Будзе выпушчана амаль 7,5 млн. бюлетэняў для галасавання

У Беларусі будзе выпушчана 7,447 млн. бюлетэняў для галасавання на выбарах Прэзідэнта. Такое рашэнне прынята 30 лістапада на пасяджэнні Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў. Як растлумачылі прадстаўнікі ЦВК, колькасць бюлетэняў не можа быць меншая за колькасць грамадзян, якія ўнесены ў спісы маючых права на галасаванне. Паводле даных на 29 лістапада, іх налічваецца крыху больш як 7,094 млн. чалавек. Колькасць запасных бюлетэняў не павінна перасягаць 5 працэнтаў ад колькасці выбаршчыкаў. Менавіта таму вырашана выпусціць амаль 7,5 млн. бюлетэняў. Выпуск бюлетэняў і забеспячэнне імі выбаркамаў арганізуе ЦВК. Бюлетэні будуць дастаўлены на ўчасткі для галасавання 13 снежня.

Дадатковыя меры для захаванасці выбарчых дакументаў

Цэнтрвыбаркам Беларусі прыняў дадатковыя меры для забеспячэння захаванасці выбарчых дакументаў. Яны прадугледжаны ў дадатку да метадычных рэкамендацый па пытаннях арганізацыі датэрміновага галасавання, які адобраны на пасяджэнні ЦВК. Член ЦВК Надзея Кісялёва нагадала, што ў адпаведнасці з папраўкамі ў выбарчае заканадаўства, унесенымі ў гэтым годзе, былі прыняты меры для забеспячэння адкрытасці працэдуры датэрміновага галасавання. У прыватнасці, у заканадаўстве прапісана, што скрыні для датэрміновага галасавання ў канцы дня апячатваюцца ў прысутнасці не менш як 2/3 складу выбарчай камісіі. Прарэз у скрыні пасля заканчэння дня галасавання заклейваецца, штодзень на ўчастку вывешваюцца пратаколы з інфармацыяй аб галасаванні (колькасці выдадзеных бюлетэняў, колькасці тых, хто прагаласаваў). На пасяджэнні члены ЦВК прынялі рашэнне дапоўніць меры па захаванасці выбарчых дакументаў. Цяпер прарэзы ў скрынях для галасавання будуць заклейваць не толькі ў канцы дня, але і ў час абедзеннага перапынку з 14.00 да 16.00. А адкрываць іх будуць толькі перад пачаткам галасавання ў 10.00 і ў 16.00. Акрамя таго, спісы выбаршчыкаў і бюлетэні для галасавання ў нерабочы час выбарчай камісіі павінны будуць знаходзіцца ў сейфах або металічных шафах, якія варта апячатваць.

Ад членаў ЦВК з правам дарадчага голасу гучалі прапановы дазволіць наглядальнікам кругласутачна знаходзіцца на ўчастку, каб сачыць за захаванасцю бюлетэняў і скрынь для галасавання ў час датэрміновага галасавання. Аднак гэта ініцыятыва не знайшла падтрымкі. Лідзія Ярмошына ўпэўнена, што цяпер у Беларусі прыняты дастаткова надзейныя меры для забеспячэння захаванасці выбарчых дакументаў і ўсе спробы асобных кандыдатаў прадставіць датэрміновае галасаванне як адзін са спосабаў фальсіфікацыі вынікаў выбараў – гэта не больш, чым імкненне усяліць у выбаршчыкаў і міжнародных наглядальнікаў думку аб нібыта нестабільнай абстаноўцы ў краіне.

Выбарчая кампанія праходзіць спакойна і арганізавана

Выбарчая кампанія ў Беларусі праходзіць спакойна і арганізавана. Аб гэтым паведаміла 3 снежня журналістам намеснік кіраўніка прэс-службы Выканкама СНД Вера Якубоўская, агучваючы прамежкавую справаздачу місіі наглядальнікаў ад СНД у ходзе назірання за падрыхтоўкай і правя­дзеннем выбараў Прэзідэнта Беларусі. Даныя абнародаванай справаздачы датычацца перыяду з 20 кастрычніка па 1 снежня. Па стану на 1 снежня ў складзе місіі краін Садружнасці акрэдытаваны 249 наглядальнікаў, з якіх 41 працуе на доўгатэрміновай аснове.

Наглядальнікі адзначаюць, што работа ЦВК ажыццяўляецца на аснове калегіяльнасці, свабоднага, адкрытага абмеркавання і вырашэння пытанняў, якія адносяцца да яе кампетэнцыі. Дастаткова эфектыўна працуе інтэрнэт-рэсурс Цэнтрвыбаркама, які дае самую поўную інфармацыю аб выбарчай кампаніі. У справа­здачы таксама гаворыцца, што тэрытарыяльныя і ўчастковыя камісіі былі ўтвораны ва ўстаноўленыя законам тэрміны.

У складзе тэрытарыяльных камісій 50% членаў вылучаліся грамадскімі абяднаннямі і палітычнымі партыямі, 33,5% – грамадзянамі шляхам падачы заяў. Увайшлі туды і прадстаўнікі працоўных калектываў. Ва ўчастковыя камісіі 39,1% членаў былі вылучаны партыямі і грамадскімі арганізацыямі, 41,5% грамадзянамі шляхам падачы заяў. У гэтыя камісіі ўвайшлі і вылучэнцы працоўных калектываў. Місія СНД таксама адзначае, што прадстаўнікоў апазіцыйных партый накіравана больш, чым гэта было раней.

Немалаважна і тое, што кандыдатам у прэзідэнты была прадастаўлена магчымасць накіраваць па аднаму свайму прадстаўніку ў ЦВК у якасці членаў камісіі з правам дарадчага голаса. Гэтай магчымасцю скарысталіся сем кандыдатаў. Акрамя таго, для забеспячэння дэма­кратычнасці выбарчага працэсу, празрыстасці працэдуры падліку галасоў і павышэння прафесіяналізму членаў участковых камісій у Беларусі арганізуюцца спецыяльныя трэнінгі.

У цэлым, на думку наглядальнікаў ад СНД, агітацыйны перыяд пачаўся і праходзіць актыўна без парушэнняў закона. Што датычыцца работы са скаргамі і заявамі аб парушэннях выбарчага заканадаўства, то па стану на 25 лістапада ў органы пракуратуры паступіла 59 такіх зваротаў. Довады шэрага заяўнікаў або прызнаны неабгрунтаванымі, або не знайшлі свайго аб’ектыўнага пацвярджэння. Іншым грамадзянам, якія падалі заявы, было растлумачана іх права на абскарджанне ў судовым парадку. Крымінальных спраў па якіх-небудзь парушэннях заканадаўства аб выбарах не ўзбуджалася. Акрамя таго, паводле даных МУС, мелі месца 28 правапарушэнняў, звязаных з правядзеннем выбарчай кампаніі. На парушальнікаў складзены пратаколы. Інфармацыя аб гэтым накіравана ў тэрытарыяльныя камісіі па выбарах. Па асобных фактах яшчэ прадаўжаецца праверка.

У сваю чаргу доўгатэрміновы наглядальнік ад СНД Анатоль Небагатаў (былы пасол Расіі на Філіпінах) адзначыў, што калі параўноўваць сённяшнюю перадвыбарную кампанію Беларусі з іншымі краінамі, то ўсё праходзіць даволі спакойна. Гэты наглядальнік пабываў у многіх раёнах Віцебскай вобласці, сустрэўся з чатырма даверанымі асобамі кандыдатаў, якія паведамілі, што не маюць якіх-небудзь сур’ёзных прэтэнзій. Прадугледжваецца, што ў цэлым у місію ад СНД увойдуць каля 350 чалавек, якія будуць прадстаўляць амаль усе краіны СНД, а таксама Міжпарламенцкую асамблею Садружнасці, Парламенцкі сход Саюзнай дзяржавы і шэраг іншых структур. Асноўная маса гэтых наглядальнікаў прыедзе за 3-4 дні да выбараў.

БелТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *