Споведзь

Ганна Аляксандраўна, як і многія яе равеснікі, сапраўдную цану кавалка хлеба зведала з самага дзяцінства. З малых гадоў яна дапамагала бацькам з ранку да позняга вечара абрабляць зямлю-карміцельку, каб тая аддзячыла за клопат хоць якім ураджаем. Калі было сямнаццаць гадоў, у родныя Навасёлкі (аўт.: Капыльскі раён) чорнай зграяй уварваліся немцы. Цяжка было перажыць ваеннае ліхалецце – нават сёння, праз колькі год, жанчына не хоча ўспамінаць пра голад, нястачы і жудасныя імгненні, якія, здавалася, не скончацца ніколі. А так хацелася спакою, міру і асабістага дзявочага шчасця.
У 1944 годзе, калі Беларусь была вызвалена ад нямецка-фашысцкага гнёту, дзяўчына адправілася на пошукі працы: прачула, што ў Клецкім аддзеле адукацыі набіраюць настаўнікаў для работы ў вясковых школах. Да вайны яна закончыла 8 класаў, што па мерках тых часоў дазваляла прэтэндаваць на пасаду настаўніка пачатковых класаў. Так, па накіраванні райана Ганна Аляксандраўна апынулася ў Галынцы. Менавіта тут і сустрэла свайго будучага мужа. Пасля ранення ён быў адпушчаны дадому ў кароткатэрміновы водпуск і…
Гэта было каханне з першага погляду. Маладыя настолькі пакахалі адзін другога, што вырашылі ўсе жыццё крочыць толькі разам. Аднак першае расставанне завітала ў сям’ю Віннічак вельмі хутка. У 1946 годзе мужа прызвалі ў армію для тэрміновай службы, а Ганна Аляксандраўна, ужо будучы цяжарнай, пераехала на сваю радзіму, бліжэй да родных.
Там, на Капыльшчыне, з’явіўся на свет яе першынец. Маладая маці душы не чула ў сыночку. Амаль не адыходзіла ад люлькі – любавалася хлопчыкам і ў думках набліжала шчаслівае імгненне сустрэчы з каханым. Праз два гады муж дэмабілізаваўся і забраў жонку з сынам на Клеччыну. З гэтага моманту для Ганны Аляксандраўны Галынка стала адзінай радзімай на ўсё жыццё. Тут яна была непамерна шчаслівай, калі на свет адна за другой з’яўляліся яе дачушкі, тут яна зведала шмат жыццёвых выпрабаванняў і палівала слязьмі стаўшую роднай і, як здавалася на той момант, шматабяцаючай зямлю.
Кажуць, Усявышні не пасылае нам выпрабаванняў большых, чым мы можам вытрымаць. І трымалася… Мужна выносіла жанчына бясконцыя паездкі ў горад на работу (тады яна працавала ў бухгалтэрыі райана), якія патрабавалі нямала сіл і энергіі, бо дабірацца, няхай сабе і на аўтобусе, даводзілася за дзясяткі кіламетраў. А калі вярталася дадому, патрэбна было яшчэ накарміць дзяцей, праверыць урокі, прыбрацца ў хаце, згатаваць назаўтра ежу, дагледзець хатнюю гаспадарку. Ганна Аляксандраўна аўдавела вельмі рана – у сорак гадоў. Адной трэба было ставіць на ногі сына і дзвюх дачок – таму і “маталася” з вёскі ў горад дзеля большага заробку. Калі дзеці падраслі, здавалася, жыццё наладзіцца і стане лягчэй. Ды не, памылялася. У 28-гадовым ўзросце ад хваробы памёр сынок, пакінуўшы ў сям’і дваіх дзяцей: чатырохгадовага і гадавалага хлопчыкаў. Каб дапамагчы нявестцы, яна ўзяла на выхаванне да сябе старэйшага ўнука і працягвала працаваць (тады ўжо ў бухгалтэрыі сельсавета).
– Дзіцячага садка ў Галынцы не было, дык брала хлопчыка свайго з сабою на работу, – у размове вяртаецца ў мінулае мая суразмоўца. – У калегі на той час была дзяўчынка амаль такога ж узросту, як мой унучак. Яна таксама прыводзіла дзіця з сабою. Малыя разам гулялі, а як яныстамляліся, мы кідалі пад стол адзенне – і там дзеці спалі. Так і перабіваліся год за годам, да школы. Другога выйсця не было…
Ганна Аляксандраўна, як і любая сапраўдная маці, увесь час жыла і жыве дзеля дзяцей і ўнукаў. Нават пасля выхаду на пенсію працавала яшчэ шэсць гадоў, хаця, перажыўшы столькі нягод, магла б ужо і пра сябе падумаць.
– Не змагла адмовіць старшыні сельсавета, калі той прыйшоў прасіць падмяніць дэкрэтны водпуск адной з работніц. Спачатку адзін, затым – другі. – Працягвае перабіраць у памяці эпізоды са свайго жыцця Ганна Аляксандраўна. – Дый, паразважыўшы, падумала, што такім чынам змагу грошай падзарабіць і дапамагчы дачцэ, якая будавала ў Мінску кватэру.
Думала яна найперш пра дзяцей і тады, калі “прысватаўся” да яе чалавек, з якім, увогуле, можна было б звязаць сваё жыццё. Калі б… Няважна, якія стаялі ўмовы, але жанчына засталася са сваёй сям’ёй. Можа, таму, што, на думку Ганны Аляксандраўны, сапраўднае жаночае шчасце – гэта дзеці. І калі яна гаварыла аб гэтым, вочы наўмысна апускала ўніз – відаць, не хацела, каб хто-небудзь бачыў, як плача яе душа.
Што і казаць, цяжкі лёс выпаў на долю гэтай ветлівай мілай жанчыны. Але, мабыць, недарэмна кажуць ў народзе: “Бяда адна не ходзіць”. Да ўсіх нягод, якія давялося перажыць Ганне Аляксандраўне, далучылася яшчэ і цяжкая хвароба дачкі, якая таксама назаўсёды іх разлучыла. На гэты раз жанчына была пераканана, што сэрца не вытрымае. Але…
Яна не спрачаецца з Богам, не папракае за гаротную долю і не пытае, за што ўсё гэта ёй… Бо разумее: нам не даецца некалькі варыянтаў лёсу і права на іх выбар. Мы не можам прадбачыць, што нас чакае далей. Але адно вядома дакладна, што кожны з нас павінен прайсці свой зямны шлях з высока праднятай галавой так, каб нашым дзецям і ўнукам не было сорамна за нас.
Ганна Аляксандраўна Віннічак не скарылася перад жыццёвымі выпрабаваннямі, не замкнулася ў сабе, а працягвае жыць, прытым так, каб ёю маглі ганарыцца акружаючыя людзі. Вельмі любяць сваю маму і бабулю дачка, нявестка, а таксама шасцёра ўнукаў і шасцёра праўнукаў, да яе з павагай ставяцца аднавяскоўцы і кіраўніцтва Галынкаўскага сельскага Савета. Таму, калі я папрасіла яго старшыню пазнаёміць з асабліва шануемым жыхаром аграгарадка, Мікалай Васільевіч Буйвіла адразу павёў на Зарэчную, 10, дзе я і пачула шчыры расказ пра жыццё – споведзь Ганны Аляксандраўны.
Г.А.Віннічак нарадзілася ў 1924 годзе. Нягледзячы на свой сталы ўзрост, жанчына па-ранейшаму спрытна вяжа, вышывае, шые ходнікі і прадзе (на здымку). Менавіта за гэтым заняткам мы і засталі Ганну Аляксандраўну, калі завіталі да яе ў хату. А яшчэ яна вельмі любіць чытаць. Бывае, прызнаецца мая новая знаёмая, з кнігай сядзіць дапазна. Захапляецца гістарычнай тэматыкай, з задавальненнем чытае беларускіх аўтараў.
– Кнігі падсілкоўваюць мяне, – зазначае ў размове жанчына, – іх героі неаднойчы “дапамагалі” і “падказвалі” выйсце. Напэўна, дзякуючы ім я яшчэ і жыву…

Святлана Орпель.
Фота Яўгеніі Семянчук.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *