В горпарке Клецка прошел областной праздник «Калыска талентаў”

 Завяршылася чацвертае абласное свята-конкурс дзіцячай творчасці “Калыска талентаў”. Сёлета на гасціннай клецкай зямлі сабралася каля 260 аматараў народнай творчасці з 16 раёнаў Міншчыны.

Прыгожыя, вясёлыя, маладыя таленавітыя юнакі і дзяўчаты ганарліва крочылі па цэнтральнай вуліцы горада ў накірунку да гарадского парку, які ў той дзень ператварыўся ў сапраўдную калыску талентаў. Урачыстае шэсце плаўна перайшло ў афіцыйную цэрымонію адкрыцця свята-конкурсу. Першымі на сцэну па традыцыі выйшлі яго галоўныя героі – дзеці. Юныя артысты задалі тон дзеі песняй-пажаданнем: Няхай над краінай сонейка свеціць! Няхай жывуць доўга і шчасліва дзеці!

Цёплымі словамі вітала ўсіх прысутных на свяце начальнік галоўнага ўпралення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Таццяна Мікалаеўна Хмель:
– Я шчыра рада таму, што менавіта мая малая радзіма, мая Клеччына, стала месцам правядзення гэтага свята. І гэта не выпадкова, бо тут умеюць знайсці ключык да кожнага юнага даравання, тут паважаюць і прымнажаюць традыцыі і культуру нашых продкаў. Я хачу пажадаць, каб сённяшні фестываль адкрыў новыя імёны, заўважыў новыя таленты, якія будуць узбагачаць культурную скарбонку Беларусі.

Наступная дзея свята развівалася на дзвюх пляцоўках. У амфітэатры праходзіў конкурс фальклорных калектываў, якіх аб’яднала любоў да песні. Выступленні юных артыстаў нагадвалі тэатралізаваныя мініяцюры, дзе дзеці ўзгадвалі пра абрадавыя традыцыі, этымалогію беларускіх мянушак і прозвішчаў, па-майстэрску дэманстравалі элементы беларускага танца. Сэрца поўнілася гонарам за тое, што адбывалася на сцэне, за жаданне дзяцей перадаць свае адносіны да багацця беларускай спадчыны, за чыстую матчыну мову, якая лілася з вуснаў юных беларусаў, за памкненне юнакоў і дзяўчат прымнажаць народныя традыцыі, за іх любоў да ўсяго роднага, беларускага.

А на другой пляцоўцы плённа шчыравалі рукастыя юныя майстры. Чаго тут толькі не было? Дзеці прадставілі работы ў розных накірунках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: саломапляценне, разьбу па дрэве, роспіс па дрэве і шкле, ткацтва, пісанку, пэчварк, абрадавыя лялькі, роспіс па тканіне і набіванку і нават пляценне лапцяў. Усе канкурсанты заўзята працавалі над сваімі работамі, праяўляючы фантазію і творчае натхненне. Кожны з іх, нягледзячы на тое, што час для выканання конкурснай работы быў абмежаваны, з здавальненнем дзяліўся сваімі ведамі і ўменнямі з усімі, каму гэта было цікава. І кожны з іх, безумоўна, прагнуў перамогі.

Прызнацца, у фінале конкурсу і сапраўды было шмат тых, каго адзначыла журы дыпломамі і каштоўнымі падарункамі. Прыемна, што часцей за ўсіх на сцэну падымаліся нашы юныя землякі – кляччане. Дарэчы, менавіта яны і сталі ўладарамі Гран-пры ў абодвух намінацыях. Сярод фальклорных калектываў абсалютным пераможцам быў прызнаны ўзорны ансамбль народнай песні “Марачаначка” Морацкага СДК. У намінацыі “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” адзначана наша творчая зямлячка Вольга Пілецкая (кіраўнік гуртка “Чердачок” Клецкага цэтра культуры) і яе выхаванцы. Яны паказалі майстар-клас па роспісе на тканіне і набіванцы.

Звярнуўшыся да глыбокіх вытокаў народнага мастацтва, клецкія майстры кранулі душы і ўразілі сваімі работамі культуразнаўцаў і гасцей мерапрыемства. І тым самы даказалі, што ў беларускіх традыцый ёсць будучыня. Яны будуць існаваць да тае пары, пакуль будуць біцца сэрцы беларусаў.

ДНП.

Фото Инны Федарчук. 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *