Зарэгістраваны 10 кандыдатаў у прэзідэнты

Цэнтрвыбаркам Беларусі 18 лістапада зарэгістраваў 10 кандыдатаў у прэзідэнты.  Кандыдатамі сталі дзеючы Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, а таксама Рыгор Кастусёў, Аляксей Міхалевіч, Уладзімір Някляеў, Яраслаў Раманчук, Віталь Рымашэўскі, Андрэй Саннікаў, Мікалай Статкевіч, Віктар Цярэшчанка, Дзмітрый Ус. Цэнтрвыбаркам адмовіў у рэгістрацыі Уладзіміру Правальскаму, паколькі з усіх прадстаўленых ім подпісаў сапраўднымі аказаліся толькі 118, чаго недастаткова для вылучэння кандыдатам. На пасяджэнні ўсе зарэгістраваныя кандыдаты маглі перадаць у ЦВК заявы аб рэгістрацыі давераных асоб і фінансавых прадстаўнікоў. Згодна з выбарчым заканадаўствам кожны кандыдат мае права зарэгістраваць да 30 давераных асоб. Л.Ярмошына таксама нагадала кандыдатам аб іх праве, якое з’явілася пасля ўнясення паправак у Выбарчы кодэкс, назначаць членаў Цэнтрвыбаркама з правам дарадчага голаса.

ЦВК часта ідзе на кампрамісы ў час прэзідэнцкіх выбараў 2010 года

Такую думку выказала 18 лістапада журналістам старшыня Цэнтрвыбаркама па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына, каменці­руючы вынікі рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты. На думку старшыні ЦВК, для многіх кандыдатаў, якія атрымалі запаветныя пасведчанні, гэта вялікае кар’ернае дасягненне. Разам з тым яна прызналася, што Цэнтрвыбаркаму часта даводзілася ісці на кампрамісы, каб усе патэнцыяльныя кандыдаты дайшлі да этапа рэгістрацыі. У прыватнасці, ЦВК заўсёды станавіў­ся на бок прэтэндэнтаў пры праверцы са­праўднасці подпісаў выбаршчыкаў. На пасяджэнні, паводле яе слоў, члены ЦВК палічылі магчымым не звяртаць увагі на недакладнасці ў дэкларацыях аб даходах асобных кандыдатаў, і ўсе памылкі трактаваліся на карысць прэтэндэнтаў.

Л.Ярмошына адзначыла, што па закону ЦВК мае права адмяніць рашэнне аб рэгістрацыі, напрыклад, у выпадку ўстанаўлення факта выкарыстання фінансавых сродкаў з-за мяжы або за сістэматычнае парушэнне патрабаванняў выбарчага заканадаўства. «Аднак ЦВК будзе старацца да гэтага (да адмены рашэння аб рэгістрацыі – заўвага БЕЛТА) не даходзіць», – запэўніла Лідзія Ярмошына.

Стартаваў марафон тэле- і радыёвыступленняў кандыдатаў у прэзідэнты беларусі

Марафон тэле- і радыёвыступленняў кандыдатаў у прэзідэнты стартаваў 22 лістапада. Аб гэтым паведамілі ў Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў. Кожны з кандыдатаў атрымаў магчымасць па два разы звярнуцца да выбаршчыкаў па тэлебачанню і столькі ж – па радыё. Іх паўгадзінныя выступленні будуць трансліравацца ў прамым эфіры па рабочых днях з 22 лістапада па 3 снежня. У тэлевізійным эфіры Першага канала іх пакажуць з 19.00 да 20.00, у эфіры Першага нацыя­нальнага канала Беларускага радыё яны прагучаць з 6.10 да 7.10.

Упершыню ў час гэтай выбарчай кампаніі кандыдаты змогуць публічна дыскутаваць адзін з адным у час дэбатаў, якія будуць трансліравацца ў прамым эфіры 4 снежня з 17.00 да 18.00 па тэлебачанню і ў такі ж час 5 снежня па радыё. Удзел у дэбатах выключна добраахвотны, кандыдаты могуць адмовіцца або адправіць замест сябе ўпаўнаважаную асобу. Для таго каб дэбаты адбыліся, абавязковы ўдзел як мінімум двух кандыдатаў. Кандыдаты ў прэзідэнты, якія выкажуць жаданне дэбатаваць са сваімі сапернікамі па перадвыбарных гонках, павінны не пазней як 26 лістапада пісьмова паведаміць аб гэтым Белтэлерадыёкампаніі.

БелТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *