Грыцэвіцкі дзіцячы сад прызнаны лепшай дашкольнай установай раёна

У гэтым хутка пераконваюцца бацькі, перад якімі аднойчы ўзнікае спрадвечная дылема: аддаць сваё любімае чада ў дзіцычы садок ці пакінуць на выхаванне бабулі, якая ніколі не абразіць, не павысіць голасу, не пакіне малое ні на хвілінку без нагляду. А сёлета Грыцэвіцкі дзіцячы сад быў прызнаны лепшай дашкольнай установай раёна сярод аналагічных з малой камплектацыяй.

Значыць, добрыя водгукі пра тамашні цэнтр, дзе набываюць першыя свае ўменні і навыкі самыя маленькія вяскоўцы, і пра педкалектыў, што забяспечвае высокую якасць выхавання дашкалят, ходзяць не толькі сярод мясцовага насельніцтва. У чым жа сакрэт поспеху гэтай звычайнай звыгляду невялічкай вясковай установы дашкольнай адукацыі?

Аказваецца, той, хто як і я, з перашага погляду залічвае гэты аб’ект у разрад звычайных, глыбока памыляецца, бо размяшчаецца Грыцэвіцкі дзіцячы сад на самай справе ў гістарычным будынку, колішнім маёнтку пана Грыцаля, у гонар якога шмат гадоў таму і была названа вёска. Дарэчы, сведкай таму з’яўляюцца не толькі факты з гістарычнага летапісу дадзенага населенага пункту.

Да нашага часу на міжпакаёвых дзвярах будынка захаваліся рэрытэтныя ручкі – рэшткі гістарычнага мінулага, якія нельга не прыкмеціць. Нават не ведаючы ўсёй паднаготнай будынка, а толькі паглядзеўшы на гэтыя ўнікальныя сведкі таго часу, адчуваеш нейкую таямнічасць. І адразу становіцца зразумелым: тут шануюць гісторыю і вучаць любіць сваю малую радзіму.

– Безумоўна, гэта так, – пацвярджае мая суразмоўца загадчык ДУА “Грыцэвіцкі дзіцячы сад Клецкага раёна” Людміла Канстанцінаўна Пінчук. – Каб захаваць памяць, мы стварылі музей “Беларуская хатка”. Ён – гонар нашай установы, калектыву і ў цэлым жыхароў Грыцэвіч. Бо напаўнялі мы яго, як кажуць, усім белым светам. Тут сабраны прылады працы і побыту продкаў, якія дапамагаюць вывучаць традыцыі беларусаў, характары і многае іншае.

Музей актыўна запатрабаваны. У ім праводзяць педагогі заняткі з дзеткамі, ладзяцца абрадавыя святы і іншыя мерапрыемствы. Менавіта ў гэтым месцы маленькія беларусы могуць усвядоміць і адчуць, з чаго пачынаецца Радзіма, што такое родны куток, чаму патрэбна берагчы беларускую культуру і мову. Менавіта тут бяруць вытокі сувязі пакаленняў і нараджаюцца патрыятычныя пачуцці.

Адным словам, наш музей – гэта невялічкі гістарычны і культурны цэнтр, дзякуючы якому ў нас, як педагогаў, ёсць магчымасць далучыць рабят да гістарычнай спадчыны.

Разам з тым, у гэтым садку адчуваюць тонкую мяжу, якая аддзяляе мінулае ад будучага. Педагагічны калектыў дашкольнай установы імкнецца крочыць у нагу з часам і стараецца стварыць усе неабходныя ўмовы для таго, как вясковыя дзеці не адчувалі сябе абдзеленымі ў праўнанні з гарадскімі.

Светлыя з вясёлымі сюжэтамі на сценах пакоі,  добрая мэбля, адпавядаючая ўзросту дзяцей, дыдактычна-развіваючы матэрыял для заняткаў і правядзення гульняў, у тым ліку спартыўных і музыкальных мерапрыемстваў, сучасныя інфармацыйныя сродкі, абсталяванне для гульнёвых пляцовак на двары і іншае – усё гэта сведчыць пр тое, што тут працуюць апантаныя сваёй справай людзі.

Іх нямнога, але ўсе яны аб’яднаны адной мэтай – каб дашкольная ўстанова адпавядала сучасным патрабаванням.

– Пакуль што, на жаль, у нас няма інтэрактыўных дошак, планшэтаў, камп’ютараў для работы непасрэдна з дзецьмі, але я ўпэўнена, што гэта справа часу, – зазначае Людміла Канстанцінаўна. – Затое, у нас ёсць імкненне рабіць нашых дзетак шчаслівымі, каб яны з задавальненнем, а не са слёзкамі на вачах ішлі ў дзіцячы садок. У гэтым навучальным годзе нас наведваюць 16 дзетак з чатырох населеных пунктаў – агр.Грыцэвічы, вв.Нагорнае, Заельня, Мервіны. Створана адна рознаўзроставая група.

Летась 11 выпускнікоў з 24 выхаванцаў сталі першакласснікамі. Сёлета яшчэ чацвёра рыхтуюцца да школы, але прыйдзе 6 навічкоў. Садок не пустуе. У параўнанні з другімі вясковымі дашкольнымі ўстановамі, дзяцей нямала, і па прагнозах, дэмаграфічная сітуацыя, якая тычыцца непасрэдна нашай установы, абяцае быць стабільнай. Гэта радуе, але адначасова настройвае на плён.

У нас працуе два выхавальнікі – Вольга Аркадзьеўна Філіпчанка  і Людміла Іванаўна Гаўрук. Яны на сваім месцы: кампетэнтныя, ветлівыя, тактоўныя, па-сапраўднаму любячыя дзяцей – у нас няма ніводнага малога, хто б не хацеў хадзіць у садок.

Сёння прад’яўляецца шмат патрабаванняў да выхавання дзяцей. Цяпер мала даць малышам першапачатковыя ўменні і навыкі самастойнасці, трэба развіваць іх інтэлект, актыўнасць, цікаўнасць, мэтанакіраванасць, што абавязкова будзе патрэбна ім у школе і ў далейшым жыцці.

Важную ролю адыгрывае экалагічнае выхаванне – дзеткі ажыццяўляюць экскурсы па экалагічнай сцежцы і разам з выхавальнікамі працуюць у агародзе. У ліку асноўных педагагічных задач значыцца фарміраванне асноў бяспекі і ўмацаванне здароўя выхаванцаў. Наладжана сістэма загартоўвання і прафілактычных мерапрыемстваў па папярэджанні прастудных захворванняў і грыпу.

Рэгулярна ажыццяўляем агляд мэблі, каб дзеткі не параніліся. На занятках па асновах бяспекі вучым малых правільна паводзіць сябе на дарозе і выконваць патрабаванні ПДР. У гульнёвай форме знаёмім з правіламі пажарнай бяспекі. Усе гэтыя пытанні асвятляюцца ў залежнасці ад актуальнасці і сезону, – тлумачыць загадчык дашкольнай установы. – Праводзім загартоўваючыя мерапрыемствы: паласканне горла пасля кожнага прыему ежы, праветрыванне памяшканняў у час прагулкі, падчас заняткаў – фізкультхвілінкі, а паміж імі – дынамічныя паўзы. У спартыўны зал сёлета купілі сучаснае пакрыццё.

Трэба адзначыць, што мы стараемся абнаўляць матэрыяльна-тэхнічную базу і штогод набываем штосьці новае – хочам, каб бацькі бачылі, што мы клапоцімся аб іх дзецях. Думаю, што і яны гэта заўважаюць. Калектыў стараецца, кожны ўкладвае сваю лепту: повар смачна гатуе, прыбіральшчык падтрымлівае чысціню і ўтульнасць. Вельмі пашанцавала ўстанове на загадчыка гаспадаркі. На гэтай пасадзе доўга ніхто не затрымліваўся, бо зарплата невялікая, а абавязкаў шмат. Аднак урэшце знайшоўся вельмі добры чалавек.

Ірына Уладзіміраўна Галубовіч – мая правая рука, першы памочнік. Не застаюцца ўбаку ад вырашэння нашых агульных задач і бацькі дзяцей. У сваёй большасці яны актыўныя, неабыякавыя да таго, што адбываецца ў жыцці сада. З задавальненнем удзельнічаюць у конкурсах і святочных мерапрыемствах.

Актыўная пазіцыя грыцэвіцкіх выхавальнікаў, а таксама бацькоў выхаванцаў добра прасочваецца ва ўдзеле іх у шматлікіх конкурсах, якія арганізуюцца ў раёне ўпраўленнем па адукацыі, спорце і турызме. Сведкай таму з’яўляецца мноства грамат, што захоўваецца ў кабінеце загадчыка.

Сёлета ў капілку дасягненняў ляжа яшчэ адна, якую атрымае калектыў на раённым Свяце працы. Людміла Канстанцінаўна прызнаецца, што ёй прыемна адчуваць прызнанне за справу, якой спаўна аддаецца яна разам са саімі калегамі, але, па словах кіраўніка, сутнасць іх дзейнасці ў іншым:

Нам важна, каб дзеткі ішлі да нас з задавальненнем, каб адчувалі сябе камфортна як дома, побач з любімымі людзьмі, мамаю і татам. Здаецца, у нас гэта атрымліваецца.  

Святлана Орпель.

Фота аўтара. 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *