«Змагаліся словам»: У Клецку прайшоў конкурс «Жывая класіка»

 

Для тых, хто адчувае сябе беларусам у душы, чыё сэрца радасна- шчымліва трапечацца ўнутры ад кожнага пачутага слова на роднай беларускай мове, конкурс “Жывая класіка”, які адбыўся сёння ў Клецку, стаў сапраўдным святам для душы. Столькі пачуццяў і эмоцый разам наўрад ці можна перажыць яшчэ дзе-небудзь, як не побач са сцэнай.

45 юных прыхільнікаў жывога паэтычнага слова з усіх агульнаадукацыйных устаноў раёна змагаліся ў гасціннай зале цэнтра дзіцячай творчасці за выхад у абласны тур літаратурнага творчага конкурсу юных чытальнікаў.

Боль вайны, якая пакалечыла лёс беларускага народа, катастрофы чалавецтва сучаснай эпохі, прызнанне ў любві да Айчыны, зачараванасць роднай мовай і мілымі сэрцу куточкамі малой радзімы – гэта далёка не поўны пералік тэм, якія прагучалі з вуснаў школьнікаў розных узростаў, пачынаючы ад пачаткоўцаў да старшакласснікаў.

Юныя дэкламатары чыталі як творы класікаў беларускай літаратуры, так і сучасных паэтаў. Неаднойчы гучалі са сцэны вершаваныя радкі мясцовага майстра слова Таццяны Цвіркі. Не абмяжоўваліся выканаўцы ў выбары жанраў абраных для чытання твораў.

Таму конкурс атрымаўся па-сапраўднаму жывым, эмацыянальным і незабыўным. Безумоўна, рабяты хваляваліся, выступаючы перад вялікай глядацкай аўдыторыяй. Але было відаць, што галоўным для кожнага з іх з’яўляўся не вынік конкурсу, а яго ідэя.

Тыя, хто захапляецца літаратурай і роднай мовай, хто цэніць і беражэ нацыянальныя традыцыі, аб’ядналіся, каб выказаць свае пачуцці і паказаць, што яны любяць сваю Беларусь.

Святлана Орпель.

Фота аўтара.

P.S.: у абласным этапе рэспубліканскага творчага конкурсу “Жывая класіка”, прысвечанага Году народнага адзінства, прымуць удзел абсалютныя пераможцы з кожнай узроставай катэгорыі: (пачатковыя класы) Караліна Акула, Лазавіцкі НПК”, (5-6 класы) – Максім Вараб’ёў, гімназія г.Клецка, (7-8 класы) – Ева Сухарукава, Азярэчанская СШ, (9-10 класы) Ганна Абабурка, Морацкі НПК, Данііл Емяльянаў, Рассветаўская СШ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *