СПФ «Туча» РУП «Минск Кристалл»: “Правільна расстаўленыя прыярытэты – залог стабільнасці і развіцця”

Яшчэ ў пачатку цякучай пяцігодкі СВФ "Туча" РУП "Мінск Крышталь" перажываў адзін з самых зацяжных у гісторыі свайго развіцця крызісаў: ураджайнасць зерневых культур складала 26,5 ц/га, бульбы – 113, кармавых караняплодаў – 336, надой на карову – 4730 кг, сярэднясутачныя прывагі БРЖ – 496 г. Сёння ж гаспадарка – адно з эканамічна трывалых сельгаспрадпрыемстваў раёна. Дзякуючы чаму ўдалося наладзіць вытворчасць прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі? Аб гэтым наша размова з галоўным эканамістам Ганнай Іванаўнай Вайтовіч.

– Бясспрэчна, калі б не далучэнне да РУП “Мінск Крышталь”, наў­рад ці ўдалося б гаспадарцы выбрацца з даўгавой ямы і трывала стаць на ногі. З дапамогай фінансавай падтрымкі з боку галаўнога прадпрыемства (за увесь час яна склала прыкладна 15 млрд.руб.) была значна палепшана наша матэрыяльна-тэхнічная база, набыта не адна адзінка сучаснай сельгастэхнікі, праведзены рамонт вытворчых будынкаў, жылога фонду, добраўпарадкавана тэрыторыя мех­двара і МТФ “Рудкі”, і самае галоўнае – узрасла заработная плата работнікаў. Усё гэта стала сімвалам даверу людзей. Што асноўнае для працаўніка? Канешне, належныя ўмовы аплаты працы. Паступова мы наблізіліся да сярэдняга заробку па гаспадарцы – больш за 800 тыс.руб, што амаль у чатыры разы больш, чым пяць гадоў назад. Людзі ўпэўніліся: калі зменяцца адносіны да працы, калі ў аснове на кожным вытворчым участку стануць адказнасць і сумленнае выкананне службовых абавязкаў, значыць, у кішэні пачне вадзіцца рубель. Уся работа цалкам грунтуецца на прынцыпе “хто працуе, той і есць”. Злайдачыў – атрымаў меншы заробак, плённа папрацаваў – прэміраваны. Новае мысленне асобна ўзятага работніка і зацікаўленасць усяго калектыву, зразумела,  адлюстравалася і на вытворчых паказчыках. Значна павялічыўся выпуск жывёлагадоўчай прадукцыі. Да канца года плануем выйсці на сямітысячны рубеж па надоях малака ад адной каровы. Сёлета вырашчаны нядрэнны ўраджай "другога  хлеба" – атрымана 235 ц/га. На працягу апошніх гадоў збожжавыя палеткі даюць стабільна па 43-45 ц/га, пры тым што пасяўныя плошчы істотна зменшаны (бывалі перыяды, калі ў гаспадарцы намалочвалі па 18-19 ц/га). Так што, для нас гэта – сапраўдная перамога.

– Ганна Іванаўна, што па­спрыяла росту вытворчых паказчыкаў?

– Па-першае, правільна абраная тактыка работы і расстаноўка прыярытэтаў, а таксама строгае захаванне тэхналагічнага працэсу, абнаўленне машынна-трактарнага парка і, безумоўна, чалавечы фактар. Мы цесна супрацоўнічаем з Хотаўскім спіртзаводам, а значыць, зацікаўлены ў павелічэнні ўраджайнасці зерневых. Скрупулёзна адносімся да падбору іх папярэднікаў, якасці насеннага матэрыялу і апрацоўкі глебы. Другая культура, якой таксама надаецца выключная ўвага  – бульба (тэхнічнага прызначэння). Сёлета рэалізавана яе больш за 2 тыс.тон, большая частка пайшла на перапрацоўку на Слонімскі крухмальны завод.  Выручка ад продажу “другога  хлеба" пайшла на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы нашага сельгас­прадпрыемства і выплаты па запазычанасцях. Разам з тым, каб забяспечыць рост прадукцыі жывёлагадоўлі, на пільным кантролі трымаем кармавую базу. Калі раней здаралася, што жывёла стаяла напаўгалодная, то цяпер не бывае такога ні пры якіх умовах. Паўтарагадовы запас кармоў  маецца заўсёды. Гэта і ёсць асноўныя складаемыя, што забяспечваюць развіццё  гаспадаркі і яе стабільнае фінансава-эканаміч­нае становішча.

– Відаць, што калектыў  зацікаўлены ў эфектыўнасці сваёй работы і ў паляпшэнні дабрабыту сельгаспрадпрыемства. Якія захады  прадпрымаюцца для таго, каб, скажам так, павышаць “баявы” дух людзей?

– Побач са здзельна-прэміяльнай формай аплаты працы імкнемся стварыць належныя сацыяльна-бытавыя ўмовы. Не так даўно пабудавалі сталовую і абсталявалі яе ў адпаведнасці з санітарна-гігіенічнымі патрабаваннямі, закупілі новую мэблю. Іншагароднім выдзяляем пакой у інтэрнаце. Акрамя гэтага, мы цесна супрацоўнічаем з прафсаюзным камітэтам і заўсёды своечасова вырашаем усе набалелыя пытанні нашых работнікаў. Найчасцей яны тычацца працаўладкавання і жыллёвага забеспячэння. Арганізоўваем культурна-пазнавальныя экскурсіі па знакамітых месцах Беларусі. Наведалі Жыровіцкі манас­тыр (адна з самых апошніх нашых паездак), Белавежскую пушчу і рэзідэнцыю Дзеда Мароза, былі на Аўгустоўскім канале, на лініі Сталіна. Прасцей кажучы, прыкладаем усе магчымыя намаганні, каб кожны чалавек у са­праўднасці адчуваў клопат аб сабе.

Калектыў у клопатах жыве – малако ракой цячэ

Калі дзесяць гадоў назад Т.П.Назарава (на здымку 2 справа) прыйшла працаваць на адну з МТФ гаспадаркі, першае ўражанне было не з лепшых. Тады яна нават і падумаць не магла, што ў такіх умовах карова зможа даць больш за вядро малака. Сёння ж пра тыя дні яна расказвае з усмешкай на твары. Здавалася б, прайшло зусім няшмат часу, а ўмовы працы змяніліся карэнным чынам: добраўпарадкавана тэрыторыя ля фермаў, абсталяваны і спраўна працуюць службова-бытавыя памяшканні, уцеплены непасрэдна тыя, дзе ўтрымліваецца жывёла, на фермах маецца ўсё неабходнае тэхналагічнае абсталяванне. Дарэчы, у тым, што яно практычна ніколі не падводзіць жывёлаводаў МТФ “Рудкі”, вялікая заслуга слесара А.П.Шэйкі (на здымаку 2 злева). Антон Пятровіч – чалавек высокай адказнасці, бо ведае, што несвоечасова выкананае заданне адаб’ецца на рабоце ўсяго калектыву і асабліва цяпер, калі перад жывёлаводамі пастаўлена адна з найважнейшых задач: выпуск малака экстра-класа. «Увогуле, наш Пятровіч, – за­значае ў час размовы загадчыца фермы Т.П.Назарава: – задае тон усяму калектыву. Раўняючыся на яго працавітасць, сумленнасць і прыстойнасць, стараюцца не адставаць і дзяўчаты». З усёй адказнасцю да справы адносяцца В.Я.Ламанос (здымак 1): (надой на адну карову за 10 месяцаў склаў 6890 кг малака (+1891 кг), і Г.М.Бобка (6570 кг (+1862) .

У шэрагу складаемых, якія забяспечваюць рэзультатыўнасць працы, называе Тамара Паўлаўна збалансаваны рацыён, стабільнае кармленне і добра наладжаны працэс утрымання жывёлы.

– Гэтыя пытанні, а таксама селекцыйная работа, знаходзяцца на пастаянным кантролі ў кіраўніцтва гаспадаркі і спецыялістаў жывёлагадоўчай галіны, – падкрэслівае загадчыца фермы і дадае, – менавіта таму і стаў малочны бітон тучанцаў больш важкі ў параўнанні з тым, што быў дзесяць гадоў назад: калі раней мы атрымлівалі ад каровы па 4-8 кг малака, то цяпер – 16,5, летам жа надой ад адной гадаванкі складаў 24-25 кг.

Прагрэс тучанцаў – навідавоку. Такі рэзультат дасягнуты цяжкай, карпатлівай працай, затое цяпер ён падтрымліваецца належнымі ўмовамі аплаты. Сёння сярэдняя зарплата даярк па гаспадарцы складае 950 тыс. рублёў супраць 460, што атрымлівалі яны 3-4 гады назад. Што і казаць: хто дбае, той і мае.

Анатолій Аляксандравіч Міладоўскі знаёмы з механізатарскай справай з самага дзяцінства – не раз яшчэ хлапчуком сядзеў у адной кабіне побач з бацькам. Ужо тады ён за сабой запрыкмеціў цягу да тэхнікі і роднай зямлі. А таму, калі паўстала пытанне пасля дэмабілізацыі з арміі, куды працаўладкавацца, не задумаўся ні на хвіліну: займацца патрэбна тым, да чаго ляжыць душа. І не памыліўся. Толькі летам юнак быў залічаны ў штат работнікаў гаспадаркі, а ўжо адразу добра зарэкамендаваў сябе. Напорыстасць, сумленнае стаўленне да справы і мэтанакіраванасць – гэта тыя рысы характару, якія праявіў малады механізатар падчас работы памочнікам камбайнера ў перыяд жніва. Дарэчы, першае рабочае “хры­шчэнне” Анатолія Аляксандравіча прайшло пад пільным кіраўніцтвам свайго бацькі – Аляксандра Іванавіча, перадавога работніка гаспадаркі. Можа, значыцца ў ліку лепшых – іх сямейная рыса? Час пакажа.

Сакрэт Власавых

Яшчэ зусім нядаўна тучанскія жывёлаводы і самі не верылі, што змогуць атрымліваць добрыя рэзультаты працывельмі многа цяжкасцей сустракалася ў тэхналагічным працэсе па вытворчасці мяса. Сёння ж сярэднясутачныя прывагі БРЖ па гаспадарцы складаюць 590 г, валавая вытворчасць мяса – 250 т. У ліку флагманаў Вольга Мікалаеўна і Уладзімір Аляксандравіч Власавы.

Літаральна год назад маладая сямя пераехала ў Тучу з суседняга Стаўбцоў­скага раёна і адразу з асаблівым імпэтам узялася за справу. З самага ранку і да поз­няга вечара ўвіхаюцца яны ля сваіх любім­цаўдаглядаюць цялят да шасцімесячнага ўзросту. Здавалася б, нічога незвычайнага яны не выдумваюць. Як і ўсе іх калегі з МТФРудкі”, проста выконваюць свае абавязкі: кормяць малых гадаванцаў (а іх у Вольгі і Уладзіміра 130 галоў), пад­сцілаюць саломай месца іх утрымання, вычышчаюць яго. Аднак, у параўнанні з другімі, рэзультаты працы ў маладых жывёлаводаў істотна лепшыя. Па выніках 10 месяцаў сёлетняга года сямейны дуэт Власавых атрымаў 31 тону мяса, сярэднясутачныя прывагі па іх групе склалі 772 г (+162 г да адпаведнага перыяду 2009 г.) – гэта лепшы паказчык па гаспадарцы.

Мяркуючы па тым, як спорыцца работа ў маладой пары, яны задаволены, што працуюць разам. Можа, гэта і ёсць іх прафесійны сакрэт?

– Безумоўна, калі калега па цэху – блізкі чалавек, працуецца намнога лягчэй, – дзеліцца тонкасцямі людскіх узаемаадносін і асабістымі назіраннямі Вольга Мікалаеўна. – Мы ж усе жывыя людзі, а не вы­творчыя машыны, і бываюць выпадкі, калі крыху самаадчуванне падводзіць ці дома штосьці не паспееш, тады Валодзя разумее з паўслова, з паўпогляду: яму і гаварыць не трэба – уключаецца ў работу за дваіх. Прыбягу – малыя ўжо жуюць...

Так, і сапраўды, напарнік В.М.Власавай, а па сумяшчальніцтву і муж, свае прафесійныя абавязкі ведае як двойчы два. Уладзімір Аляксандравіч – чалавек надзейны і адказны. Але саліруе ў іх трывалым і мэтанакіраваным дуэце, як мне здалося, менавіта яна – жанчына. Гаваркая, эмацыянальная і ў той жа час сціплая і пяшчотная.

Вольга пры мне абыходзіць сваіх “падначаленых” і, відаць, улічваючы характар кожнага з іх, кагосьці чэша за вухам, другога лагодна пахлопвае па баках, да некаторых увогуле не падыходзіць,аргументуючы тым, што не любяць яны гэтых “телячь­их нежностей”, трэцяга абдымае за шыю і пяшчотна прыціскае да сябе. А вось і яе любімцы: разам з мужам яны прывялі мяне ў самы канец цялятніка. Абодва зайшлі ў стойла, і малыя, нібыта ад радасці, як тыя дзеці, пачалі кружыць вакол сваіх гаспадароў. Як раз тут мы дамовіліся зрабіць “фота на памяць”. Вольга нахілілася да аднаго з цялят і прама на вуха, быццам даючы пэўныя ўказанні па тым, як сябе паводзіць, стала яму нашэптваць штосьці знаёмае, здавалася, толькі ім абодвум. Пястун, нібыта ў знак згоды, махнуў галавой і стаў як раз побач з жанчынай – лепшага сюжэта для здымка і не прыдумаеш. Але толькі я падыйшла бліжэй, як ён умомант разам са сваімі братамі адбег назад, хаваючыся за Вольгаю і Уладзімірам. Угаворы паўтараліся неаднаразова: ну дзе ж тут, часам з дзіцем не ўдаецца дамовіцца, а з жывёлай – тым больш. Маладая даглядчыца штораз, нібыта адчуваючы сваю віну за тое, што адбірае ў мяне час, прасіла прабачэння. Я ж, у сваю чаргу, як тая школьніца, апраўдвалася, маўляў, гэта мая работа. А сама, па праўдзе кажучы, з замілаваннем назірала за ўсёй дзеяй і думала аб тым, што вось ён, мабыць, той прафесійны сакрэт Власавых: адказнасць да справы ўвогуле і пяшчота да кожнага гадаванца паасобку. Прынамсі, такімі прынцыпамі ў рабоце і карыстаюцца муж і жонка Власавы.

Святлана Орпель.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *