Ірына Баршчэўская: Урач не мае права крыўдаваць на праблемы, страхі і капрызы пацыентаў

Заўсёды, калі даводзіцца сустракацца, гутарыць з гэтай прыемнай, абаяльнай, актыўнай, жыццярадаснай жанчынай, міжволі ўспамінаю цудоўную паэму вядомага савецкага паэта Расула Гамзатава “Цалую жаночыя рукі”. Нагадаю, што ў ёй – шчырае захапленне жанчынай, якая дорыць нам дабрыню і ласку, адданасць і клопаты, пяшчоту і мацярынства, якая пры неабходнасці супакоіць, дапаможа, возьме на сябе чужы боль. І ў гэта захапленне, паверце, надзвычай арганічна, натуральна ўпісваецца ўсім сваім укладам жыцця, характарам, чалавечымі якасцямі, каштоўнасцямі, адносінамі да работы, акружаючых людзей мая сённяшняя гераіня – участковы ўрач-тэрапеўт райбальніцы Ірына Яўгенаўна Баршчэўская. Такой жа думкі прытрымліваюцца і шматлікія яе пацыенты, хворыя, жыхары горада. І хаця некаторыя з іх наўрад ці знаёмы, чыталі ўзгаданую мной паэму, але захапленне сваім доктарам у іх такое ж светлае, чыстае, узнёслае, пераканаўчае, як у паэта. Вось толькі нямногія водгукі, выказванні знаёмых мне людзей.

Не ведаю, ці дажыла б я да сённяшніх сваіх сталых гадоў, мела б такое неблагое самаадчуванне без нашай доктаркі Ірыны Яўгенаўны, - шчыра гаворыць пенсіянерка, жыхарка горада Ірына Канстанцінаўна Марук. – Гэта не толькі высокакласны прафесіянал, але і чулы, спагадлівы, душэўны чалавек, які заўсёды і выслухае, і параіць, і дапаможа. А як лечыць – проста цуд. Прычым адразу і не вызначыш, не скажаш, што паспрыяла хуткаму выздараўленню – прапісаныя лякарствы ці яе шчырае суперажыванне, жаданне зменшыць, падзяліць твой боль, вярнуць упэўненасць у сябе, у тое, што ўсё будзе добра, хвароба абавязкова адступіць. Больш таго, з-за сваёй інваліднасці мне нярэдка даводзіцца выклікаць урача на дом, да сябе ў кватэру. І чаго тут утойваць – не кожнаму медработніку гэта падабаецца, іншы і не хавае сваіх негатыўных пачуццяў. А вось Ірыну Яўгенаўну ніколі не ўбачыш раздражнёнай, незадаволенай, хмурай, фанабэрыстай. Наадварот, заўжды ветлівая, шчырая, тактоўная, гатовая выканаць сваю работу найлепшым чынам. А гэта значыць – здзіўляць і здзіўляць пацыента, вяртаць яму здароўе, самае дарагое, што ёсць у чалавека.

Сапраўды, нам пашанцавала на такога доктара, - падтрымлівае сваю даўнюю сяброўку па жыцці і мудрай старасці Фаіна Іванаўна Карсека. – Не пабаюся гучных слоў і скажу, што Ірына Яўгенаўна для нас, пенсіянераў, нібы падарунак, пасланы нябёсамі. Яна добра разумее, што такое пажылы ўзрост – нарастанне адмоўных пачуццяў, трывог, перажыванняў, і стараецца “пераключыць” нас, наш мозг на пазітыўную праграму: “І ў восемдзясят гадоў я жыццядзейсная, абаяльная, прыцягальная”, “Што такое для мужчыны 75 – мізэр, і я па-ранейшаму поўны сіл, энергіі, бадзёрасці, на многае здатны”. І гэта дапамагае, адганяе дрэнныя дурныя думкі, настройвае на аптымістычны лад, выклікае жаданне радавацца жыццю ва ўсіх яго праявах, аспектах, прасынацца штодзённа з верай у лепшае, з удзячнасцю за новы, светлы дзень, за тое, што ў цябе ёсць галава, рукі, ногі, што ты жывеш на белым свеце. І ўсё гэта ідзе ад Ірыны Яўгенаўны, ад яе чалавечнасці, прафесіяналізму, высакароднасці.

- Я таксама мог бы паўтарыць выказванне многіх наведвальнікаў бальніцы аб тым, што Ірына Яўгенаўна – урач ад Бога, - падключаецца да размовы жыхар горада, мой даўні знаёмы Леанід Дзям’янавіч Калько. – І гэта праўда, так яно і ёсць. Але мне хочацца сказаць і аб яе цудоўных чалавечых якасцях – дабрыні, спагадзе, сціпласці, міласэрнасці. Яна зусім не эпатажная, не імкнецца “паказаць сябе” дзе трэба і не трэба, не гоніцца за папулярнасцю, не прагне славы на пустым месцы. Яна ўжо даўно даказала “ўсяму свету” ўласнай бездакорнай працай, высокім прафесіяналізмам, сумленнымі ўчынкамі сваю вартасць, годнасць, прыстойнасць.

Ці варта гаварыць, што я цалкам пагаджаюся з гэтымі выказваннямі, гатовы падпісацца пад кожным словам дадзеных характарыстык маёй гераіні, тым больш што мне і самому двойчы даводзілася быць на прыёме ў Ірыны Яўгенаўны, адчуць, як кажуць, на ўласнай скуры метады яе лячэння. Дагэтуль да драбніц памятаю першае сваё наведванне да маладога яшчэ ў той час ўрача-тэрапеўта, яе ўважлівае, дэталёвае абследаванне і змрочны дыягназ выяўленай хваробы.

І разам з тым яе суцяшальныя, абнадзейваючыя словы падтрымкі: “Ну, не ўсё так страшна і зусім не ўсё страчана, не трэба апускаць рукі, мы яшчэ паваюем”. Здавалася б, проста словы, а яны гучалі для мяне музыкай, якая бадзёрыла, напаўняла душу, супрацьстаяла жыццёвым выпрабаванням, узнікшай хваробе. А ў ходзе лячэння я зразумеў, што ў паняцце дабраты ў Ірыны Яўгенаўны ўваходзіць не толькі душэўная цеплыня, міласэрнасць і ўвага да хворага, але строгасць, патрабавальнасць у абавязковым выкананні ўсіх медыцынскіх працэдур, пастаянныя, падчас нялёгкія, рэзкія размовы з некаторымі пацыентамі, каб пераканаць іх, прымусіць паверыць у сябе, паверыць у тое, што яны неабходны блізкім, акружаючым людзям.

Безумоўна, усё гэта сведчыла аб тым, што Ірына Яўгенаўна ў медыцыне – чалавек не выпадковы, што ішла яна да сваёй прафесіі свядома, мэтанакіравана і цяпер працуе ўмела, шчыра, зацікаўлена, мае гонар за сваю справу і людское прызнанне.

Так яно і ёсць, - летуценна ўсміхаецца мая сённяшняя гераіня. – З дзяцінства захаплялася “доктарскімі” гульнямі, бо быў прыклад маці Таццяны Якаўлеўны, якая працавала медыцынскай сястрой у райбальніцы. Я нярэдка прыбягала да яе на работу і ўжо ўсур’ёз цікавілася, назірала за некаторымі медыцынскімі працэдурамі, асабліва ў фізкабінеце. А потым сама нечакана моцна захварэла, трапіла нават у мінскую бальніцу, дзе мяне лячыў добры, уважлівы, спагадлівы ўрач, які канчаткова пасеяў у маёй душы шчодрае семя, цягу да медыцынскай навукі.

Мая суразмоўца на нейкі момант змаўкае, быццам збіраючыся з новымі думкамі, успамінамі. Мне неяк непрывычна бачыць яе такой летуценнай, супакоенай, памяркоўнай, бо звычайна ёй уласцівы энергічнасць, жыццярадаснасць, неўтаймоўнасць, яна заўсёды ў цэнтры ўвагі, душа любой кампаніі. Але сёння не той выпадак, і Ірына Яўгенаўна замілавана ўспамінае школьныя гады, вучобу ў Гродзенскім медінстытуце, прафесійнае станаўленне, размеркаванне на самастойную працу ў родны горад. З цеплынёй адклікаецца аб тых людзях, старэйшых калегах, якія дапамагалі на першым часе набірацца практычнага вопыту-розуму, спасцігаць некаторыя “сакрэты” прафесіі.

У першую чаргу гэта Пётр Іосіфавіч Лахнюк, Марыя Іосіфаўна Талайка, Вячаслаў Віктаравіч Дубкоўскі. Яна не ўтойвае, што многаму навучылася ў іх, бо тэарэтычныя веды ў медыцыне – гэта адно, а практыка, лячэнне пацыентаў, зніжэнне захворванняў – зусім іншае. Таму чуйна прыслухоўвалася да парад, пазнавала, назірала, параўноўвала, прапускала ўсе сілы праз сіта свайго ўсведамлення, светапогляду.

Адсюль, мабыць, і вынік гэтай нябачнай, карпатлівай работы атрымаўся выдатным, найкаштоўнейшым здабыткам асеў у душы, дазволіў у будучым дасягнуць вышынь прафесійнага майстэрства, стаць у Клецку сапраўды любімай “народнай” дакторкай. Дый афіцыйнымі званнямі Ірына Яўгенаўна не абдзелена – з’яўляецца “Выдатнікам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь”, узнагароджана медалём “За працоўныя заслугі”, а на сёлетнім свяце працы занесена на раённую Дошку гонару.

Ці складана было ўсяго гэтага дабіцца? – паўтарае маё запытанне суразмоўца. – Лічу, што не, калі любіш сваю справу, цалкам ёй аддаешся, разумееш людзей, стараешся ім дапамагчы. Вядома, урач – звычайны чалавек, але ён павінен быць больш добры, больш светлы, больш цярплівы, чым іншыя людзі. І ніколі не павінен забываць, што працуе ён пастаянна з хворымі, а таму не мае права крыўдаваць на іх праблемы, перажыванні, страхі, а часам і капрызы.

Вось вам, паважаныя чытачы, і гатовая формула поспеху, узлёту маёй гераіні, яе жыццёвае крэда, тыя самыя нябачныя для пабочнага вока “сакрэты” прафесіі, аб якіх гаварылася вышэй, і з якімі яна сутыкнулася напачатку самастойнага працоўнага шляху. І мне становіцца відавочным, што сябе яна стварыла сама, і асабістае жыццё сваё ладзіла так, як лічыла патрэбным, як падказвала сэрца. Таму і не шкадуе сёння ні аб чым, усім задаволена. Засмучае, хіба што, адно: рэдка ўдаецца сабрацца ўсёй сям’ёй разам. А сям’я яе – васьмідзесяцідвухгадовая маці і любімы адзіны сын Жэня, названы ў гонар бацькі і дзядулі, які, на вялікі жаль, ужо пайшоў з жыцця, пакінуўшы пасля сябе светлую памяць. І гэта памяць мацуе сям’ю, заклікае быць па-ранейшаму дружнай, добрай, згуртаванай, заснаванай на ўзаемаразуменні, павазе, сумненні, дабрыні і справядлівасці.

Не выпадкова, што менавіта гэтыя паняцці, якасці з’яўляюцца сёння прыярытэтнымі, важнымі для сына, які выбраў сабе дарогу ваеннага і служыць адказна, верна, дастойна. І маці ганарыцца ім, заўсёды з вялікім нецярпеннем, несхаванай радасцю чакае яго ў госці, у бацькоўскую хату, дзе гэтак жа рупіцца, перажывае, хвалюецца па сваёй дачушцы сэрца яе маці Таццяны Якаўлеўны. О, Божухна, дарагія мае жанчыны, адкуль чэрпаеце вы гэтую бясконцую любоў і ласку, дзе бераце сілы для пастаяннага душэўнага цяпла?! Колькі вытрымкі, спагады, цярпення, перажывання закладзена ў вашых далікатных, прывабных, светлых душах!

Адчуваю, што думкі мае міжволі скіроўваюцца да надыходзячага свята Міжнароднага жаночага дня, і цікаўлюся ў сваёй суразмоўцы, якой бачыцца ёй сучасная жанчына.

Як ні парадаксальна, але ў першую чаргу – дзелавой, мужнай і незалежнай, - усміхаецца Ірына Яўгенаўна. – Мы жывём сёння ў такі час, калі нават самая рамантычная, чулая дзяўчына, жанчына не можа дазволіць сабе траціць прытомнасць ці доўга хварэць ад нераздзеленага кахання альбо здрады мужа. Мне вельмі імпануе, што Прыгожая Дама нашага часу ўмее забяспечыць сябе, знаходзіцца на кіруючых пасадах, умее быць гордай і незалежнай.

– А ўвогуле, якія якасці, рысы характару падабаюцца Вам у людзях?

Галоўнае ў чалавеку, на мой погляд, сумленнасць, шчырасць, прыстойнасць, дабрата, - нават не задумваецца мая суразмоўца.

– А з чым не можаце мірыцца?

Са здрадай, падманам, пустазвонствам, расхлябанасцю, паказушнасцю ва ўсіх яе праявах.

Чым любіце займацца, калі выпадае вольны час?

Пачну з таго, што яго ў мяне мала. А калі ён усё-такі з’яўляецца, то на першым месцы ў мяне кветкі, люблю іх вырошчваць, даглядаць. Люблю пачытаць добрую, цікавую кнігу, паслухаць музыку. Прычым як класічную, так і эстрадную, песенную. Галоўнае, каб гэта была сапраўдная музыка, кранаючая сэрца, душу. Памятаеце, як у паэта сказана: “Пачуецца музыка ў лесе асеннім, у шораху лісця і шэпце даджду…”

І зноў я ў захапленні ад гэтай жанчыны, ад яе шчырых, трапных, уражлівых адказаў на мае пытанні, ад яе вобразна-яскравага светабачання. Таму і пагаджаешся з ёй ва ўсім: з тым, што кніга будзе жыць, нягледзячы на вялікі прарыў у электронных тэхналогіях, у камп’ютарызацыі свету; што савецкая мадэль аховы здароўя, уключаючы бясплатнае медыцынскае абслуговаўнне, была адной з лепшых у свеце; што любую справу трэба выконваць з душой, сумленна, і гэта залог лепшай будучыні; што ўзрост жанчыны не вымяраецца гадамі, а ўнутраным святлом, станам душы; што трэба адраджаць родную мову. Пагадзіцеся, ужо сам гэты, далёка не поўны пералік яе выказванняў, сцвярджэнняў сведчыць аб тым, што Ірына Яўгенаўна – чалавек эрудзіраваны, дасціпны, з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, асабістым поглядам на навакольны свет і нашу рэчаіснасць, чалавечыя каштоўнасці.

Пры гэтым яна не толькі дэкламуе іх, прапаноўвае акружаючым, але і ажыццяўляе на практыцы, у паўсядзённай дзейнасці. Надзвычай красамоўным у гэтым плане здаўся мне такі факт. Пасля адыходу на той свет бацькі, на дачы без догляду засталася пасека, за якую прадпрымальныя дзялкі давалі добрыя грошы. Аднак як аддаць у чужыя рукі тое, што сагравала душу роднага чалавека, што з’яўляецца светлым напамінкам аб ім? І мая суразмоўца не пайшла на гэта, а сама адолела складаную, тонкую пчалярскую справу, дастойна працягвае бацькоўскі занятак, шчыруе на пасецы, слухае музыку пчол.

Кажуць, сапраўднае прызначэнне чалавека – жыць, а не існаваць, быць ім, а не здавацца, вызначыць сваю дарогу і крочыць па ёй роўна, упэўнена, прыгожа. У маёй сённяшняй гераіні так яно і адбываецца. І хаця нядаўна яна адзначыла свой прадстаўнічы юбілей з дзвюмя пяцёрачкамі, упэўнена, што многія падзеі ў яе жыцці яшчэ наперадзе. Хай яно так і будзе, і хай будуць яшчэ і дзве шасцёрачкі з сямёрачкамі, і нават дзве дзявятачкі. Удачы, натхнення, новых поспехаў, людской любові і захаплення Вам, шаноўная Ірына Яўгенаўна!

Іван Здрок.

Фота Юрыя Мысліцкага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *