Бітва пад Клецкам. Год 1706

Сярод мноства старонак нашай ваеннай гісторыі ёсць адна, на якую доўга не звярталі ўвагі. Гаворка ідзе пра бітву паміж руска-ўкраінскімі і шведскімі войскамі пад час Вялікай Паўночнай вайны (1700-1721 гг.). Хаця гэтай падзеі прысвечаны невялікі артыкул у кнізе “Памяць” і некалькі публікацый былых музейных супрацоўнікаў, аднак яны даюць вельмі скажоную карціну таго, што адбылося пад Клецкам 305 гадоў таму. Прычына ў недахопе звестак. Галоўнай першакрыніцай быў “Палкавы журнал” С.Няплюева – разбітага рускага ваяводы. Натуральна, што пераможаны камандзір усяляк стараўся апраўдацца, таму яго сведчанні трэба ўспрымаць асцярожна. З другога боку захавалася шмат шведскіх дакументаў пра клецкую перамогу. Яны малююць больш дакладную карціну тых падзей.

У сакавіку 1706 г. рускія войскі хуткім маршам адыходзілі з-пад Гродна на Украіну. У гэты ж час шведы пустошылі ўладанні прыхільнікаў Пятра І ў Заходняй Беларусі. Да ліку апошніх належалі і князі Радзівілы. У шэрагу іх гарадоў знаходзіліся рускія і ўкраінскія гарнізоны. Моцны казацкі аддзел стаяў таксама ў Ляхавіцкай крэпасці, аблогу якой ворагі вялі з пачатку года. У красавіку на дапамогу Ляхавічам з Мінска быў накіраваны руска-ўкраінскі корпус пад камандаваннем ваяводы Сямёна Няплюева і казацкага палкоўніка Данілы Апостала. Ён налічваў каля 5 тыс. казакаў і, па розных ацэнках, ад 2 да 4 тыс. чалавек пяхоты. Улічваючы, што каля крэпасці стаяла крыху больш за тысячу шведаў, гэтыя сілы мусілі з поспехам выканаць пастаўленую задачу. Аднак атрымалася наадварот.
Аблогу Ляхавічаў вёў Карл Густаў Крэйц – адзін з найбольш таленавітых шведскіх палкаводцаў. Афіцэрам Лейб-гвардыі коннага палка ён прайшоў трохгадовую вайну з Даніяй і шасцігадовую “рускую кампанію”, сумленна даслужыўшыся да высокага чыну. Ад разведчыкаў Крэйц ведаў, што рускія і казакі занялі Клецк, адкуль збіраліся ісці на Ляхавічы. 18 красавіка палкоўнік атрымаў падмацаванне з 400 драгунаў (род кавалерыі). Але і цяпер яго сілы значна саступалі праціўніку. Таму ён прыняў рашэнне атакаваць непрыяцеля ў самы нечаканы момант. Ля сцен фартэцыі палкоўнік пакінуў чатыры сотні вершнікаў, а сам, з галоўнымі сіламі, той жа ноччу выступіў на Клецк.
Паводле замежных крыніц Клецкая бітва адбылася 20, а паводле рускіх – 19 красавіка 1706 г. Ніякай супярэчнасці ў гэтым няма. Шведскі юліянскі каляндар, якім карысталіся ў той час, на адзін дзень апярэджваў рускі. Таму такое падвойнае датаванне характэрна для ўсіх падзей Паўночнай вайны. А вось чаму кніга “Памяць” датуе бітву 18-19 красавіка 1706 г., адказаць цяжка.
У рэляцыі Крэйца гаворыцца, што Клецк акружаны топкімі дрыгвянымі балотамі, праз якія ў напрамку Нясвіжа ішла вузкая кладка даўжынёй каля 500 “конскіх крокаў”, а ў бок Ляхавічаў – “дамба ля млына”. На поўнач ад кладкі, на Арынінскай гары (у раёне сучасных могілак і царквы – аўт.), размясціліся галоўныя сілы Няплюева. Сам горад быў заняты казацкімі аддзеламі, якія вартавалі і дамбу. На світанку 19 красавіка шведскія кавалерысты атакавалі казакаў, якія ўжо ведалі аб набліжэнні непрыяцеля і “даволі добра намагаліся абараняцца”. Але не маглі стрымаць націск і пабеглі да вузкай кладкі. На іх бяду тая была загароджана вазамі. Няплюеў, якраз убачыўшы небяспеку, стаў перакідаць на дапамогу артылерыю. Гарматы і скрыні з ядрамі перагарадзілі шлях да адступлення. У выніку пачалася бойка паміж сваімі. Жадаючы вырвацца, казакі скідвалі з кладкі артылерыстаў і адзін другога. Тыя, хто не паспеў скочыць на мост, траплялі ў балота, якое “было настолькі глыбокае, што ніводзін вершнік адтуль не выбраўся, а наадварот адзін аднаго кагалам пазатоптвалі”. Не цяжка зразумець, што апісаныя падзеі адбываліся ў раёне сучаснай вул. Леніна, дзе працякае р.Сільна (дакладней кажучы, тое, што ад яе засталося).
Тым часам сотня шведскіх драгунаў спешылася і паскідала вазы з кладкі, расчысціўшы шлях для сваёй кавалерыі. Асноўныя сілы Крэйца, пераправіўшыся на другі бок рэчкі, атакавалі няплюеўскую пяхоту, якая “пасля некаторага супраціву пачала адступаць”. Далейшыя падзеі насілі характар ужо не бітвы, а палявання на разбітага ворага. Шведы праследавалі рускіх на працягу пяці кіламетраў, пасля чаго вярнуліся ў Клецк. На зваротным шляху яны заўважылі, што многія салдаты, якія ляжалі на полі, толькі прыкідваліся мёртвымі, пасля чаго, як гаворыць Крэйц, “зрабілі ўсіх, хто ляжаў, роўнымі” (г.зн. забілі – аўт.).
Надвячоркам палкоўнік атрымаў вестку, што ляхавіцкі гарнізон, убачыўшы змяншэнне сіл непрыяцеля, здзейсніў некалькі вылазак. Таму з невялікай колькасцю людзей паспяшаўся да крэпасці. Калі абложаныя ўбачылі, што вяртаецца малая група шведаў, яны ўзрадаваліся (палічыўшы іх разбітымі), сталі біць у барабаны і страляць у паветра. Але неўзабаве падышлі асноўныя сілы, якія прывялі з сабой палонных, прывезлі захопленыя трафеі. Пасля такога відовішча настрой гарнізона змяніўся ў іншы бок.
Разбітыя пад Клецкам аддзелы С.Няплюева накіраваліся да Слуцка, але гараджане адмовіліся ўпусціць уцекачоў. Казакі Д.Апостала пайшлі на Мінск, а ваявода павёў свае палкі на ўсход. І толькі пераправіўшыся праз Днепр каля Лоева, нарэшце адчуў сябе ў небяспецы. У рэляцыі пра бітву ўсю віну за паражэнне ён ускладае на свайго ўкраінскага саюзніка. Да таго ж, згадвае моцны агонь шведскай артылерыі, хоць тыя не мелі ніводнай гарматы. Паводле яго запісаў горад, нібыта, пераходзіў з рук у рукі. І толькі адступленне казакаў, якія змялі ўласную пяхоту, дазволіла шведам атрымаць перамогу. Колькі праўды ў гэтых словах?
Для адказу на пытанне трэба звярнуць увагу на страты бакоў. Крэйц паведамляў, што меў пад Клецкам 7 забітых і 19 параненых. У іншых крыніцах даюцца іншыя лічбы: 8 забітых і 10 параненых. Або, адпаведна, 15 і 19 – гэта сустракаецца ў рускіх даследчыкаў. А што наконт супрацьлеглага боку? Адразу пасля бітвы ў 18 вялікіх курганах Клецка і ваколіц было пахавана 1025 рускіх і ўкраінскіх воінаў. У бліжэйшым лесе забіта 600 чалавек, якіх насціглі кавалерысты Карла ХІІ. Балота каля Сільны ўсё было запруджана целамі мёртвых казакаў і іх коней. Яшчэ некалькі соцен забітых уцекачоў пахавалі сяляне ў навакольных вёсках. Няхай чытач сам параўнае гэтыя лічбы і адкажа на пытанне: ці стасуюцца яны са сведчаннем пра жорсткі бой, ці тут лепш падыходзіць вызначэнне “клецкі пагром” (менавіта так названы тыя падзеі ў рабоце рускага гісторыка ХІХ ст.). Акрамя таго, у палон трапілі палкоўнік і 70 салдат. Было захоплена 2000 коней, 4 гарматы і 16 сцягоў.
Клецкая бітва мела вялікае значэнне для шведаў. Пасля яе капітуліравала Ляхавіцкая фартэцыя, здаўся Нясвіжскі замак, адкрыў вароты Слуцк. Ва ўсіх гэтых гарадах шведы знайшлі гарматы, порах і правіянт, неабходныя для працягу кампаніі. Невыпадкова пасля перамогі пад Клецкам Карл Крэйц атрымаў чын генерал-маёра кавалерыі і пасаду камандзіра Лейб-гвардыі коннага палка. Для рускага войска “…гэты пагром кепска паўплываў на настроі, лішні раз давёўшы перавагу над ім шведскай арміі”. А для кляччан, відаць, не было вялікай розніцы, хто перамог. Горад быў спустошаны незалежна ад таго, чыя зброя выявілася мацнейшай.
Дзіўныя метамарфозы адбыліся ў інтэрпрэтацыі гэтых падзей праз 150 гадоў. Тады, відаць, не без уплыву афіцыйнай прапаганды, стаў пашырацца міф пра перамогу над шведамі пад Клецкам. А шэраг курганных пахаванняў атрымаў назву “шведскія магілы”. Вынікі той прапаганды адчуваюцца і да сёння, калі можна пачуць пра “разгром шведаў на Арыне”. Як бачым, рэчаіснасць вельмі далёкая ад гэтых баек.
У адрозненні ад падзей 1506 г., бітва 1706 г. не прынесла славы і палёгкі нашым продкам. Так, гэта была не наша вайна. Але ж гэта – наша гісторыя. І калі пра Клецк памятаюць у Швецыі, то хіба можна забываць пра тую бітву ў самім Клецку.
P.S. Артыкул падрыхтаваны, дзякуючы дапамозе Андрэя Катлярчука – доктара гісторыі, выкладчыка ўніверсітэта Сёдэрторн у Стакгольме, Хокана Хенрыксана – супрацоўніка архіва Арэбра (Швецыя), Алеся Лукавенкава – перакладчыка (Мінск).

Андрэй Блінец, навуковы супрацоўнік ДУ “Музей гісторыі Клеччыны”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *