад яго са светлым пачуццём. Усё тое, што было на душы нядобрае – знікае, адчуваеш сябе так, быццам ніколі не было ў цябе гэтай “чорнай” гадзіны.
Размова наша з ксяндзом Эрвінам цякла нетаропка, мне аб многім хацелася распытацца, але ў нейкі момант я злавіла сябе на думцы: ці змагла б я вось так, 15 гадоў, быць далёка ад дома і сваіх родных і пры гэтым – цудоўна сябе адчуваць?.. Быццам прачытаўшы мае думкі, святар сказаў:
– Ніколі не адчуваў сябе тут адзінокім. Наадварот, здаецца, што я дома. Вось так жа лёгка было і ў Камышыне Валгаградскай вобласці Расіі. Беларусы і рускія вельмі падобны паміж сабою: адкрытыя, працавітыя, шчырыя. Мне тут добра, я паміж сваіх…
Кажуць, шчаслівы той чалавек, які займаецца любімай справай. Такога меркавання прытрымліваецца і мой субяседнік. Ксёндз Эрвін Вячорэк проста перакананы ў тым, што можна выконваць любую справу, толькі калі яна не да душы – поўнай аддачы не будзе.
– Успамінаецца выпадак, калі да ксяндза ў касцёл прыйшоў хлопец, – распавядае святар, – і просіць парады: мама хоча, каб я быў адвакатам, тата хоча, каб я быў лекарам, а я хачу быць цесляром... Вось так і ў нашым жыцці: кожны павінен займацца той справаю, якую сам сабе выбірае, толькі тады ён зможа прыносіць карысць людзям і мець уласнае задавальненне ад сваёй працы.
Так ужо даўно сталася, што ў нейкі момант адна вера падзялілася на дзве. У праваслаўных цяпер святочныя дні па сваіх датах, у каталікоў – па сваіх. У глыбіні душы ксёндз Эрвін верыць у тое, што надыдзе час, калі дзве, такія блізкія духоўна веры, зноў аб’яднаюцца. Храм – гэта месца сустрэчы з Богам, і зусім няважна, якой ты веры. Калі чалавек моліцца ў цішыні, яго душа напаўняецца пяшчотаю, светам, і тады прыходзіць разуменне, што цябе сапраўды чуюць, уся твая істота напаўняецца сілаю духа…
Быццам пятнаццаць дзён праляцелі для ксяндза Эрвіна гэтыя 15 гадоў служэння Богу і людзям Клеччыны. Шчырасць і адкрытасць святара прыцягвае да яго людзей з неверагоднай сілай. І сёння ў яго шмат сяброў як у Беларусі, так і далёка за яе межамі. Не проста знаёмых, а тых, хто наведвае Клецк і аказвае дабрачынную дапамогу ўсім, хто ў гэтым асабліва мае патрэбу, і найперш – дзецям. І калі казаць аб нашым раёне, то гэта – сацыяльны прытулак і цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання. Пробашч каталіцкай абшчыны Клецкага раёна к.Эрвін запрашае ў госці сваіх сяброў з Аўстрыі, Германіі, Польшчы, расказвае аб тых праблемах, што існуюць у нашым грамадстве, і такім чынам нараджаюцца спецыяльныя дабрачынныя праекты, дзякуючы якім сёння ўстановы для дзяцей-інвалідаў і сірот маюць самае сучаснае абсталяванне, а дзеці – магчымасць паехаць на адпачынак і аздараўленне за мяжу.
Наша размова ішла за кубкам духмянай гарбаты нетаропка, і я падумала аб тым, што ў кожнага з нас ёсць мара. Напэўна, не мае значэння, як многа часу пройдзе да таго моманту, калі яна здзейсніцца. Галоўнае – імкнуцца да яе, тады жыццё ўвогуле набывае іншы сэнс. Мне вельмі было цікава даведацца, аб чым сёння марыць мой субяседнік. А яшчэ, не буду крывіць душой і прызнаюся, што калі ішла на сустрэчу з ксяндзом Эрвінам, задалася мэтаю абавязкова спытаць, што хвалюе сёння практычна ўсіх жыхароў нашага невялікага гарадка: ці праўда, што ў хуткім часе святар пакіне наш Клецк?..
– У мяне толькі адна мара: несці людзям дабро. І зусім няважна, хто побач: праваслаўны, каталік ці чалавек іншага веравызнання, галоўнае – зрабіць чалавека шчаслівым, падарыць іскрынку цяпла праз сустрэчу і самі словы. Не матэрыяльныя каштоўнасці асноўнае, мы павінны спяшацца любіць другіх, таму што яны хутка ідуць ад нас. Кожны чалавек з’яўляецца храмам божым, і таму я лічу, што менавіта аб гэтым трэба асабліва клапаціцца. А што тычыцца майго новага прызначэння… У статусе Ордэна Святой Сям’і абазначана, што на адным месцы святар можа несці службу 9 гадоў, а я ў Клецку ўжо 15. Цвёрда яшчэ нічога не вызначана, але, магчыма, што ў Клецку будзе новы пробашч.
Гісторыя парафіі працягвае адлік часу ў новай святыні. І ўсё гэта найперш дзякуючы ксяндзу Эрвіну, які лічыць, што менавіта храм з’яўляецца тым месцам, дзе можна не толькі пачарпнуць сілы, але і пакінуць тую трывогу і смутак, што так ці інакш закрадаюцца час ад часу ў нашым сэрцы. За ўсё тое, што робіць для людзей К.Эрвін хочацца падарыць яму ў гэтыя святочныя дні букет найпрыгажэйшых пажаданняў: моцы Святога Духа, штодзённай аховы Найсвяцейшай Панны Марыі, шмат сіл у кіраванні Божым людам і шчодрага плёну на Божай ніве. Няхай Святы Дух пранікне ў глыбіню Вашага сэрца і прынясе радасць, суцяшэнне і шмат дзён, напоўненых Яго дарамі. Дзякуем за распалены агонь веры, малітву, адкрытае сэрца і адданае служэнне Богу і людзям зямлі Клецкай…

Валянціна Сянкевіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *