Репортаж со Дня белорусской письменности

А адбывалася вялікае свята беларускай мовы, літаратуры і кнігавыдавецтва ў мінулыя выхадныя. Па традыцыі на яго завіталі госці з розных краін, прадстаўнікі акрэдытаваных у Беларусі дыпмісій, дзеячы навукі і мастацтва, журналісты, дэлегацыя Саюза пісьменнікаў Беларусі, а таксама літаратары з Расіі, Украіны, Сербіі, Чарнагорыі і Казахстана. Прыняць удзел у мерапрыемстве ў складзе дэлегацыі з Клецкага раёна пашчасціла і аўтару гэтых радкоў.

Без перабольшвання можна сказаць, што на свята духоўнасці і культуры ў Ганцавічы  з’ехалася не толькі навуковая і творчая інтэлігенцыя ўсёй Брэсцкай вобласці, але ўсёй рэспублікі. Паэты, пісьменнікі, літаратурныя крытыкі, кнігавыдаўцы, распаўсюджвальнікі літаратуры і прэсы, журналісты, дзеячы культуры мелі магчымасць сустрэцца ў васямнаццаты раз. Напомню, што ўпершыню святкаванне адбылося ў адным са старажытнейшых беларускіх гарадоў – Полацку. Пазней сталіцамі свята станавіліся Навагрудак, Тураў, Нясвіж, Орша, Пінск, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Заслаўе, Хойнікі. У наступным годзе горадом-сталіцай будзе Глыбокае Віцебскай вобласці.
А пачаць пра сёлетнюю ўрачыстасць, патрэбна з падзеі, што папярэднічала святу і даўно стала яго неад’емнай і адной з галоўных старонак – сустрэчы экспедыцыі “Дарога да храма” з Благадатным Агнём ад Гроба Гасподня ў Ерусаліме. На мінулым тыдні, пачынаючы з 31 жніўня, святары, пісьменнікі і вернікі рушылі з кафедральнага сабора ў Мінску з запаленай лампадай праз шматлікія вёскі і гарады Міншчыны і Брэстчыны, пабывалі ў святых мясцінах, праводзілі вялізную асветную работу ў школах, дамах культуры, бібліятэках. А спынілася 4 верасня гэта ўнікальная экспедыцыя, падобную да якой цяжка знайсці ў іншых краінах, у ганцавіцкай Свята-Ціханаўскай царкве, дзе з раніцы апалове дзевятага пачалася Божая Літургія. Тут жа на царкоўным двары па яшчэ адной традыцыі пасадзілі 16 дрэўцаў – па колькасці гарадоў, ужо прымаўшых у сябе свята беларускага слова.
Так жа ясна і цёпла як агонь, запалены за тысячы кіламетраў ад месца правядзення ўрачыстасці, у нядзелю свяціла і песціла гасцей і гаспадароў урачыстасці сваімі ласкавымі промнямі вераснёўскае сонейка. Яно рабіла фарбы духоўна-асветніцкага мерапрыемства яшчэ больш яркімі і насычанымі, дарыла гораду, які непазнавальна змяніў за апошні год сваё аблічча, узнёсласць і асаблівую ўрачыстасць. Значнасць падзеі рэспубліканскага значэння надало віншаванне Прэзідэнта краіны, якое з галоўнай сцэны свята зачытаў старшыня нацыянальнага арганізацыйнага камітэта Дня беларускага пісьменства, намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі А.А.Тозік. У прыватнасці ў ім гаворыцца: “З году ў год гэта свята робіцца знакавай падзеяй культурнага жыцця краіны, сведчыць пра багацце гістарычнай спадчыны i духоўных традыцый нашага народа. Многія стагоддзі айчынная кніжнасць замацоўвае вечныя ідэалы дабра i справядлівасці, з'яўляецца жыватворнай крыніцай мудрасці i ведаў.
Ганцаўшчына непарыўна звязана з жыццём i творчасцю выдатнага песняра Якуба Коласа. Святкаванне Дня пісьменства ў гэтых памятных мясцінах яшчэ раз звяртае нас да каштоўнасцей, якія занатаваны ў яго кнігах. І галоўныя з ix – павага да простага чалавека, маральная чысціня, высакароднасць i самаадданая любоў да роднай зямлі.
Менавіта на такім падмурку i будуецца ідэалогія сучаснай Беларусі. Таму наша дзяржава будзе заўсёды спрыяць развіццю нацыянальнай культуры i падтрымліваць творцаў, якія з’яўляюцца сапраўднымі патрыётамі сваёй Радзімы”.
Адкрываючы афіцыйную частку Дня пісьменства, Анатолій Афанасьевіч адзначыў, што Ганцавіцкая зямля – край працавітых і таленавітых людзей, край з самабытнай культурай і традыцыямі, і заўважыў: “У трэцім тысячагоддзі кніга па-ранейшаму застаецца папулярнай, яна складае дастойную канкурэнцыю іншым сучасным насіцелям інфармацыі”. Намеснік Прэм’ер-міністр падкрэсліў, што, ушаноўваючы пісьменнасць, беларусы аддаюць даніну павагі ўсім, хто ўнёс уклад у развіццё айчыннай культуры, і прыступіў да ўзнагароджання лепшых з іх. Сярод адзначаных Ганаровымі знакамі-сімваламі “Залаты Купідон” і дыпломамі – Віктар Праўдзін, Мікалай Мятліцкі, Алена Масло, Уладзімір Сауліч, Валерый Грышкавец, Алена Папова, Казімір Камейша, Канстанцін Нілаў (зд.4).
Але і гэта таксама было яшчэ не апошняй старонкай урачыстых падзей, якія змянялі адна другую. Бо з цэнтральнай плошчы ганаровыя госці і ўсе, хто імкнуўся не прапусціць ні аднаго цікавага моманту, накіраваліся на вуліцу Кастрычніцкую, дзе і адбылося адкрыццё Алеі пісьменства, прысвечанай літаратурным творцам сучаснасці, выхадцам Ганцаўшчыны. І калі вам давядзецца ў суседзяў пабываць, то абавязкова заўважыце, што асобнае месца ў алеі цяпер займае помнік Якубу Коласу. Менавіта на Ганцаўшчыне – у вёсцы Люсіна – ён пачынаў свой працоўны і творчы шлях, тут працаваў настаўнікам, гэтай вёсцы прысвяціў сваю аповесць “У палескай глушы”. Помнік створаны на падставе фотаздымка, зробленага ў маладосці, менавіта ў тыя гады, калі ён жыў на Ганцаўшчыне і пазней апісаў сябе пад імем Лабановіч ў трылогіі “На ростанях”. Уся кампазіцыя на алеі ўключае ў сябе помнік, знак, два картушы з імёнамі вядомых літаратараў і выканана з граніта і бронзы сямейнай парай скульптараў з Брэста, членаў Беларускага саюза мастакоў Паўлам Герасіменка і Алесяй Грушчанковай. Падчас адкрыцця алеі з яе новымі адметнасцямі Міністр інфармацыі Беларусі Алег Вітольдавіч Праляскоўскі звярнуў увагу на тое, што ў нашай краіне актыўна развіваецца кнігадрукаванне і асаблівая ўвага надаецца выданню твораў класікаў. З дзяржаўнай падтрымкай ажыццяўляецца выпуск зборнікаў твораў Якуба Коласа, Максіма Танка, Івана Шамякіна. У наступным годзе плануецца пачаць выданне творчай спадчыны Уладзіміра Караткевіча. Да 120-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча ў свет таксама выйдзе шэраг цікавых кніг. Акрамя таго, выдаўцы рыхтуюцца да юбілею Янкі Купалы і Якуба Коласа, які будзе адзначацца ў 2012 годзе.
І як пацвярджэнне таму – тут жа, на алеі фестываль кнігі і прэсы, на выставах якога можна было набыць дзіцячую літаратуру, цікавыя альбомы, энцыклапедыі, брашуры, зборнікі вершаў і прозу ўсіх беларускіх выдавецтваў, а таксама друкаваныя навінкі, у тым ліку і кнігі, прысвечаныя беларускай гісторыі. У фае райвыканкама былі выстаўлены ўнікальныя экземпляры старадрукаваных кніг, пачынаючы ад Францыска Скарыны.
– Беларусы могуць па праву ганарыцца нашай гісторыка-культурнай спадчынай, нашым друкаваным словам, – у сваім звароце да прысутных на адкрыцці Алеі пісьменства падкрэсліў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Паўлавіч Латушка. – Творы Сымона Буднага, Францыска Скарыны, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава – гэта наш уклад у міравую культуру.
Сучаснікі – і пачынаючыя літаратары, і прызнаныя мэтры – наладзілі імправізаванае чытанне пад адкрытым небам ў літаратурнай альтанцы гарадскога сквера. Побач разгарнулі свае рады кірмаш сельскіх падвор’яў, выстаўка прадукцыі мясцовых прадпрыемстваў, народных вырабаў “Горад майстроў” – прадстаўнікоў з усёй вобласці, фантазія якіх не перашкаджае прытрымлівацца даўніх беларускіх традыцый, а толькі надае ім новае гучанне.
– Як вядома, культура – душа народа. Яна з’яўляецца адным з важнейшых фактараў яго адзінства, – сказаў у той дзень старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Андрэевіч Сумар. – Дзень пісьменства праходзіць на Брэстчыне ў трэці раз, і падставай таму – самабытнасць Палесскай зямлі. Багатая гісторыка-культурная спадчына, гасціннасць і сардэчнасць штогод вабяць на Палессе тысячы гасцей.
Трэба адзначыць, што Ганцавічы да іх прыёму падрыхтаваліся як след – дбайна і адказна. Райцэнтр паўстаў абноўленым, памаладзелым, па-сучаснаму прыгожым і добраўпарадкаваным. Яго дзівосным пераўвасабленнем любаваліся ўсе госці, але найбольш – самі ганцаўчане. На вуліцах чулася: “Ганцавічы святочныя, як убраненне дзявочае!”, “Кідай усё, прыязджай на Дзень пісьменства – большага задавальнення ты не атрымаеш нідзе!”. Святкуючыя радаваліся зробленаму, наладжанаму мерапрыемству, сустрэчам з вядомымі людзьмі, песням, якія ліліся са шматлікіх канцэртных пляцовак, усміхаліся, танцавалі, гуртаваліся, каб разам вечарам падзівіцца святочнаму феерверку. І было ясна: любыя фінансавыя складанасці мы вытрымаем з гонарам, таму што з’яўляемся духоўна сталым народам, які шануе свае галоўныя каштоўнасці, здабытыя продкамі. Не здарма ж “ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына”.

Жанна Гардзіевіч.
Фота аўтара.  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *