Синявское отделение связи больше всех подписало жителей на «Да новых перамог»

Наша раённая газета прыходзіць у дамы падпісчыкаў два разы на тыдзень: у сераду і суботу. Той, хто раскрывае яе старонкі і знаёміцца з іх зместам, даведваецца пра справы прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, шчырых і сумленных працаўнікоў, пра апошнія падзеі ў раёне і пра ход жніўных работ.

Раёнка – жаданы госць у кожным доме. А для таго, каб яна бесперапынна прыходзіла да гараджан і вяскоўцаў, патрэбна звярнуцца ў аддзяленне сувязі па месцы жыхарства і аформіць падпіску. Такую паслугу прапаноўваюць і паштальёны. У ліку лідараў сярод сельскіх паштовых аддзяленняў па колькасці падпісчыкаў на раённую газету – Сіняўскае. У сёлетнім другім квартале 215 жыхароў сельскага Савета выпісалі раёнку. У гэтым, безумоўна, заслуга, мясцовых паштавікоў.
Увогуле ад жыхароў Сіняўкі можна пачуць аб іх шмат добрага. Дружны жаночы калектыў паштовага аддзялення паспяхова спраўляецца са сваімі асноўнымі абавязкамі – дастаўкай карэспандэнцыі адрасатам. Як і ва ўсіх аддзяленнях сувязі, ёсць тут міні-магазін, на паліцах якога размясціліся прадуктовыя, прамысловыя і канцылярскія тавары. Прыбытак ад іх рэалізацыі насельніцтву складае ў дзень прыкладна 500-600 тысяч рублёў. Да паслуг наведвальнікаў – ксеракс і факс.
Дастаўка карэспандэнцыі – толькі частка абавязкаў сувязістаў. У работнікаў аддзялення і ў паштальёнаў можна не толькі выпісаць газету і часопіс, але і аплаціць крэдыты па картках, радыё, мабільны і дамашні тэлефоны, камунальныя паслугі, электраэнергію, атрымаць заробак і пенсію, заказаць любы тавар з наяўнага пераліку. Адным словам, і сувязістам прыбытак, і людзям зручна.
У аддзяленні сувязі вяскоўцы даведваюцца пра апошнія навіны. Тут заўсёды ўладараць добры настрой, прыемныя ўсмешкі, добразычлівасць і ветлівасць. Таму, напэўна, і заўсёды шматлюдна. Кіруе гэтай установай вопытная, ініцыятыўная і ветлівая жанчына Т.В.Сырнікава. Нягледзячы на тое, што Таццяна Васільеўна не мясцовая, яна добра ведае патрабаванні вяскоўцаў, таму што жыве аднымі з імі інтарэсамі.
Істотную дапамогу загадчыцы аказваюць аператары Алена Аляксандраўна Ліхадзіеўская і Яўгенія Уладзіміраўна Жаўнярэвіч. Апрача іх, у калектыве яшчэ 4 паштальёны. Адказныя і старанныя Наталля Мікалаеўна Бобка, Алена Паўлаўна Ігнацьева, Галіна Юльянаўна Сільчанкава, Іна Мікалаеўна Арашкевіч працуюць даўно, любяць сваю справу і з адказнасцю да яе адносяцца. За гэта іх паважаюць вяскоўцы.
Летам работа не вельмі складаная, нават прыемная, а вось зімой даводзіцца цяжэй: на веласіпедзе ў марозы і завірухі не паедзеш. Але паштальёны, вобразна кажучы, застаюцца, бадай, адзінымі сувязнымі для састарэлых людзей. Іх з нецярплівасцю чакаюць жыхары вёсак Сіняўка, Панача, Забалатнікі, Нарэшавічы, Слабада, Лучыцы, Руда, Ганявічы. І тое, што ў іх у якасці любімай, нароўні з «Беларусь Сегодня», аказалася раённая газета, менавіта заслуга гэтых жанчын.

Ірына Уласень.
На здымках: за работай Т.В.Сырнікава і Я.У.Жаўнярэвіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *