Снится мне деревня…

Мінская вобласць – адна з шасці абласцей Беларусі, размешчана ў цэнтральнай частцы краіны. Рэгіён не мае граніц з іншымі дзяржавамі, затое мяжуе з усімі іншымі абласцямі рэспублікі. Сталічная вобласць – самая вялікая па тэрыторыі і адна з найбольш эканамічна развітых, і зараз тут пражываюць амаль паўтара мільёна чалавек. На тэрыторыі вобласці размешчаны 5212 сельскіх населеных пунктаў, і сярод іх – вёсачка са сціплаю назваю Нарэшавічы...

Старажылы сцвярджаюць, што калісьці менавіта праз гэтыя мясціны царыца Кацярына пракладала шлях на Пінск. А, можа, і ёсць у гэтым рацыя? І, напэўна, таму адна з вуліц Сіняўкі, працягам якой і з’яўляюцца самі Нарэшавічы, носіць назву Пінская… А што тычыцца менавіта назвы самой вёскі, то паходзіць яна ад прозвішча баяраў-літоўцаў Нарэйшаў (літ. “нарэці”- жадаць). У 1534 і 1554 гг. успамінаецца панцырны баярын Мікалай Нарэйшавіч. У 1552г. путныя баяры Барцей, Вайцюк, Мікалай і Якуб Нарэйшы жывуць на землях с.Глубоча, што належала Боне. Да 1575 года гэтыя землі выдзелены ў асобнае сяло. У гэтым годзе сяло Нарэйшаў належыць Радзівілам, налічвае 16 гаспадароў (сярод іх Марцін Нарэйша) і 18 валок зямлі. У 1626 годзе ў с.Нарэйшы 26 гаспадароў, у тым ліку Ян Нарэйша, 18 валок зямлі, у 1645 г. – 27 гаспадароў разам з Адамам Нарэйшам. У 1768 г. М.Ю. Радзівіл даў у заставу за 92 000 злотых Г.Яленскаму маёнтак Маствілавічы з в.Нарэшавічы і іншымі. У 1775 г. в.Нарэшавічы мае 18 сялянскіх гаспадарак (і менавіта гісторыю ўзнікнення назвы вёскі адлюстроўвае помнік з шыльдаю ў пачатку сяла…
А сёння вёсачка Нарэшавічы налічвае 55 падворкаў, з якіх толькі тры з’яўляюцца, па сутнасці, нежылымі. Астатнія і даглядаюцца, і наведваюцца нашчадкамі практычна кожныя выхадныя. Калі ж казаць аб колькасці жыхароў, то гэта лічба набліжаецца да 190 (старэйшаму з якіх – Яўгеніі Іванаўне Давушка амаль дзевяць дзесяткаў)…Чаму набліжаецца? Ды таму, што ў гэтага невялічкага сяла цудоўная перспектыва, якая бярэ пачатак ў дзецях. Нават па фотаздымках відаць, як многа тут дзетвары, ад чаго становіцца радасна. Вось і на святкаванні дня вёскі (што праходзіла ў жніўні, і дзе асаблівую святочную атмасферу стварыў вяскоўцам зводны духавы аркестр РА па НС і РЦК і самадзейныя артысты Сіняўскага СДК) атрымала фінансавую падтрымку мнагадзетная сям’я Віталя Юльянавіча і Алы Леанідаўны Ілюкевічаў. І, дарэчы, ў гэтай сям’і ёсць ужо папаўненне, з чым хочацца шчыра павіншаваць бацькоў!
Так, сёння не кожная вёска нашага раёна можа пахваліцца маленькімі жыхарамі, якія і з’яўляюцца прадаўжальнікамі роду. А вось у Нарэшавічах такіх дзетак сапраўды нямала. Гэта і паўтарагадовая Крысцінка з сям’і Юрыя Міхайлавіча і Аксаны Іванаўны Багданавых, і Настачка з брацікам Дзімкам з сям’і Васіля Станіслававіча і Таццяны Віктараўны Хлюстоў. І нельга тут не заўважыць, што менавіта гэта сям’я адзначана як перспектыўная ў вёсцы Нарэшавічы. Маладыя вяскоўцы не толькі зрабілі свой дом знешне прыгожым, але і працягваюць будаўніцтва іншых аб’ектаў на ўласным прысядзібным участку. А зараз на чарзе – лазня і альтанка. "Што яшчэ ў планах – гэта пакуль сакрэт",– сціпла зазначылі ў размове гаспадары. Акрамя ўсяго іншага наяўнасць прыроднага газу ў доме дала магчымасць мець і ўсе выгоды, якімі сёння карыстаюцца гараджане ў кватэрах…
Прамая асфальтаваная вуліца, акуратныя платы, падкошаная трава паабапал дарогі і мноства кветак у дварах вяскоўцаў… Яшчэ ж – чароўны водар чыстага паветра з лесу, які раскінуўся адразу за вёскаю. Думаю, шмат каму хацелася б мець тут домік для адпачынку! А вось у тых, чыё дзяцінсва і юнацтва прайшлі ў гэтых ціхіх мясцінах, такая магчымасць існуе заўсёды. Асабліва з вясны да глыбокай восені бачна, як імчаць па вясковай шашы аўтамашыны з рэгістрацыйнымі нумарамі з розных рэгіенаў Беларусі, надвячоркам прагульваюцца па вёсцы “гарадскія”, на досвітку і да змяркання з вудамі на мясцовым вадаёме аматары ловяць рыбу… А якія цудоўныя людзі тут нарадзіліся, выраслі, жывуць! Настаўнікі, медыкі, работнікі сельскай гаспадаркі і прамысловасці, культуры, юрысты, індывідуальныя прадпрымальнікі, кіраўнікі розных узроўняў, ваенныя, таленавітыя майстрыхі… І усіх іх аб’ядноўвае адно – родная вёска, якая вабіць і сніцца па начах, да якой зноў і зноў вяртаешся ў думках і марах…
І не магу не сказаць, што гэты куточак Клецкага раёна мне дарагі асабліва, таму што менавіта ў Нарэшавічах я нарадзілася, вырасла і зараз тут жыву…
Дык няхай Бог дорыць табе, родная вёсачка, даўгалецце!

Валянціна Сянкевіч. Фота аўтара.  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *