Новы статус – новае жыццё

Мала хто з кляччан, напэўна, знарок наведваецца ў Галынкухіба што да родных або назапасіць дарункаў лесу, які цёмна-зялёным аксамітавым абручом акружае вёску і робіць яе з-за гэтага непаўторна прыгожай і незабыўнай. Чаго граха таіць, не частыя госці ў ёй і мае калегі па пяруяк бы там ні было, а аддаленасць ад райцэнтра ўсё ж сказваецца. Аднак адразу хочацца заўважыць: знаходзіцца яна побач з асфальтаванай артэрыяй, якая злучае не толькі два суседнія раёны. Дарога Клецк-Ганцавічыадзін са шляхоў, што вядзе на поўдзень: да нашай славянскай сястрыцы Украіны. А таму ўжо гэта акалічнасць з’яўляецца, бадай, ледзь не асноўнай для падтрымання адпаведнага знешняга выгляду населенага пункта.

Пытанням добраўпарадкавання тут заўсёды аддавалася прыярытэтная ўвага. Таму нават узімку, калі непрыглядныя малюнкі ў некаторых населеных пунктах становяцца нябачнымі з-за таго, што іх атуляе белым покрывам снег-выратавальнік, у Галынцы па ўсім адчуваецца гаспадарскі падыход да зямлі. І найперш таму, што залежыць ён непасрэдна ад адносін кожнага жыхара: ад малога дзіцяці, якое прывучаюць бацькі не кідаць абгорткі ад цукерак ці чыпсаў сабе пад ногі, да старога чалавека, які не чакае дапамогі ад сельвыканкама, а бярэ ў рукі касу і збівае пустазелле ля дарогі, а зімою лапатаю расчышчае снег.

Яшчэ мацнейшым стала жаданне вяскоўцаў зрабіць свой родны куток больш утульным і прывабным, калі ў адпаведнасці з прэзідэнцкай Праграмай адра­джэння вёскі было прынята рашэнне стварыць тут аграгарадок. У 2009 годзе Галынка набыла новы статус, а аб’екты сацкультбыту – новы выгляд. Аднак увесь гэты час згодна з распрацаванай Праграмай добраўпарадкаванне і навядзенне парадку на зямлі ў населеных пунктах Галынкаўскага сельскага Савета, а таксама ў аграгарадку не спыняліся, працягнуцца яны і ў 2011 годзе. Ледзь толькі прыгрэе вясновае сонейка, на парадку дня чырвоным колерам выдзяляцца ландшафтныя работы ля адміністрацыйных будынкаў устаноў, школы, дзіцячага сада, комплексна-прыёмнага пункта, ФАПа і інш. Напрадвесні такое ж пытанне паўстане і перад калектывам лясніцтва. У час нашага прыезду ў аграгарадок у яго будынку якраз вяліся рамонтныя работы, а зусім нядаўна ён прыбраўся і звонку: стары шыфер на даху замяніў сучасны будаўнічы матэрыял – металачарапіца, а сцены і франтоны абабіты еўравагонкай. Так што вельмі хутка, перакананы ляснічы Галынкаўскага лясніцтва, дэпутат сельскага Савета Сяргей Пятровіч Вабішчэвіч, абноўленае збудаванне будзе не пазнаць. А для таго, каб яно не выглядала зялёным аазісам у пустыні, патрэбна забяспечыць адпаведны вы­гляд і ля яго. Аднак з гэтай задачай, без сумненняў, тут справяцца, бо не толькі захаванне, але і прымнажэнне зялёнага багацця краіны, стварэнне месцаў для адпачынку і ўвогуле прыгожых прыродных куткоў з выкарыстаннем новых архітэктурных формаў – гэта спецы­фічная асаблівасць прафесіі, якая звязана з лесам (амаль кожны яе носьбіт у душы рамантык і архітэктар).

У падарожжы па Галынцы не абмінулі мы і комплекс­на-прыёмны пункт, паслугамі якога жыхары змаглі карыстацца толькі пасля надання статусу аграгарадка. Светла, цёпла і ўтульна (і не толькі ў прамым значэнні, але і ад ветлівасці і лагодных усме­шак людзей, працуючых тут) сёння кожнаму кліенту КПП, у якім прапануюцца паслугі цырульніка, пашыў і рамонт адзення, пракат спажывецкіх тавараў, продаж тавараў лёгкай прамысловасці і рытуальных прыналежнасцей, рамонт абутку. І хоць жыхары аграгарадка і навакольных вёсак карыстаюцца паслугамі пункта бытавога абслугоў­вання насельніцтва не так часта, як хацелася б, зазначае ў размове цырульнік Алена Уласень, затое, на яе думку, гэта добрая альтэрнатыва задаволіць запыты жыхароў аддаленых ад райцэнт­ра населеных пунктаў, у прыватнасці, для людзей, якія па стану здароўя альбо ў сілу ўзроставых асаблівасцей не маюць магчымасці дабрацца да горада.

Па традыцыі зазірнулі мы і ў магазін (дарэчы, у аграгарадку іх некалькі, у тым ліку – прыватнай формы ўласнасці). Канешне, гандлёвую кропку Клецкага райспажыўтаварыства нельга спалучыць з прыстаўкай супер (па праўдзе, і не трэба: гэта ж не сталічны гіпермаркет), аднак тут таксама праведзены неабходныя рамонтныя работы, ды і наяўны асартымент тавараў, размешчаных на яе прылаўках, на маю думку, усё ж здольны задаволіць запыт непераборлівага пакупніка. Пацвердзіў маё меркаванне адзін з іх, Іван Іванавіч Зінчук, які сказаў, што асабіста ён купляе ў гэтай краме ў асноўным прадукты першай неабходнасці (хлебабулачныя вырабы і малочныя ласункі), якія адпавядаюць яго смакавым патрабаванням і тэрмінам рэалізацыі. Мясныя, каўбасныя і морапрадукты мой суразмоўца пераважна набывае ў Мінску. Аднак, шчыра кажучы, з поспехам прыкупіць іх можна і ў мясцовым магазіне, які прапануе сваім наведвальнікам па некалькі гатункаў вараных, вэнджаных і паўвэнджаных каўбас, цукеркі, пячэнне, рыбныя і мясныя кансервы, дзіцячае харчаванне, фрукты і гародніну, алкагольныя і безалкагольныя напіткі, бакалею і іншыя харчовыя тавары, а таксама – прамысловыя. Дарэчы, пры адсутнасці іх у магазіне, канстатуюць прадаўцы, можна зрабіць заяўку, а пры неабходнасці – набыць прадукцыю ў крэдыт.

Ва ўстанове, якая стала наступным прыпынкам у нашым маршруце, было не шматлюдна. Яно і зразумела: дзеці на канікулах. Але нават без іх, як і без слоў, пераступіўшы парог школы, стала зразумелым, як і чым жыве вучнёўска-педагагічны калектыў. Чысціня і парадак, ветлівасць незнаёмых людзей, ад­крытасць і камунікабельнасць дырэктара ўстановы гаварылі самі за сябе. Ларыса Анатольеўна Пухнач хутка ўвяла нас у курс справы, паказала дакументальныя (дыпломы, граматы, падзячныя лісты) і фотапацвярджэнні іх работы, расказала аб дзейнасці гурткоў, аб мерапрыемствах па фарміраванні здаровага ладу жыцця, але з асаблівым гонарам вопытны педагог, дэпутат Галынкаўскага сельскага Савета, гаварыла аб выхаваўчай рабоце дзяцей, пабудаванай сумесна з сельскім Домам культуры і сельскай бібліятэкай. Этнатэатр – іх асноўны праект, накіраваны на захаванне нацыянальных культурных традыцый беларускага народа. У яго рэпертуар увахо­дзяць спектаклі з каляндарна-абрадавай тэматыкай. Дзеці разам з настаўнікамі, культработнікамі часта выступаюць пад час бацькоўскіх сходаў, на святах – перад аграгарадкоўцамі і гасцямі. Характарызуючы культурнае жыццё жыхароў гэтага краю, скажу, што яно вельмі насычанае: дыскатэкі, гурткі, конкурсы-віктарыны – для дзяцей і моладзі, для людзей сталага ўзросту – гутаркі, канцэрты і фестывалі з нагоды шматлікіх свят. Магчыма, у некаторай ступені гэта звязана з тым, што значная частка дэпутатаў сельсавета (пяць з адзінаццаці) – людзі, прафесійнай задачай якіх з’яўляецца захаванне культурнай спадчыны беларусаў і выхаванне падрастаючага пакалення.

Калі ўжо размова зайшла аб дэпутацкім корпусе Галынкаўскага сельскага Савета, хочацца адзначыць, што яго складаюць людзі незаспакоеныя і неабыякавыя да праблем сваіх выбаршчыкаў. Летась старшыні сельсавета Мікалаю Васільевічу Буйвілу і яго памочнікам было адрасавана 45 вусных зваротаў грамадзян і 1 – пісьмовы. У асноўным яны тычыліся забяспечанасці палівам і кармамі, навя­дзення парадку на зямлі, урэгулявання сямейных канфліктаў. Усе яны станоўча і своечасова вырашаны, паўтаруся, дзякуючы таму, што дэпутаты тут не аднекваюцца ад людзей і іх праблем, не бяздзейнічаюць, а імкнуцца дапамагчы – чым могуць. Значыць, кожны з іх на сваім месцы. Нельга сказаць, што ў Галынкаўскім сельскім Савеце ўсё гладка. Ёсць у яго дэпутатаў нямала задум і клопатаў. Адзін з іх – удасканаленне работы з насельніцтвам па ўсё тым жа навядзенні парадку на зямлі. Многае зроблена ў гэтым накірунку, але па-ранейшаму клапоціць старшыню праблема выкідвання смецця на ўскраіны палігона ЦБА, якое вецер разносіць па ваколіцах, тым самым перакрэсліваючы тое станоўчае, што дасягнута ў гэтым накірунку работы. Як бяльмо на воку – пустуючыя домаўладанні, што пасля смерці старых становяцца непа­трэбнымі ні дзецям, ні сваякам. Вельмі хутка хаты становяцца трухлявымі, падае плот, двор зарастае быльнягом і кустоўем. Каб яго добраўпарадкаваць, неабходны грашовыя сродкі (дарэчы, летась было знесена 5 такіх сядзіб, тэрыторыя адной прыве­дзена ў парадак). Але гэта, ведае старшыня, – быццам кропля ў моры супраць тых аб’ёмаў работ, што патрэбна выканаць. І яшчэ больш балюча становіцца на душы ў Мікалая Васільевіча ад разумення таго, што адшукваемыя для навядзення парадку на тэрыторыі пустуючых домаўладанняў грошы можна было б па­траціць больш мэтазгодна.

Што б ні гаварылі, а тэатр і сапраўды пачынаецца з вешалкі, і калі мы ўпершыню трапляем у чужы калектыў ці незнаёмую кампанію, то нас найперш ацэньваюць знешне. Ды і ўражанне аб вёсцы, горадзе, краіне таксама складаецца з таго, наколькі камфортна і ўтульна адчувае сябе госць, а гэта, па-за сумненняў, у многім залежыць ад парадку. Таму наш Прэзідэнт і надае шмат ўвагі добраўпарадкаванню. Цалкам салідарны з ім і старшыня Галынкаўскага сельскага Савета. Па гэтай прычыне Мікалай Васільевіч ставіць пытанне навядзення парадку на зямлі першым сярод прыярытэтных. Так, за апошнія некалькі годоў Галынка і сапраўды прыбралася істотна: заасфальтаваны цэнт­ральныя вуліцы, заменены платы, адрамантаваны аб’екты сацкультбыту, добраўпарадкаваны могілкі і інш. Хацелась бы, каб відавочныя пераўтварэнні прыкмячалі і цанілі самі жыхары, каб вяскоўцы ўсведамлялі, што ўсё гэта робіцца дзеля паляпшэння якасці іх жыцця, і не перашкаджалі ствараць дрэс-код накшталт галынкаўскага ва ўсіх вёсках сельсавета. Аб гэтым марыць яго старшыня.

С.Орпель.

Фота Яўгеніі Семянчук.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *