Бібліятэкар з Заастравечча сабрала музейную міні-экспазіцыю

 

Не згубіць, захаваць тое багацце, якім спакон веку валодалі продкі, далучыць дзяцей да народнай творчасці – гэта адна з прыярытэтных задач не толькі ўстаноў адукацыі.

Этнаграфічны куток “Гісторыя вёскі ў рэчах” Заастравецкай сельскай бібліятэкі – рэальная магчымасць здзейсніць падарожжа ў мінулае і дакрануцца да скарбаў зямлі беларускай.

У папаўненні міні-музея прымаюць удзел самі чытачы, а іх больш за 700 чалавек, і тыя, хто прыязджае ў госці да бацькоў, сваякоў ці часова пражывае на дачы. Бібліятэка для кожнага такога чалавека – сувязь паміж мінулым і сучасным жыццём аграгарадка. Людзі бяруць тут не толькі кнігі, але і цікавяцца тым, чым сёння займаюцца землякі. Наталля Іванаўна Чыркун, загадчык, рада наведвальнікам і заўсёды прымае іх дапамогу.

Як узнікла ідэя

Усё пачалося з радыёлы. Калі прадавалі хату бабулі Яўгеніі ў в.Стараселле, унучцы Наталлі ў спадчыну дастаўся менавіта гэты музычны прайгравальнік. Вырашыла прынесці яго ў бібліятэку, дзе ён заняў пачэснае месца на журнальным століку як сімвал мінулых гадоў. Ніякіх ідэй наконт стварэння этнаграфічнага кутка яшчэ не было. Але адзін выпадак змяніў і змест работы, і інтэр’ер самога памяшкання.

Аднойчы ў бібліятэку прыйшло пяцёра дзяцей са спіскамі праграмнай літаратуры, якую неабходна прачытаць за лета. Яны ўсе былі мінчанамі. Пакуль Наталля Іванаўна абслугоўвала юных чытачоў, рабяты знаёміліся з чытальнай залай. Канешне, звярнулі ўвагу на радыёлу. Юным жыхарам сталіцы прадмет ні аб чым не гаварыў, і бібліятэкар даступна расказала, што гэта “музычны цэнтр” 60-ых гадоў ХХ стагоддзя.

Маленькія госці смяяліся, бо не бачылі ніякіх прыстасаванняў наконт флэшкі ці калонак. Пацікавіліся, як можна што-небудзь пачуць з такой “скрыні”. І гаспадыня культурнага фонду, паставіўшы  вінілавую пласцінку, моцна здзівіла дзяцей. З дынамікаў загучалі песні савецкіх мультфільмаў. Да слова сказаць, такую практыку Н.Чыркун прымяняе і зараз. З маленькімі чытачамі часта слухаюць казкі.

–У той момант зразумела, што калі адным гэта цікава, то знойдуцца і іншыя аматары пазнаёміцца з культурнай спадчынай беларусаў, – гаворыць суразмоўца. – Так нарадзілася ідэя стварэння яшчэ аднаго раздзелу ў бібліятэцы. Тым больш, што я сама з гонарам адношуся да гісторыі Бацькаўшчыны. Зборам экспанатаў пачала  займацца самастойна. У гэтым мяне падтрымалі бацькі, муж, сябры. Так з’явіліся вышыванкі, збаны, ліхтары, начоўкі і інш.

З кожным разам усё больш і больш станавілася такіх прадметаў. Іх сталі прыносіць  амаль усе, хто заходзіў за кнігай ці чуў аб акцыі, якую я абвясціла. Нават пакідалі рэчы на парозе. Этнаграфічнаму кутку адвяла прастору, дзе некалі размяшчаліся стэлажы з беларускай класікай. Зараз літаратура знайшла прапіску ў другой частцы памяшкання.

У цяперашні час этнаграфічны куток вельмі дапамагае Н.Чыркун у правядзенні шматлікіх мерапрыемстваў. Тэматычныя экскурсіі надоўга застаюцца ў памяці і сэрцах як дзяцей, так і дарослых. На фоне прадметаў старажытнасці робяць сэлфі наведвальнікі з гарадоў.

Кожная рэч, як таямніца

Самыя старэйшыя экспанаты этнаграфічнага кутка – гэта лапці, ступа, прас, адзенне (мужчынскі строй Заходняй Беларусі).  Яны захаваліся з канца ХІХ стагоддзя. Лапці падарыла ў экспазіцыю жыхарка сталіцы Таццяна Сцяпанаўна Куц. Выкладчык аднаго з вузаў сама цікавіцца скарбамі роднай зямлі, таму беражліва захоўвае ўсё тое, што засталося ў бацькоўскай і дзедавай хаце ў в.Комлеўшчына. Калі жанчына ў час водпуску прыязджае ў вёску, дзе нарадзілася, наведвае бібліятэку. Такім чынам лапці продкаў апынуліся ў кніжнай захавальніцы.

Ступа “прыехала” з в.Крышылавічы Ганцавіцкага раёна. Яна належала прабабулі мужа Наталлі Іванаўны. Спачатку маленькія чытачы называлі яе “лятальным апаратам” Бабы-Ягі. Потым, калі бібліятэкар расказала рабятам, для чаго была прызначана гаспадарчая прылада, дзеці сталі называць яе “старадаўняй кафемолкай”. Яна яшчэ ў добрым стане і можа служыць людзям.

Прас, які працаваў з дапамогай гарачых вугельчыкаў, ужо страціў сваё прызначэнне, але заўсёды звяртае на сябе ўвагу.

Люльцы з дубу ўжо 100 гадоў. У ёй гадаваўся наш зямляк з в.Рубеж Леанід Адамавіч Станкевіч, капітан ІІ рангу ў адстаўцы, які разам з саслужыўцамі першым у свеце на падводнай лодцы перасек экватар.  Ветэран флоту, калі наведаў этнакуток, перадаў сюды гэту сямейную рэліквію. Рэч мае станоўчы выгляд, у ёй можна і сёння гадаваць немаўлят.

Ёсць тут ткацкі станок невялічкага памеру, прасніца, саматканыя паясы, якія выкананы па тэхналогіі “слуцкіх”. І амаль кожная рэч мае свае таямніцы, аб чым ведае захавальніца народных скарбаў.

Як рэха Першай Сусветнай вайны – чатырохгранны штык ад вінтоўкі, які захоўвае сваю гераічную гісторыю. Чытач Генадзь Уладіміравіч Дзмітровіч у адзін са сваіх візітаў у бібліятэку прынёс гэты элемент зброі 1918 года.

Самы старэйшы прадмет перыяду Вялікай Айчыннай – “ausweis” 1943 года. Ён належаў аднаму з жыхароў в.Заастравечча. Без гэтага своеасаблівага “пашпарта” немагчыма было рухацца па акупіраванай немцамі тэрыторыі. Побач і іншыя рэчы: фляжка дзядулі-франтавіка гаспадыні, ордэны і медалі ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Мікалая Цімафеевіча Шамрука.

Асаблівая гісторыя ў гімнасцёркі. Калі муж загадчыцы гісторыка-этнаграфічнага кутка А. І. Чыркун знаходзіўся на тэрміновай службе ў г. Слоніме Гродзескай вобласці, кінастудыя “Беларусьфільм” здымала мастацкую стужку “Август 44-ого”. Духавому аркестру, у склад якога ўваходзіў Аляксандр Іванавіч, прапанавалі прыняць удзел у адным з эпізодаў: на вакзал прыбываюць эшалоны з салдатамі, іх сустракае калектыў музыкантаў. Тады ўдзельнікам здымкаў  былі выдадзены гімнасцёркі, якія засталіся ў ваеннаслужачых на памяць. Так рэч трапіла ў музей заастравецкай СБ.

У этнаграфічнай скарбніцы знайшлі прытулак рэчы пасляваеннага перыяду, зробленыя ўласнымі рукамі прадстаўнікоў пакалення, якое адраджала жыццё з пеплу. Тыя гады былі для народа не менш складанымі, чым ваенныя. Гэта абажуры, абвязаныя кручком; абразы з лікам святых, зробленыя з паперы і змешчаныя ў рамку; плюшоўка, пашытая па модзе таго часу.

Як сведкі жыцця 50-х гадоў – прас, шалі, радыё, самавары, швейная ручная машынка, вулічны ліхтар, музычныя інструменты – скрыпка, гармонік, барабан (асабістая рэч уражэнца в.Стараселле Івана Іванавіча Іванейчыка, ветэрана прадпрыемства “Сельгасхімія”).

Тое , што не змясцілася ў этнаграфічным кутку захоўваецца ў архіве.

Тут ужо не толькі гісторыя вёскі ў рэчах, тут культурная і гістарычная памяць продкаў, якія жылі ў ХІХ-ХХ стагоддзях, – скарбы роднага краю. Каб мець гонар за Бацькаўшчыну, трэба перадаць гэту багатую спадчыну сваім дзецям і ўнукам.

Алена КАРАЖАН.

Фота Інны ФЕДАРЧУК.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *