Юбилей в золоте осени

Хутка ляціць час. Вось і стала яна – вясёлая, пышнавалосая прыгажуня Ірына – Ірынай Мар’янаўнай, а яе Леаніда даўно называюць Леанідам Фёдаравічам. А здаецца ж зусім нядаўна маладым прыгожым хлопцам прыехаў з Арэшніцы ён на вяселле да свайго сябра ў Клецк. Колькі сэрцаў і сёння знаходзяць свае палавінкі на падобных урачыстасцях, а тады стрэлы кахання не абмінулі іх. Але ці ўяўлялі юнак і дзяўчына, выпадкова сустрэўшыся ў той дзень, што гэта – іх лёс, што тут, у гэтым невялічкім ціхім гарадку іх чакае доўгае шчаслівае сумеснае жыццё? Безумоўна, не, хаця марыць аб гэтым, можна сказаць з вялікай упэўненасцю, кожны чалавек. Закружыліся ў танцы і так – у пары, рука ў руцэ – ідуць побач паўвека, за якія паспелі заслужыць павагу людзей, выгадаваць не адно пакаленне нашчадкаў, і вось сустракаюць светлы хвалюючы дзень залатога вяселля, якое будуць адзначаць паслязаўтра ў 50-ты раз.
Кажуць, што чалавеку ў жыцці павінна пашанцаваць тройчы: ад каго нарадзіцца, у каго вучыцца і з кім жаніцца. Сцвярджаюць, што гэта і ёсць той самы лёс. І калі першае не залежыць ад нас, другое – толькі часткова, то трэцяе знаходзіцца ў руках кожнага чалавека. Той выбар, які зрабілі Ірына Мар’янаўна і Леанід Фёдаравіч Жукоўскія 18 лістапада 1961 года, стаў адзіным і правільным на ўсё іх жыццё.
Здаўна мудрыя людзі казалі: калі плануеш на год – сей пшаніцу, калі на дзесяцігоддзе – саджай дрэвы, а калі на ўсё жыццё – выхоўвай дзяцей. Магчыма, у іх жыцці не ўсё супадала з планамі, але яны заўсёды былі ўдзячны лёсу за тое, што маюць свой сямейны скарб з кахання, згоды, узаемападтрымкі, бераглі, адзін другога шанавалі і ўвесь час імкнуліся (і цяпер імкнуцца таксама!), каб ні адзін дзень не прайшоў упустую, каб быў ён плённым ці то ў рабоце, ці то ў адносінах. У іх няцяжка заўважыць падабенства: і муж, і жонка маюць шэраг аднолькавых рысаў характару, адна з якіх – пастаянства. Ірына Мар'янаўна свой працоўны шлях звязала з грамадскім харчаваннем, а Леанід Фёдаравіч не здраджваў вадзіцельскай справе. І дзяцей яны выхоўвалі, не падзяляючы абавязкі на мужчынскія і жаночыя: урокі, агульныя захапленні, сумесная праца ці творчасць – за ўсё браліся ўдваіх. Між іншым, усе тры сыны па прыкладу бацькі, сталі добрымі сем’янінамі, шануюць сваіх жонак, клапоцяцца пра дастатак і дабрабыт у доме, пра будучае дзяцей. Аляксандр жыве ў Клецку, працуе на ААТ “Клецкая крыначка”, Валерый – у Слуцкім раёне на адным з сельгаспрадпрыемстваў, Сяргей – у Баранавічах, знайшоў сабе занятак на мясцовым вытворчым прадпрыемстве. У роднай хаце – частыя госці. Тут набіраюцца мудрасці, не грэбуюць бацькавай парадай і, як некалі ў дзяцінстве, не саромеюцца падзяліцца з матуляй сваімі сакрэтамі, ведаюць, што яна абавязкова зразумее ўсё правільна, а падказкі мацярынскага сэрца – самыя каштоўныя і правільныя. Больш таго, сынавы жонкі адчуваюць, што Ірына Мар'янаўна адносіцца і да кожнай з іх як да роднай дачкі, якую лёс закінуў вельмі далёка – Жанна жыве і працуе ў Францыі. Маці нярэдка ўспамінае, як вучыла яе вышываць, вязаць на прутках. Дзяўчынка расла да ўсяго здольнай, над урокамі карпець не даводзілася, таму любую вольную хвілінку штосьці майстравала разам з матуляй. А ў той хапала задум, якія потым ператвараліся ў патрэбныя рэчы з дапамогай фантазіі і добрага ўяўлення. Ручная работа ў французаў цэніцца вельмі высока, таму Жанна ніяк не ўступае мясцовым модніцам, у тым ліку і дзякуючы матулінай навуцы.
Нявесткі ж стараюцца пераняць рэцэптуру і спосаб прыгатавання яе адмысловых страў, якія сёння ў якім-небудзь “Кулінарным паядынку” назвалі б простымі і эканамічнымі, але пры гэтым надзвычай смачнымі і карыснымі. Ірына Мар’янаўна ўмее гатаваць з мінімума прадуктаў прысмакі на ўсю сям’ю. Шасцёра ўнукаў, кожны на свой густ, аддаюць бабулі пальму першынства ў розных “намінацыях”, таму яна ведае, каго і чым будзе частаваць, у залежнасці ад таго, хто збіраецца ў госці. А калі, бывае, выхадныя ў дзяцей і ўнукаў заняты, то Ірына Мар’янаўна і Леанід Фёдаравіч не крыўдуюць, разумеючы, які імклівы сёння час, збіраюцца і накіроўваюцца да... праўнукаў. Валерыя і Аляксандр зусім яшчэ ясельнага ўзросту, але заўсёды вітаюць бабулю і дзядулю шчырымі ўсмешкамі, адчуваючы цяпло іх сэрцаў і пяшчоту іх рук.
"Шчаслівы той чалавек, хто шчаслівы ў сябе дома", – гэту аксіёму, як самы галоўны скарб, перадаюць з пакалення ў пакаленне Жукоўскія. У тым доме, дзе трое сыноў і дачка штодня непрыкметна для сябе ўпітвалі атмасферу ўзаемаразумення, спагады, падтрымкі, добразычлівасці і сардэчнасці ў адносінах мужа і жонкі, вялікіх і малых, старэйшых і малодшых, вучыліся ўменню разумець і прабачаць, кіравацца агульнымі інтарэсамі і саступаць дзеля агульнай карысці, дапамагаць і супакойваць, не трымаць злосці і жыць сумленна, ужо сваімі немалымі сем’ямі збяруцца яны разам за вялікім святочным сталом, каб выказаць юбілярам шчырыя словы ўдзячнасці за ласку, клопат, любоў, выхаванне, дабрыню, цяпло і ўтульнасць бацькоўскага дома, каб пажадаць доўгіх-доўгіх гадоў жыцця на радасць дзецям і ўнукам. А за вакном будзе кружыць апошнімі лістамі залатая восень, напамінаючы ім іх першы танец пад мелодыю кахання.

Ад імя ўсіх дзяцей Валянціна Жукоўская, г.Клецк.
Фота  Яўгеніі Семянчук.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *