Артыстка з народа

Родны кут заўжды мае чароўную сілу. І скрозь гады, куды б нас ні закінуў лёс, ніколі не парвецца душэўная сувязь з мясцінамі, дзе прайшло маленства.

-- Свае першыя крокі, -- расказвае Яўгенія Піліпеня, – я зрабіла ў вёсцы Залессе на Віцебшчыне. І хоць маё дзяцінства нельга назваць бясхмарным і бесклапотным, але і цяпер кожная дробязь таго часу ажывае ў маёй памяці, хвалюе, як і тады.

Нарадзілася Яўгенія Ніканаўна ў сям'і калгаснікаў. Мама доўга хварэла і рана пайшла з жыцця. Бацька – Нікан Андрэевіч Аўдзеенка, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны – застаўся верным свайму каханню да любімай палавінкі і не пажадаў прывесці ў хату мачаху для сваіх дзяцей. Калі старэйшая сястра Галя выйшла замуж, Жэня ўзваліла ўсе дамашнія клопаты на свае неакрэплыя плечы. Яна даглядала меншага браціка Ваню, гатавала ежу, пасвіла жывёлу, шчыравала ў агародзе. У вольны ад заняткаў час працавала ў калгасе: разам з дарослымі жанчынамі грабла ў лузе сухое сена, палола пустазелле на палетках.

Калгасніцы пастаянна спявалі беларускія і рускія народныя песні. Дзячынка спачатку, затаіўшы дыханне, лавіла кожнае слова, кожны вобраз, слухала гэтыя чароўныя мелодыі, а затым, асмеліўшыся, падхоплівала іх сваіх чыстым, звонкім галаском.

- Сапраўдная артыстка расце, – цешыліся вяскоўцы. – Усе маміны здольнасці ўвабрала ў сябе сірацінка. Шкада, што не чуе і не радуецца Марына…

А ў юнай спявачкі ўжо быў назапашаны пэўны вопыт сольнага выканання песень. Гартаючы ў памяці старонкі свайго дзяцінства, Яўгенія Ніканаўна нагадала цікавы выпадак: "Неяк у пачатковай школе ішла рэпетыцыя мастацкай самадзейнасці. Рыхтаваліся да святкавання надыходзячага Новага года. Я тады вучылася ў першым класе. Без запрашэння праціснулася ў пакой, дзе рыхтаваліся да свята, каб паслухаць, як спяваюць "артысты". У чацвертакласніцы Каці не атрымлівалася правільна выканаць прыпеўкі.

- Дазвольце мне праспяваць! – на ўсю моц выгукнула я. Мне дазволілі. Маё выкананне выклікала буру апладысментаў".

З таго часу Жэня пачала актыўна ўдзельнічаць у мастацкай самадзейнасці. У Веляшковіцкай дзесяцігодцы, у якой яна працягвала вучобу пасля заканчэння пачатковай школы, дзяўчынка ўдзельнічала ў хоры, выконвала сольныя нумары. Настаўнікі не сумняваліся, што іх выпускніца абавязкова звяжа свой лёс з музыкай і песняй.

У чэрвені 1971 года Жэня атрымала атэстат сталасці. Перад дзяўчынай адчыніліся дзверы ў самастойнае жыццё. Мары клікалі яе ў далёкія далі: адна з іх – стаць настаўніцай, другая – спявачкай. Але мары часта ўступаюць месца рэчаіснасці, якая не дазваляе хутка ім ажыццявіцца. У сувязі з матэрыяльнымі цяжкасцямі вучыцца ў горадзе працяглы час Жэня не магла. Трэба было хутчэй, як кажуць, зарабляць свой хлеб, каб не толькі забяспечваць сябе, але і дапамагаць сям'і. І жыццёвая дарога прывяла дзяўчыну ў г.Віцебск, дзе яна паступіла ў ГПТВ-29. Праз год скончыла вучобу. Калі праходзіла практыку па спецыяльнасці на швейнай фабрыцы "Сцяг індустрыялізацыі", яе набытыя веды і навыкі ацанілі на "выдатна" за кемлівасць, лоўкасць і стараннасць. Прапанову застацца працаваць на прадпрыемстве швачкай Яўгенія прыняла з радасцю. Яна хутка ўлілася ў калектыў і заслужыла павагу не толькі за сумленную працу, але і за актыўны ўдзел у мастацкай самадзейнасці. Задушэўныя беларускія народныя песні, якія ўзнёсла гучалі ў выкананні маладой прыгожай салісткі, зачароўвалі слухачоў, узнімалі іх настрой.

Здаецца, фартуна павярнулася да Яўгеніі сваім тварам: радавалі працоўныя дасягненні, значны па таму часу заробак, паспяховыя выступленні на сцэне… І ўсё ж поўнага задавальнення ад свайго становішча яна не адчувала. Любоў да музыкі, да народных песень не давала спакою. Дзяўчына разумела: каб рэалізаваць свае музыкальныя здольнасці, трэба вучыцца.

У 1976 годзе хор швейнай фабрыкі быў вылучаны для прысваення звання "народны". Ацаніць мастацкія вартасці самадзейнага калектыву прыбыла камісія з Мінска на чале з Г.І.Цітовічам. Яе вывады былі станоўчыя. Асабліва Генадзю Іванавічу спадабалася выступленне салісткі хору Яўгеніі Піліпені.
- Дзяўчына, – сказаў маэстра, -- едзь у Мінск і паступай у музычнае вучылішча імя Глінкі на аддзяленне народных харавых спеваў. Цябе чакае выдатная перспектыва.

Парада тонкага знаўца фальклору, прафесара, кіраўніка знакамітага народнага хору здзейсніла круты паварот у жыцці Яўгеніі Піліпені. У 1976 г. яна паступіла ў прэстыжную навучальную ўстанову, якую паспяхова скончыла. У таленавітага маладога спецыяліста была магчымасць працаўладкавацца ў Мінску, але Яўгенія выбрала палескую вёску Морач, даведаўшыся, што там на працягу амаль дзесяці гадоў няма пастаяннага кіраўніка народнага хору. У такіх умовах, вядома, павышаць майстэрства, пашыраць і абнаўляць рэпертуар было праблематычна.

У жніўні бягучага года Яўгенія Ніканаўна адзначыць 30-гадовы юбілей сваёй працы ў якасці кіраўніка Морацкага народнага хору. Аб гэтым творчым калектыве мае артыкулы публікаваліся ў перыядычным друку, у тым ліку і ў раённай газеце. Паўтарацца не буду. Адзначу толькі, што рэпертуар хору пастаянна абнаўляецца, яго выканаўчае майстэрства расце. Марачане паспяхова ўдзельнічаюць у раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных фестывалях народнай творчасці, у справаздачных канцэртах Мінскай вобласці, у святах "Дажынкі" і заўсёды прывозяць дыпломы і каштоўныя падарункі. Безумоўна, у такіх значных дасягненнях гэтага творчага калектыву заслуга, у першую чаргу, яго кіраўніка. Пытаю ў Яўгеніі Ніканаўны:

- Калі б Вы засталіся працаваць у сталіцы, то з Вашым талентам, магчыма, ужо былі б народнай артысткай Беларусі.

- Скажу вам у рыфму (усміхаецца): для мяне вышэйшая ўзнагарода, што артыстка я – з народа. А калі гаварыць сур'ёзна, то розных заахвочванняў у мяне шмат: гэта Ганаровыя граматы розных узроўняў, медаль Францыска Скарыны, і ў 1998 г. уручыў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, а ў 2008-ым мне прысвоена ганаровае званне "Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь". Хачу адзначыць, хоць і прагучыць банальна, што ўсе свае ўзнагароды я раздзяляю з удзельнікамі хору, з былымі і цяперашнімі кіраўнікамі мясцовай гаспадаркі і сельскага Савета, з усімі людзьмі, якія мяне падтрымліваюць у цяжкія хвіліны. Назаву некаторых з іх. Гэта Аляксандр Дылеўскі, Анатолій Бойка, Аляксандр Філіпчанка, Іосіф Рамашка (светлая яму памяць), Марыя Майсак. Нам пашанцавала і на дырэктара СДК Уладзіміра Снарскага – таленавітага музыканта і спевака, самадзейнага кампазітара. Калі такія людзі побач, то хочацца жыць і працаваць.

- Якія Вашы планы на будучае?

- Я пераканана, што харавы калектыў зможа жыць толькі ў тым выпадку, калі любоў да песні будзе прывівацца з дзяцінства. На змену дзядулям і бабулям, татам і мама павінны прыйсці іх нашчадкі. Ужо прайшло 17 гадоў з таго часу, калі пры мясцовай школе мы стварылі дзіцячы ансамбль народнай песні "Марачаначка". Гэта мой гонар. Юныя спевакі ўдзельнічаюць у рэспубліканскіх конкурсах. Ансамбль з трыумфальным поспехам выступаў у нямецкім горадзе Таргау ў час правядзення ўрачыстасцей, прысвечаных сустрэчы амерыканскіх і савецкіх войск на Эльбе ў красавіку 1945 года. Там юныя выканаўцы атрымалі Ганаровую грамату "Еўрапейскія сустрэчы" і каштоўныя падарункі . У 1997 г. ансамблю "Марачаначка" прысвоена ганаровае званне "Узорны". Буду і надалей працаваць з гэтым творчым дзіцячым калектывам, рыхтаваць рэзерв для папаўнення народнага хору.

- Вашы захапленні. Чым займаецеся ў вольны ад работы час?

- Для гэтага мне спатрэбілася вучоба ў прафесіянальна-тэхнічным вучылішчы. Займаюся шыццём і вязаннем. Люблю садзіць і даглядаць кветкі.

- Калі ў Вас бываюць самыя радасныя моманты ў жыцці?

- Тады, калі прыязджае з Мінска дачка Ірына з маім любімым унучкам Антошам – непаседлівым, дапытлівым, разумным хлопчыкам, якому споўнілася 3 гады.

- Дзе працуе дачка?

- Яна скончыла БАТУ, выйшла замуж і працуе ў РУП "Інстытут мясной і малочнай прамысловасці".

- Ці выконваеце Вы грамадскую работу?

- Так, некалькі скліканняў запар з'яўляюся дэпутатам сельскага Савета і членам выканкама. Адчуваю вялікае задавальненне, калі прыношу якую-небудзь карысць людзям.

Аляксандр Жукоўскі, няштатны карэспандэнт раённай газеты.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *