У эпіцэнтры свята пачастункі, фотазоны і дзіцячыя забавы

На сялянскія падворках сельгаспрадпрыемстваў раёна прапанавалі прадэгуставаць сваю прадукцыю харчовыя вытворцы "Гама смаку", камбікормавы і вытворча-харчовы заводы, Клецкі філіял Слуцкага сыраробнага камбіната.


Дзівіцца ж і сапраўды было чаму, бо аформленыя ў беларускім нацыянальным стылі міні-дворыкі вабілі кожны нечым сваім, асаблівым: дзівоснымі рэчамі, палітрамі кветак, смачнымі стравамі. Упэўнены, калі вы прагледзіце гэтыя фотаздымкі, то адразу пажадаеце яшчэ раз туды завітаць і сфатагравацца на фоне рэчаў, якімі карысталіся некалі нашы продкі, ці ўявіць сябе гаспадаром-гаспадыняй шыкоўна прыбранага стала, на імгненне стаць уладальнікам дзівосных курэй  ці парачкі галубкоў, або набраць цэлы ахапак рамонкаў і ўдыхаць яго водар.

А якая шыкоўная лялька ў салодкай вопратцы ва ўвесь чалавечы рост вітала кляччан каля шатра вытворча-харчовага завода! Прыцягвала ўвагу і парачка ласёў унушальных памераў ад Клецкага лясгаса, рабілі здымкі дзяўчаты з дровамі, што дэманстраваліся лясной гаспадаркаў тут жа.

 

Ужо скончыўся канцэрт, які ладзілі знакамітыя "Песняры". Гэта і сапраўды выдатны падарунак з нагоды Дня Незалежнасці жыхарам нашага раёна. З задавальненнем слухалі мы добра вядомыя песні, якія і з'яўляюцца візітнай карткай ансамбля на працягу многіх гадоў яго існавання.

Увечар будзем апладыраваць сваім выканаўцам у час канцэртнай праграмы пад назваю "Святочны мікс", што пачнецца ў 21.30. А пакуль у горадзе шмат цікавага для дзетвары, якая і на працягу гэтых гадзін не губляла дарэмна часу.

Спадзяемся, што надвор'е і далей будзе спрыяльным, і гэты святочны дзень падорыць усім нам шмат прыгожага, цікавага, што добрымі ўспамінамі потым будзе адгуквацца ў нашых з вамі сэрцах!

Валянціна Сянкевіч.

Фота аўтара і Іны Федарчук.   

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *