Арыенцір

Ёсць такія паняцці: "класіка" і "ідэал". Слова "класіка" мне падабаецца: класіка ў модзе (Коко Шанэль, Вячаслаў Зайцаў), класіка ў канструіраванні (Леанарда, Тупалеў, Міль), класіка ў музыцы (Бетховен, Чайкоўскі, Дэбюсі), класіка ў літаратуры (Шэкспір, Мальер, Жукоўскі, Пушкін). Цікава, што межы асэнсавання слова "класіка" – не аднойчы і, назаўсёды зададзеныя: ужо сталі класікай і джаз, і рок. Класічнымі з'яўляюцца шматлікія кампазіцыі "Beatles", ды і наш Караткевіч, здаецца, цягне на званне класіка сусветнай літаратуры, што надзвычай прыемна – і Беларусь-такі чагосьці варта.

Слова "ідэал" мне падабаецца крышку менш, асабліва, калі гаворка ідзе аб жывых людзях, бо ўсе мы - людзі грэшныя, адзін Бог святы. Ну, і пэўна ж, цяжка вытрымаць пастулат Чэхава "в человеке должно было всё прекрасно – и лицо, и одежда, и душа, и мысли".

Тым не менш, бывае, што сустракаюцца нам на жыццёвым шляху такія чалавечыя экзэмпляры, аб якіх думаецца не проста ў найвышэйшых ступенях, а якраз з выкарыстаннем абодвух гэтых паняццяў – "класіка" і "ідэал".

Я люблю многіх людзей. Я іх паважаю, я імі захапляюся. Але яна – адна з нямногіх, каго я лічу недасягальнымі. І перш за ўсё ў прафесіі. Яна – настаўнік мовы. Вельмі дзіўна, дарэчы, што яна стала тым, кім ёсць. Бо пачынала жыццёвы шлях піянерважатай. І была адной з лепшых важатых у раёне. І Ліскаўская школа ў той час славілася сваімі найлепшымі справамі ў межах раёна – між іншым, шмат у чым дзякуючы ёй. А яна – вясёлая, радасная, худзенькая, прыгожая (вочы, як зоры, прычоска – воблачка пышных цёмных валасоў) уратвала сваёй энергіяй, нястомнасцю і цэлым фантанам ідэяй. Ёй усё было цікава. Яна аб усім хвалявалася. Адным словам, яна была з той пароды, пра якую спявалася ў адной яркай песні таго часу "Мне до всего есть дело". Яе любілі не толькі ў школе, яе цанілі і ў РК ЛКСМБ, і ў РАНА. Мабыць, ужо тады яна апынулася ў рэзервных спісах…

Два разы я яе не зразумела. Першы раз – калі яна перайшла з пасады Ліскаўскай важатай на пасаду Тучанскага завуча. Дый не адна я – шмат тых, хто яе ведаў: ну, пасля важатай – лагічна – арганізатарам у Ліскаве. А там ужо як Бог дасць. А завучам…Ды ў Тучы… Ой-ёй-ёй… Як мы ўсе табе спачувалі, Жэнечка…

Аднак не прайшло і двух гадоў, як да яе пачалі ездзіць па вопыт – нават з гарадскіх школ. І тады я пачула ад людзей:

- Яўгенія Мікалаеўна!

Не проста Жэня Гарбанюк, Яўгенія Мікалаеўна Анікей – завуч, да якога ўжо едуць вучыцца, шукаюць дапамогі і парады.

Другі раз я яе не зразумела, калі яна (на мой погляд раптоўна) перайшла з РК прафсаюза ў навабуд – СШ № 3. Проста радавым настаўнікам. Мне спатрэбілася (зноў жа!) пару гадоў, каб асэнсаваць, якім правільным быў гэты крок. Яна аказалася класным настаўнікам – проста супер! А яшчэ цудоўным класным кіраўніком. Дзеці хадзілі за ёю табуном, радасна ўслухваючыся ў кожнае слова, пільна ўглядаючыся ў яе гіпнатызуючыя вочы чалавека, так беззапаветна ўлюбёнага ў родную мову, што побач з ёю немагчыма было застацца раўнадушнай.

Сёння яна на пенсіі. Як быццам бы можна расслабіцца. Тым болей, што і са здароўем не ўсё добра. І цяжка хварэе муж – ужо на працягу некалькіх гадоў. Ды ўсё ж такі і цяпер Яўгенія Мікалаеўна жыве актыўна жыццём: у яе шмат вучняў (і нават нейкія выпадковыя, бывае, забрыдаюць), ёй проста тэлегрануюць – атрымаць кансультацыю. Яна нікому не адмаўляе – ну, такое вялікае сэрца ў гэтага чалавека!.. Яна паспявае і на службу ў царкве, і на сустрэчу ў школе, і на размову з суседкамі па пад'ездзе, і на два словы са старым знаёмым на вуліцы – на ўсё хапае ў яе часу. І гэта зусім не дзіўна: сістэма чалавечых стасункаў для яе такая лагічная! Бо такім быў закон яе дома. І мама, і тата заўсёды трымалі дзверы адчыненымі. Кожнаму госцю – увага, кожнаму суседу – дапамога. Адным словам, яна атрымала сапраўднае якаснае выхаванне. Таму і сама стала сапраўдным педагогам.
Сказаць, што вучні яе любяць - азначае нічога не сказаць. Рэдка можна ўбачыць, каб дзеці так паважалі, абагаўлялі настаўніка. Яе ўрок – не толькі сума ведаў па любімым прадмеце і нават не толькі магутны выхавальны зарад. Гэта згустак эмацыянальнага і рацыянальнага, гэта жывыя і цёплыя зносіны. Сорак пяць хвілін граматыкі, памножанай на этыку, сплаў літаратурных вобразаў і ўласнага жыццёвага вопыту. А самае галоўнае – любоў да дзяцей і высокае педагагічнае майстэрства. Узрост дзяцей – не мае значэння. Іх інтарэсы – не маюць значэння. Прафесійныя запыты – не маюць значэння! І ў "фізікаў", і ў "лірыкаў" на ўроках Яўгеніі Мікалаеўны аднолькава ўважлівыя вочы. У выразе тварыкаў – шчырая зацікаўленасць і радасць адкрыцця. Яе вучні – не пасіўныя паглынальнікі інфармацыі, яе ўрокі прывучаюць да самастойнасці і розуму, робяць актыўнымі супрацоўнікамі, якія ідуць шляхам пазнання і самапазнання.

А цяпер яшчэ раз пра тэрміны "класіка" і "ідэал". Пэўна, гэта цудоўныя паняцці, прыгожыя, высокія, сур'ёзныя, адказныя словы. І ўсё ж такі ад іх вее халадком недасяжнасці. Мая гераіня – чалавек, які не толькі спалучае ў сабе вышэйпамянёвае, яна яшчэ – чалавек абсалютна жывы і сапраўдны. Яна ходзіць па зямлі, а не стаіць на п'едэстале. Яна па ўсіх параметрах заслугоўвае таго, каб браць з яе прыклад. Для сваіх вучняў яна з'яўляецца жыццёвым арыенцірам на шмат гадоў і пасля выпуска – у прафесіі, у паводзінах, ва ўваемаадносінах, у стаўленні да жыцця, у цярпенні і мудрасці.

Як ёй удаецца быць заўсёды цікавай і новай? Як яна ўсё жыццё ўмела балансаваць паміж прафесіяй і бытам, паміж штодзённай руцінай і высокім палётам мары? Як магла працаваць у строгім рэчышчы праграмы – і ў той жа час быць творцам, неардынарнай асобай, якая мае свой погляд на рэчы, уласную ацэнку падзей і асобаў? Адкуль у ёй такое спалучэнне рамантычнай узнёсласці, строгай разважлівасці, жыццёвай мудрасці?

Сакрэт…

Лілія Мялешка, г.Клецк.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *