На газоне

Жэтон метро выслізнуў з кашалька, суха шчоўкнуў па тратуарнай плітцы, адскочыў на газон і знік. Нахіляюся, прыглядаюся. Не відно. Узіраюся больш уважліва, расшыраючы поле агляду. Пад газонным кусцікам заўважаю вузкі краёчак майго жэтона, які ледзьве відзён з-пад… лапы вялікай, балотна-бежавага колеру жабы. Жаба вельмі прыгожая: дасканалай формы лапы і калені, насычаны акрас скуры. А галоўнае – вочы. У гэтых вачах – спакойная непарушнасць паўзуноў: тут і нетаропкасць чарапахі, і мудрасць змяі. Такія вочы нібы створаныя для таго, каб сузіраць вечнасць…

Жаба разглядала мяне з каменнай спакойнасць. Я працягнула да яе руку ў спадзяванні на тое, што яна спалохаецца і пераскочыць куды-небудзь – убок ці наперад. Мае спадзяванні аказаліся марнымі. Жаба і вухам не павяла (калі б у яе былі вушы!). Наадварот, цяпер яна, здаецца, утаропілася ў мяне з некаторай незадаволенасцю і раздражненнем. Яшчэ некаторы час мы ўпарта ўзіраліся адна ў адну, як у гульні “хто каго пераглядзіць”. Потым мне стала сорамна з-за таго, што я так і стаяла перад ёю з працягнутай рукой. Пайсці ці што? Не. Ды, урэшце, справа не ў жэтоне – страшна хацелася пабачыць, што будзе далей. Пакуль што было ясна адно: жабу я не спалохала, а хутчэй зацікавіла. А можа, нават я ёй спадабалася колерам сукенкі, якая сваім агульным тонам была чымсьці падобна на яе ўласную афарбоўку?

… Многія людзі баяцца жаб. І яны ў чымсьці маюць рацыю: жаба – гэта нешта слізкае, ліпкае, непрыемнае. Калі мне на нагу аднойчы ў картафлянай разоры скокнула вялізная жаба, я закалацілася не толькі ўсім целам, але і ўсім нутром. Ну, пэўна, спрацавалі два эфекты: нечаканасці і грэблівасці…

І тут я ўспомніла свае падлеткавыя гады. Летам мы шмат часу праводзілі на лузе: калі грэблі сена, калі збіралі яго ў копы, калі грузілі на вазы. А пад час праполкі мы імкнуліся пачаць работу ад лугу, каб, прайшоўшы два рады (туды – назад), апынуцца зноў на лузе. Бо пасля двух радоў надыходзіў час перапынку, а гэта ж – паўгадзінная асалода на мяккай лугавой траве сярод кветак і стракоз, з мяккім вільготным ветрыкам, які далятаў з боку рэчкі і лашчыў нас халадком ад галавы да пятак. У час перапынку мы сядзелі ў кружку, бывала, што і ў некалькі радоў: кола было вузкае, а ў цэнтры сядзела выхавальніца, якая заўсёды нешта расказвала. А мы (вочы вылупленыя, раты разяўленыя) слухалі як зачараваныя. Гэта былі вельмі дарагія моманты зносін, шмат больш каштоўныя за любыя выхаваўчыя мерапрыемствы. Мы слухалі пераказы зместу кніг і фільмаў, нейкія цікавыя гісторыі, апісанні розных геаграфічных мясцін, ды, наогул, столькі цікавага і незнаёмага: і што такое трамвай, і як выглядае святлафор. Мы ніяк не маглі ўцяміць, чаму ў Мінску людзі пераходзяць вуліцы на перакрыжаваннях – гэта ж самыя небяспечныя месцы! Нават пра ліфты і аўтаматы з газіраванай вадой вадой (самыя таямнічыя сталічныя штучкі!) расказвалі нам нашы выхавальнікі – яны былі такія разумныя і дасведчаныя, яны ўсе навучаліся завочна ў Мінскіх ВНУ і нават месяцамі жылі ў сталіцы ў час экзаменацыйных сесій! Адным словам, выхавальнікі былі людзьмі з велізарным аўтарытэтам, яны проста адкрывалі нам акно ў свет. А гэта было неймаверна важным для нашай замкнутай і аўтаномнай дзетдомаўскай сістэмы. Адным словам, у час перапынку над нашым цесным кругам лунала атмасфера шчырай зацікаўленасці, поўнай цішыні і абсалютнай адасобленасці ад усяго навакольнага свету. Мы не заўважалі нічога навокал, амаль не помяталі сябе.

І раптам цішыню ўзрываў прарэзлівы піск, ад якога закладвала вушы і ледзяніла кроў, і адна з дзяўчынак зрывалася з месца з крыкам і неслася ў невядомым напрамку. Паколькі ўся наша ўвага разам з абурэннем і спачуваннем скіроўвалася да пацярпелай сяброўкі, мы аніяк не маглі адэкватна адрэагаваць на крыніцу здарэння. І толькі праз некалькі імгненняў, калі з бліжніх кусцікаў даносілася зларадная хіхіканне, прычына станавілася зразумелай: нехта з хлопчыкаў, ціхенька, непрыкметна падкраўшыся да нашага зачараванага царства (пэўна ж, з таго боку, дзе была спіна выхавальніцы), раптам лоўкімі пальчыкамі хуценька і абсалютна неадчувальна для дзяўчынкі апускаў ёй за каўнер маленькае халоднае жабяня і непрыкметна драпаў з месца злачынства – поўзнем, як вужака, па высокай траве. А бедная ахвяра бегала па лузе, дрыготкімі пальчыкамі ліхаманкава спрабавала развязаць паясок на плацейку, але ж, як назло, вузельчык зашморгваўся яшчэ мацней. А там, пад сукеначкай, над паяском, дабаўляючы дзеўчаняці грэблівасці і жаху, па гарачай спінцы скакала і мітусілася ашалелае ад пярэпалаху халоднае слізкае жабяня.

Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што такія здарэнні адбываліся нячаста – пару разоў за лета. Навошта хлопчыкі гэта рабілі? Ну як жа, гэта быў, пэўна, знак увагі, выказванне сімпатыі да дзяўчынкі, хоць бы і такім варварскім спосабам.

Памятаю, што пасля першага ж такога выпадку я пры кожнай магчымасці пачала паступова прывучаць сябе да жабянятак. Спачатку я выпрацавала ў сабе здольнасць спакойна глядзець на іх. Потым пачала браць іх у рукі, пераадольваючы грэблівасць і агіднасць. Дарэчы, гэта аказалася не так і цяжка. Цэлае лета я, ужо будучая васьмікласніца, выпрацоўвала ў сабе "антыжабавы" імунітэт на ўсякі выпадак: а раптам хто-небудзь кіне і мне жабу за каўнер? Ну, у гэтым сэнсе я аказалася залішняй аптымісткай. За ўсе пяць летаў да самага выпуска я ні разу не “заслужыла” такога гонару. Мабыць, нашы Рамэо пабойваліся мяне з-за маёй празмернай сур’ёзнасці і апантанасці вучобай. А можа, яны не звярталі на мяне ўвагі з-за таго, што я танцаваць не ўмела. А можа, з-за таго проста, што я была непрыгожая: худзюшчая, бледна-зялёная, у акулярах( а тады гэта было амаль ганьбай). Адным словам, нічога цікавага. Так што ўсе мае намаганні пасябраваць з жабамі дзеля святой справы аказаліся проста непатрэбнымі.

… Жаба ўсё гэтак жа сядзела пад кусцікам на газоне і ўсё гэтак жа ўважліва глядзела на мяне. Ну, гэта проста ўжо нейкая містыка… Праўда, жабы жывуць да 40 гадоў. Але ж гэта ў няволі. А ў натуральных умовах – 4-5, не болей. А можа, гэта генная памяць, і мая новая знаёмая – адна з тых жабянят, дакладней, яго нашчадак ў якім-небудзь дзесятым пакаленні? А можа, мяне звязваюць з гэтымі стварэннямі нейкія біятокі? Некалі дзядуля мне часцяком стрымана-ласкава казаў, пагладжваючы мяне па спінцы:”Ах ты, жаба зялёная…”

Я яшчэ раз паглядзела на жабу. Яе вочы пазіралі на мяне амаль з сімпатыяй. Аднак лапка яе ўпэўнена стаяла на маім жэтоне. Было падобна, што аддаваць мне свой трафей яна намеру не мае. Ну  што ж, цверды характар мае права на павагу…

І я пайшла дадому. А на газоне засталася жаба – прыгожая і незалежная. Царэўна-жаба, і, магчыма, мой жэтон для яе – нібы тая страла Івана-царэвіча, якая забяспечыць ёй пераўтварэнне ў казачную прыгажуню. А можа, гэта сучасная жаба-падарожніца, якая сёння ўжо не мае патрэбы ў гусях як транспартным сродку і ўмее карыстацца паслугамі метро?

А хто ж яе ведае…

Л.Мялешка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *