В Клецком районе прошло перезахоронение останков неизвестного солдата

3ліпеня – для беларускага народа асаблівая дата: доўгія тры гады знемагала пад фашысцкім ярмом наша родная зямля. За гэты час імёны многіх беларусаў сталі легендарнымі, іх ведалі на ўсіх франтах. Аднак, сярод воінаў, якія пралілі сваю кроў у баях з ворагам дзеля таго, каб сёння каласіліся хлебныя нівы і раслі гарады і вёскі, былі і тыя, чые імёны засталіся невядомымі назаўжды. Наш абавязак – увекавечыць памяць аб іх.
22 чэрвеня, у дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны ля абеліска воінаў-вызваліцеляў у аграгарадку Грыцэвічы адбылася цырымонія перапахавання рэшткаў партызана, што загінуў падчас баявых дзеянняў у чашанскім лесе. З вуснаў прысутных – прадстаўнікоў мясцовай і раённай улады, ветэранаў вайны, духавенства – гучалі сакраментальныя словы ўдзячнасці за подзвігі нашых дзядоў і прадзедаў і зварот да маладога пакалення свята захоўваць мір, здабыты ў неймаверна цяжкіх выпрабаваннях.
– Вайна закончыцца тады, калі будзе пахаваны апошні баец, – сказаў раённы ваенны камісар Дзмітрый Мікалаевіч Гадун. – Абавязак кожнага з нас аддаць даніну павагі тым, хто не змог атрымаць асалоду перамогі. Я ўдзячны жыхарам вёскі Чаша за тое, што паведамілі ў райваенкамат пра невядомую магілу. Сёння ў адпаведнасці са Статутам Узброеных Сіл з належнымі ваеннымі ўшанаваннямі мы аддаём зямлі астанкі невядомага воіна, партызана і проста вернага сына сваёй Айчыны і ўвекавечваем яго памяць у абеліску.
Айцец Віталій адслужыў малебен за ўпакаенне душы невядомага партызана і ўсіх пахаваных у брацкай магіле.
У той дзень у Грыцэвічах прагучалі залпы зброевых выстралаў і былі ўскладзены кветкі. Цырымонія завяршылася ў поўнай цішы, якая стала сімвалам міру і спакою на зямлі.

Святлана Орпель.
Фота Яўгеніі Семянчук.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *