Дзень беларускага пісьменства святкавалі на Клеччыне

Мінулыя выхадныя падарылі нам цудоўную магчымасць, важкую падставу для зносін на беларускай мове. Пагадзіцеся, нават пастаянным яе карыстальнікам намнога зручней весці гутарку з людзьмі, якія здольны не толькі зразумець, але і падтрымаць дыялог, які ты распачынаеш на роднай мове. Яна – бацькава, гэта сапраўды мова нашых продкаў, аб неабходнасці захаваць якую, як найкаштоўнейшы скарб, сёння задумваюцца ўсё больш і больш людзей. І тых, хто ўвабраў яе з малаком маці, і тых, хто ў адказнасці за яе, як за бясцэнную культурную спадчыну, ужо на дзяржаўным узроўні.
Не адкрыю вялікую тайну, калі скажу, што ў сваім паўсядзённым жыцці мы часцей выкарыстоўваем другую даступную нам дзяржаўную мову – рускую. Не раз уздымалася тэма наконт таго, чаму так атрымліваецца, але сёння хочацца сказаць не аб гэтым. І вось чаму. Адна з маіх нядаўніх спадарожніц прызналася, што ў школе беларускую мову, як дачка ваеннага савецкіх часоў, не вывучала. І села за граматыку ўжо ў аудыторыі ВНУ. Яна без сарамлівасці і цяпер карыстаецца слоўнікамі (мы ўсе гэта робім!), калі бярэцца за пісьмо. Перажывае, каб не дапусціць памылку, таму што адказвае за дакументы. "Але ж у нас ёсць столькі выдатных твораў беларускіх класікаў і сучаснікаў, каб сябе абагаціць і павучыцца, столькі магчымасцяў весці гутарку па-беларуску, каб напрацоўваць практыку і рабіць гэта з кожным разам усё смялей, лепш і лепш, пашыраючы свой моўны запас!" – гаварыла яна з імпэтам чалавека, напоўненага патрыятычнымі пачуццямі. Сапраўды, нам усім проста патрэбна змяніць само культурнае асяроддзе, складальнікамі якога самі ж і з'яўляемся. І працэс гэты паступова ідзе. Больш таго, ён ніколі не прыпыняўся, хоць і напамінае іншы раз графік кардыяграмы не зусім здаровага чалавека.
Усе гэтыя думкі адна за другой не давалі спакою маёй галаве спачатку пасля камернага мерапрыемства, падрыхтаванага нашай раённай цэнтральнай бібліятэкай з нагоды Дня беларускага пісьменства, а потым цэлы дзень 3 верасня, праведзены ў старажытным Полацку. У той жа паслядоўнасці вярнуся на тыдзень назад, каб падзяліцца пачуццямі, якімі сэрца перапаўнялася і ў суботу, і ў нядзелю.
Не толькі ў Полацку ў пачатку верасня адзначалі двайное свята – 1155-годдзе горада і 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. У юбілейны для нашага Клецка год сваё 60-годдзе адзначае літаб'яднанне "Голас", ушанаванне якога і было прымеркавана да Дня беларускага пісьменства. Раздзяліць значнасць гэтай адметнай падзеі з мясцовымі творцамі паэтычнага слова бібліятэка запрасіла юнае пакаленне кляччан – вучняў гарадскіх школ раёна. І гэта вельмі правільны крок з улікам таго, што старэйшаму пакаленню прадстаўляць людей, чые імёны чытачам вядомы па "Літаратурнай старонцы" газеты, не трэба. Кожны з іх – асоба адметная, прафесіяналы сваёй справы, людзі з вялікім жыццёвым вопытам і здабыткамі. А вось падрастаючаму пакаленню ў вольны час, інтарэсы якіх засмечаны разнастайнымі сучаснымі сродкамі атрымання не самага высокага гатунку інфармацыі, пачуць мілагучнасць роднай мовы з вуснаў людзей, якія ўмеюць падкрэсліць усе яе адценні ўласна складзенымі паэтычнымі радкамі, было надзвычай карысна.
Вядучая мерапрыемства, якое ладзілася ў актавай зале ДШМ, Святлана Васільеўна Гарбуз, бібліятэкар ЦРБ, вобразна пералістаўшы старонкі 500-гадовай гісторыі з моманту ўзнікнення першай беларускай кнігі, прадставіла слова старшыні літаратурнага аб'яднання, члену Саюза пісьменнікаў Беларусі Л.В.Мялешка, каб тая пазнаёміла з яго актыўнымі членамі. Лілія Віктараўна пасля віншавання ва ўласцівай ёй творчай форме запрашала іх да мікрафона, падкрэсліўшы абраны парадак трапнымі характарыстыкамі кожнага аўтара. Безумоўна, першым звярнуцца да аўдыторыі было дадзена права старэйшаму члену, які ўваходзіў у мясцовую паэтычную суполку з моманту яе ўтварэння ў 1957 годзе, – А.М.Жукоўскаму.
Аляксандр Мікалаевіч не ўтойваў, што гумарыстычныя творы займаюць у яго самадзейнай творчасці значную частку, а падабацца гэты жанр пачаў яшчэ ў школьныя гады, калі аўтар рабіў першыя спробы пісаць вершы, аднак друкавацца адважыўся намнога пазней. Ён падкрэсліў, што без назіральнасці сабраць патрэбны для напісання гумарэсак матэрыял не ўдалося б, бо менавіта жыццё падказвае тэмы, якія нельга сфантазіраваць і давесці да ўзроўню, што лёгка ўспрымаецца чытачамі і слухачамі, запамінаецца і нават распаўсюджваецца. Сведка сталення "Маладых галасоў", так называлася літаб'яднанне першапачаткова, у магутны "Голас", якім яно стала цяпер, прывёў некалькі канкрэтных прыкладаў таго, як нараджаліся яго вершы з "падтэкстам", і нават расказаў пра рэакцыю саміх герояў гэтых невялічкіх, але трапных твораў.
Ю.Р.Эверт папоўніў калектыў "Голаса" не так даўно, аднак цяпер ні адна "Літаратурная старонка" не выходзіць без яго прасякнутай тонкім адчуваннем жыцця лірыкі. Здаецца ён, нібы мастак, спачатку падбірае фарбы, а ўжо потым, умела змешваючы іх, піша свой твор. І не важна, што не на палатне маслам, насычанасць колераў ад гэтага не губляецца. З боку цяжка сказаць, колькі дзесяцігоддзяў выношваў у душы сваю паэзію Юрый Раманавіч, але радасна, што ён нарэшце, як трапяткой птушцы, даў ёй волю. Ацаніць адметнасць аўтара ў той дзень змаглі ўсе прысутныя, нягледзячы на тую сціпласць, з якой наш зямляк выйшаў да мікрафона.
Юбілейным можна назваць наступны блок, у які адасобіла Лілія Віктараўна А.І.Дылеўскага, В.Ф.Худаўца і Т.К.Цвірка – яны адзначылі сёлета свае асабістыя важныя даты: 75-годдзе, 60-годдзе і паўвекавы юбілей. Аляксандр Іосіфавіч перад тым, як прачытаць адпаведны моманту верш, падкрэсліў, наколькі важна з годнасцю і гонарам падыходзіць чалавеку да ўласных юбілеяў. Яго паэтычныя радкі, напоўненыя мудрасцю, дакладнымі, трапнымі рысамі нашай паўсядзённасці, якія многімі так і застаюцца незаўважанымі з-за мітуслівасці і павярхоўнасці ўспрымання жыцця, прымушаюць задумацца як дарослых, так і дзяцей над простымі, але важнымі рэчамі. "Пачаць пісаць ніколі не позна!" – заўважыла на прыкладзе аўтара з багатай на таленты Морачы пасля яго выступлення старшыня літаб'яднання. Хочацца дадаць: калі пісаць так, як Аляксандр Іосіфавіч!
"Таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім" было сказана ў той дзень у адрас В.Ф.Худаўца, і паўтарыць гэта не лішнім будзе яшчэ не раз. За што б ні браўся Віктар Фёдаравіч, ён робіць гэта цалкам аддаючыся справе, мэтанакіравана ідучы да яе завяршэння. І не мае значэння, якая ў выніку – матэрыяльная ці духоўная – рэч атрымаецца, на кожнай можна ставіць знак якасці. Творца, аднаго з літаб'яднаннем узросту, не раскрываў сваіх сакрэтаў, але заклікаў аддавацца таму, чаго просяць душа і сэрца, не саромецца сваіх вершаў, ісці да свайго слухача. Ён наогул упэўнены, што вершы пішуць усе людзі, толькі не ўсе ў гэтым прызнаюцца.
Яшчэ адна юбілярка, Т.К.Цвірка, акрамя вершаў, да стварэння якіх у яе ўжо даўно склаўся прафесійны падыход (таму і прынята ў Саюз пісьменнікаў!) і якімі яна здольна зачараваць любога, прыемна здзівіла сваіх паплечнікаў і прысутных нядаўна ўбачыўшым свет уласным зборнікам прозы "Слодыч мяты – горыч палыну", дзе можна знайсці аповесць "Волечка", што ў свой час друкавалася ў часопісе "Маладосць", а таксама апавяданні, напісаныя ў розныя гады. Навінку з аўтографам аўтар перадала раённай цэнтральнай бібліятэцы і нашай рэдакцыі. А прысутныя ў якасці падарунка атрымалі ад Таццяны Канстанцінаўны, для якой была і застаецца "паэзія – госця жаданая", вершы.
Кожнаму юбіляру Л.В.Мялешка прачытала вершаванае прысвячэнне.
Святлана Іванаўна Стромская піша вершы ўжо чвэрць стагоддзя, таму таксама можа лічыць, што сёлета ў яе жыцці юбілей – творчы. Далёка не кожны пацыент райбальніцы, якому прызначана займацца лячэбнай фізкультурай, звяртаючыся да строгай медыцынскай сястры, здагадваецца, якое ў яе мяккае сэрца і наколькі паэтычнымі могуць быць думкі. Вершы для яе – той сусвет, у якім яна раскрываецца з іншага боку, дзе, як у космасе, перамешаны глыбіня і вышыня, бездань і прастора. Прачытаны былі толькі два, але і яны сведчылі аб незвычайным адчуванні свету, промнямі якога напоўнена і само імя гэтай аўтаркі.
Самым лепшым момантам любога мерапрыемства з'яўляецца экспромт. У той дзень такім загадзя неспланаваным элементам дзеі стала само чаргаванне знаёмства прысутных з аўтарамі. Па прызнанні Ліліі Віктараўны, ніякіх намёткаў сцэнарыя прадстаўлення сваіх таварышаў па пяры яна не рабіла. Але ж як лагічна і дарэчы аказалася завяршальнае выступленне Галіны Іосіфаўны Плакса-Нупрэйчык, яшчэ аднаго члена Саюза пісьменнікаў з ліку нашых землякоў. Першы прачытаны верш яна прысвяціла Францыску Скарыне, другі – Клецку-юбіляру. Галіна заўсёды з вялікай адказнасцю ставіцца да працы са словам, што ў выніку становіцца дасканалым вершаваным творам. Паэзію яна нясе ў сабе праз усё жыццё і, нягледзячы на тое, што мае зусім не рамантычную і далёкую ад літаратуры прафесію, любіць усёй душой. Падобна на тое, што гэта ўзаемна.
У той дзень сабраўся няпоўны склад літаб'яднання, аднак паэтычныя сустрэчы на гэтым не скончыліся – Святлана Гарбуз прадставіла двух маладых аўтараў, ужо знаёмых і чытачам нашай газеты: Кацярыну Заруцкую і Вадзіма Крука. Апошні, дарэчы, не абмежаваўся вершам, а прапанаваў уласнага выканання аўтарскую песню, музыку да якой напісаў Сяргей Галубкоў. Свае музычныя віншаванні ў той дзень дарылі таксама Алег Матусевіч, Марыя Бандарык, Сяргей Дучынскі.
У кожнага з удзельнікаў мерапрыемства яно пакінула свае ўражанні, а ў "голасаўцаў" на памяць аб ім засталіся памятные сувеніры ад "Да новых перамог", якія, трэба спадзявацца, будуць спрыяць палёту творчай думкі і натхняць на стварэнне новых вершаў і прозы, што робяць і нашу газету ў тым ліку больш разнастайнай і самабытнай.
Жанна Гардзіевіч.
Фота Яўгеніі Семянчук.
(Працяг тэмы на 6-й стар.).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *